Фота: тэлеграм-канал Антона Матолькі

У Дзень Волі Алена Аляксееўна накінула сцяг на плечы і выйшла на лаўку каля дома. Яе гісторыю запісаў праект «1906».

«Сяджу, думаю: як людзі будуць рэагаваць, што я са сцягам. Адзін мужчына павіншаваў: «Са святам!» Другі сказаў грэбліва: «Сядзіць з нейкім сцягам». А пасля — чатыры міліцыянты. Я сабралася ісці дадому — а яны не пускаюць мяне. Кажу: «Я есці хачу, пусціце».

Пасля прыехала шэсць міліцыянтаў у аўтобусіку і павезлі мяне ў Кастрычніцкае РУУС. Я расказвала ім: «Я ж нічога дрэннага не рабіла, памінала тых людзей, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі».

Дадала: «Лукашэнка прысягу прымаў пад бел-чырвона-белым сцягам». «Ну тады іншага не было», — запярэчылі мне. 

Я кажу: «Праз два гады, калі буду жывая, буду героем Беларусі».

Яны склалі пратакол: што я без дазволу гарвыканкама пікетавала.

Пасля ўчастковы павёз мяне дадому. Пытаўся: «Дзе ўзяла сцяг?» Кажу: «Мне яго падарыў райвыканкамаўскі работнік». Просіць: «Падарыце мне». Адказваю: «Я гэты сцяг нікому не аддам!».

Пазней, кажа, даведалася, што заклаў яе мужчына, які пражывае ў іх доме.

12 красавіка міліцыянты зноў прыйшлі да жанчыны — паведаміць, што ёй трэба ў суд. Алена Аляксееўна засталася дома — баялася, што праз хворыя ногі проста не дойдзе. А праз колькі дзён атрымала ліст з судовым рашэннем: ёй выпісалі штраф у 1920 рублёў.

«Мой унучаты пляменнік пазычыць грошы, і заплацім, каб за месяц паспець і пені не было. Бо ў самой мяне такіх грошай на руках няма, я адзінокая», — уздыхае Аляксееўна.

Яна нарадзілася ў 1943 годзе.

«Мы жылі на Старажоўцы, на Крапоткіна. У маі 1943 года руская лётчыца кінула бомбу і трапіла ў барак. Бабулі руку адарвала, і яна памерла. А маці была цяжарная мной, і я, сямімесячная, нарадзілася раней за час», — расказвае жанчына.

У 19 гадоў яна паступіла ў «ін’яз». У гэты ж год яе разам з іншымі студэнтамі адправілі на бульбу — пасля той паездкі жанчына на чатыры месяцы трапіла ў бальніцу.

«Я гарадская — не надта ўмела тую бульбу выбіраць, у свіран папрасілася. Там чатыры дзяўчыны патрэбны былі машыну зярном загрузіць. А мяшкі ж па 100 кілаграмаў. Я пасля гляджу і разумею, што амаль не бачу. Пайшла ў оптыку, доктар мяне паглядзела і адразу накіравала ў бальніцу. У мяне здарылася адслаенне сятчаткі. Дзве аперацыі пасля было, вока перастала бачыць.

Дактары толькі лёгкую працы дазволілі. І нараджаць тады было нельга».

Замуж Алена Аляксееўна так і не выйшла.

Дзясяткі гадоў яна адпрацавала тэхнічным сакратаром у газеце «Звязда», толькі два гады таму, у 76 гадоў, звольнілася — здароўе зусім падвяло, абвастрыўся артроз суставаў.

У цяжкія часы, калі незалежную прэсу выкідалі з «Белсаюздруку», Алена Аляксееўна таксама дапамагала разносіць газеты падпісчыкам. У сваім раёне, у Курасоўшчыне, нягледзячы на кепскі зрок і хворыя ногі.

Да бел-чырвона-белага сцяга ў яе асаблівыя пачуцці.

«Я калі першы раз пабачыла яго, плакала. І так, як убачу яго дзе — наогул не магу, раву. У жыцці б я не падумала, што столькі сцягоў будзе, калі гэтыя маршы праходзілі — ай-ай-ай!» — згадвае ўражанні Алена Аляксееўна.

«Маё пажаданне, каб вы ў інтэрнэт перадалі: што старая жанчына ў 78 гадоў 25 Сакавіка выйшла са сцягам на лаўку. Што такія ёсць», — просіць яна. І спадзяецца, што ў яе хопіць здароўя дажыць да наступнага мора бела-чырвона-белых сцягоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру