Святлана Ціханоўская. Фота з афіцыйнага тэлеграм-канала палітыка

Святлана Ціханоўская. Фота з афіцыйнага тэлеграм-канала палітыка

У тых шматлікіх беларусаў, якія не прымаюць узурпацыі ўлады Аляксандрам Лукашэнкам і фашызацыі краіны, ужо больш за паўтара года ёсць фактычна афіцыйнае прадстаўніцтва ў эміграцыі — Офіс Святланы Ціханоўскай. З’ява гэтая ў нашай гісторыі дастаткова неардынарная, бо Офіс не існуе як нешта само ў сабе, чым часта грашаць розныя эміграцыйныя псеўдапалітычныя структуры, а праводзіць актыўную дзейнасць і нават дабіваецца пэўных поспехаў на міжнароднай арэне. Няшмат засталося на Захадзе ўладных кабінетаў і форумаў, да якіх Ціханоўская за гэты час не здолела хоць бы раз дастукацца і атрымаць цёплы прыём.

У той жа час даволі прыкметная і іншая тэндэнцыя — жаданне пэўных сіл і саму Ціханоўскую, і яе каманду ўсялякімі спосабамі дыскрэдытаваць ці, кажучы модным цяпер словам, захэйціць.

Дастаткова наведаць матэрыял пра дзейнасць Ціханоўскай у публічным акаўнце любога беларускага СМІ з магчымасцямі каментавання — і мы пабачым шквал негатыўных, часта адкрыта абразлівых каментароў. Ладная частка з іх яўна належыць адмыслова навучаным і праплачаным тролям і ботам, але несумненна, што сярод крытыкаў ёсць і жывыя людзі, якія шчыра намагаюцца з самымі найлепшымі намерамі «ўтапіць» Ціханоўскую і нават не хаваюцца пад псеўданімамі.

Сярод гэтых хэйтараў ёсць і людзі, у Беларусі вядомыя і перад ёй заслужаныя. Вось, напрыклад, у нядаўнім інтэрв’ю аднаму з украінскіх тэлеканалаў лідар нацыянальнага руху ў пачатку 1990-х гадоў, з далёкага 1996 года палітэмігрант Зянон Пазняк спрабуе сфармаваць негатыўны вобраз Ціханоўскай у вачах украінцаў, выстаўляючы яе расійскай марыянеткай:

«У Беларусі рускія змаглі стварыць, і Лукашэнка гэтаму неяк спрыяў, прарасійскую апазіцыю. І вось гэтая прарасійская апазіцыя, якая выстаўляе наперад Ціханоўскую, Латушку, вось яны і стараліся, каб такія санкцыі ўвялі. Цяпер, калі пачалася вайна, гэтыя санкцыі нічога новага не дадаюць, яны толькі ўмацоўваюць саюз Пуціна і Лукашэнкі».

Акурат абвінавачванне ў «прарасійскасці» — найбольш папулярнае, хадавое сярод крытыкаў Ціханоўскай з боку «нацыянальнага лагера». Хоць гучыць яно даволі дзіўна, улічваючы, што Ціханоўская адразу пасля пачатку расійскай агрэсіі адкрыта і недвухсэнсоўна выступіла ў падтрымку Украіны, прадстаўнікі яе каманды нядаўна ездзілі ў Кіеў, а цяпер збіраюцца там стварыць і пастаяннае сваё прадстаўніцтва.

Праўда, увогуле «зменавехаўства» ў палітыцы — з’ява нярэдкая, і можна згадаць шмат прыкладаў, калі пад уплывам пэўных абставін палітычныя дзеячы кардынальна мянялі сваю арыентацыю — ці шчыра, ці кан’юнктурна — аж да процілеглай. Толькі ці гэта выпадак Ціханоўскай?

Ці сапраўды Ціханоўская і яе Офіс былі яшчэ нядаўна ўшчэнт прарасійскія, а цяпер экстранна перафарбаваліся ці, як папулярна казаць, «пераабуліся ў паветры»? У чым увогуле крытыкі Ціханоўскай бачаць яе «прарасійскасць»?

Ці можа Пуцін быць «мудрым»?

Як правіла, практычна ва ўсіх гнеўных філіпіках на адрас лідаркі беларускага дэмакратычнага руху абавязкова ўсплывае адзін смяротны грэх — што яшчэ ў верасні 2020 года яна ў інтэрв’ю расійскаму выданню РБК назвала Пуціна «мудрым» чалавекам і кіраўніком, які, маўляў, разумее, хто такі Лукашэнка, разбіраецца ў сітуацыі ў Беларусі і не дасць Лукашэнку сабе ўвесці ў вушы непраўдзівую версію падзей. Да таго ж ён, маўляў, «разумее, што апазіцыя Беларусі гатовая да размовы з ім» і «нічога не мае супраць Расіі».

Нягледзячы на тое, што і Ціханоўская, і яе паплечнікі як тады, так і пасля давалі зразумець, што гэтыя словы — дастаткова рытуальныя дыпламатычныя выразы, якія ні да чога нікога не абавязвалі і не абавязваюць, крытыкі за гэта ўхапіліся і ўжо другі год актыўна гэтыя фразы на ўсе лады мусоляць. Чамусьці са зразумелых толькі ім меркаванняў лічачы, што з усіх шматлікіх выказванняў Ціханоўскай менавіта гэтыя словы — шчырыя, а вось усе астатнія, у тым ліку і вельмі крытычныя ў дачыненні да Масквы і яе кіраўніцтва, якіх было вельмі шмат — не.

Хоць на самай справе само тое, што Ціханоўская ў жніўні 2020-га выехала не ў Маскву, а ў Вільню і з таго часу мела адносіны выключна з палітычнымі структурамі і палітыкамі заходняга свету, карыстаючыся прыёмам і падтрымкай з іх боку, выразна сведчыць пра тое, што той палітычны кірунак, тварам якога яна з’яўляецца — аб’ектыўна празаходні.

І на Захадзе ў гэтым ніхто ніколі не выказваў сумневаў. Як, дарэчы, ніколі не сумняваліся і ў Маскве.

Не давалі б Ціханоўскай у Літве, якая ў Еўрасаюзе заўсёды вылучалася цвёрдай антымаскоўскай пазіцыяй, такую падтрымку, калі б меліся хоць найменшыя падазрэнні ў тым, што яна дзейнічае ў інтарэсах Крамля. І не трэба думаць, што тыя ж літоўскія палітыкі саступаюць у розуме і праніклівасці нашым канапным экспертам, што ў іх няма ніякай разведкі ці што яны не ў стане самі прачытаць тое няшчаснае інтэрв’ю на РБК і зрабіць правільныя высновы, а не нацягваць, як той казаў, саву на глобус. 

Віртуальнае і рэальнае

Карані няспыннай жорсткай крытыкі Ціханоўскай за яе некалі сказаныя ў спецыфічнай сітуацыі дастаткова прабежныя словы — у тым, што апазіцыйная палітыка ў Беларусі шмат гадоў мела збольшага віртуальна-сімвалічны характар. Яе ўдзельнікі мала маглі ўплываць на рэчаіснасць, але ў той жа час мелі дастаткова вялікую свабоду ў выказваннях, асабліва ў тым выпадку, калі знаходзіліся за межамі краіны.

Палітыкі-эмігранты маглі казаць усё, што заўгодна, спаборнічаючы адзін з адным у вербальным радыкалізме — хоць для практычнай справы гэта мела эфект удару пугай па вадзе.

Хоць бы таму, што бескампрамісныя спікеры, як правіла, нікога, апрача сябе ці вузкага кола прыхільнікаў, не прадстаўлялі, не мелі арганізаваных дзейных структур і таму не мелі нават патэнцыйнай магчымасці словы перавесці ў дзеянні. І некаторыя да такой сітуацыі настолькі прызвычаіліся, што сталі ўспрымаць яе як натуральную. Некаторыя па-ранейшаму ў гэтай парадыгме і жывуць, і мысляць.

Але ў 2020 годзе сітуацыя вельмі памянялася, бо спачатку ўсярэдзіне краіны, а пасля на эміграцыі з’явілася Святлана Ціханоўская. У якой не было вялікіх колішніх палітычных заслуг і непамерных асабістых амбіцый, але быў статус папулярнай кандыдаткі ў прэзідэнты, якая паводле ўсіх прыкметаў трыумфальна перамагла на выбарах і толькі праз адсутнасць у Беларусі вяршэнства закона і разгорнуты пасля выбараў тэрор не стала кіраўніцай краіны.

На Захадзе тое, што Ціханоўская не самазванка і за яе плячыма — сапраўды падтрымка калі не большасці, то вельмі значнай часткі насельніцтва Беларусі, цудоўна разумелі.

Таму ўлады Літвы і далі ёй на сваёй тэрыторыі ўсе ўмовы для стварэння паўнавартаснага Офіса, а сама дзяячка стала жаданым госцем як на розных міжнародных форумах, так і ў працоўных кабінетах большасці хоць колькі-небудзь уплывовых дзеячаў заходняга свету. У яе з’явіўся такі важны атрыбут, як статус.

Але статус — такая рэч, якую можна набыць нават выпадкова, дзякуючы збегу абставін, як, уласна кажучы, з Ціханоўскай і адбылося.

Больш важна тое, што яе ўплыў і аўтарытэт не расталі ў паветры і пасля сілавога задушэння пратэснай актыўнасці ў Беларусі, іх удаецца ўтрымліваць хутка ўжо два гады. І гэта ўжо вынік не толькі спрыяльнай знешняй кан’юнктуры, але і дастаткова пісьменнай палітыкі самога Офіса.

У адрозненне ад ранейшых пакаленняў эмігрантаў, Ціханоўская і яе Офіс увесь перыяд свайго вымушанага выгнання займаліся рэальнай, а не віртуальнай палітыкай. Падчас праведзеных імі міжнародных сустрэч і кантактаў дасягаліся рэальныя дамоўленасці, якія аказвалі рэальны ўплыў калі не на сітуацыю непасрэдна ў Беларусі, то прынамсі на тое, што беларуская тэма не здымалася з парадку дня ў свеце. Плюс па магчымасці вырашаліся праблемы тых шматлікіх беларусаў, якія з-за рэпрэсій мусілі пакінуць краіну, што таксама немалаважна.

І само тое, што Ціханоўская са сваім Офісам апошнія амаль два гады з’яўляецца рэальным, а не віртуальным суб’ектам еўрапейскай палітыкі, хай сабе і са спецыфічным статусам, вымагала і вымагае зусім іншых падыходаў.

Радыкалам і мудрацом у віртуальнай палітыцы быць лёгка, бо там можна і паралельную рэчаіснасць ва ўласнай галаве намаляваць. А вось у палітыцы практычнай з рэаліямі лічыцца хоцькі-няхоцькі даводзіцца.

2020-ы — не 2022-гі

З рэаліямі ж так, што яны не статычныя і могуць з часам значна мяняцца. Асабліва гэта актуальна для апошніх гадоў, калі гісторыя заўважна паскорылася.

Ад жніўня 2020 года не прайшло яшчэ і двух гадоў, але гэты перыяд умясціў у сябе столькі падзей і перажыванняў, што здаецца, нібыта часу прамінула ўжо шмат-шмат.

І ўжо нават не верыцца, што ўсяго толькі паўгода таму, не кажучы пра год-паўтара, у рэгіёне і ва ўсім свеце была зусім іншая міжнародная сітуацыя, якая змушала інакш будаваць стратэгію і тактыку.

У той колішняй сітуацыі Расія яшчэ не паспела перайсці ў супрацьстаянні з усім цывілізаваным светам усе «чырвоныя лініі». Хоць адносіны шмат гадоў былі і не найлепшыя, але краіны Захаду мелі з пуцінскай Расіяй палітычныя зносіны, залежалі ад яе эканамічна.

І хоць маральна Захад, вядома, заўсёды быў на нашым баку і аказваў беларускаму дэмакратычнаму руху немалую, і не толькі маральную, падтрымку, уступаць з Расіяй у непасрэднае рашучае геапалітычнае змаганне за Беларусь ён гатовы не быў. Наша краіна ўсё ж такі ўспрымалася як сфера расійскіх інтарэсаў.

І хоць адносна таго, што Лукашэнка мусіць сысці, пазіцыя Захаду была пасля 2020-га дастаткова цвёрдая, адносна таго, як гэта адбудзецца, заходнікі размаўляць з Масквой і ўлічваць яе інтарэсы былі якраз такі цалкам гатовыя.

Стабільнай выглядала і ўнутрырасійская сітуацыя: цяжка было сумнявацца, што запас трываласці пуцінскага рэжыму дастаткова вялікі і ў найбліжэйшы час ён наўрад ці абрынецца. А паколькі ўплыў Расіі на Беларусь ва ўсіх сферах дзякуючы палітыцы, якую паслядоўна праводзіў Лукашэнка ўсе дзесяцігоддзі свайго кіравання, проста гіганцкі, даводзілася хоцькі-няхоцькі гэты фактар улічваць.

Калі ты ведаеш, што без прынамсі нейтральнай пазіцыі Масквы на перамены ў Беларусі разлічваць праблематычна, а рэжым у Маскве наўрад ці хутка зменіцца, то даволі недарэчна без пільнай патрэбы паліць усялякія масты для хоць бы гіпатэтычных з ім кантактаў.

Ну, хіба што толькі гэтае неспаленне мастоў звязвае табе рукі на іншых кірунках і не дазваляе дабіцца практычных, а не сімвалічных дасягненняў на іх.

І вось тут якраз можна задаць пытанне: ці прынесла колішняя стрыманасць Ціханоўскай і яе каманды ў дачыненні да Расіі хоць нейкія рэальныя страты? Можа, з-за дэманстрацыі патэнцыйнай гатоўнасці да дыялогу з Масквой ад Ціханоўскай і яе Офіса адвярнуліся заходнія партнёры, перасталі атрымліваць падтрымку нейкія праекты, стала цяжка стукацца ў розныя міжнародныя дзверы? Ці, можа, з-за нязгоды з падыходамі Офіса распаліся нашы ўнутраныя кааліцыі, ад супрацоўніцтва з Ціханоўскай адышлі нейкія ўплывовыя беларускія сілы, што яго аслабіла? Можа, была страчаная падтрымка ў пратэснай частцы грамадства, якая прагнула рэзкай рыторыкі на адрас Масквы і была падманутая ў сваіх чаканнях?

Дык вось у тым і справа, што тая стрыманасць не паўплывала зусім ні на што. І паўплываць не магла.

Бо насамрэч ніякіх рэальных кантактаў Офіса Ціханоўскай з Крамлём ці тым больш атрымання ад яго фінансавання або падтрымкі ў іншай форме ніколі не было: да іх не праявіла ніякай цікавасці Масква, якая ўжо тады відавочна мела планы не толькі на Беларусь, але і на хуткі захоп Украіны. І захаванне пры ўладзе менавіта Лукашэнкі ў гэтыя планы добра ўпісвалася.

У выніку ўся «прарасійскасць» Ціханоўскай і яе каманды звялася выключна да таго, што ў дачыненні да Расіі ў цэлым і Пуціна асабіста з вуснаў Ціханоўскай і яе паплечнікаў да пэўнай пары не гучала рэзкай рыторыкі, рабіліся заклікі паўплываць на сітуацыю ў Беларусі (не ўвесці войскі ці штосьці падобнае, а проста перастаць аказваць рэжыму Лукашэнкі падтрымку), выказвалася гатоўнасць да кантактаў і камунікацыі, калі Крэмль у сваю чаргу пабачыць у гэтым патрэбу. І ўсё.

Пры жаданні весці тонкія гульні Крэмль, відаць, мог бы сапраўды дыскрэдытаваць Ціханоўскую і яе паплечнікаў, даўшы ў нейкі момант рэальную надзею на тое, што ўнутраныя праблемы Беларусі сапраўды можна вырашыць пры дапамозе Масквы. Можна было пайсці на нейкія кантакты з Офісам, хай не на самым высокім узроўні, даваць нейкія абяцанні, рэгулярна рабіць неадназначныя заявы, якія можна было б трактаваць на карысць апазіцыйных сілаў. І адначасова схіляць Ціханоўскую да нейкіх выразна прамаскоўскіх слоў і дзеянняў, адмаўлення ад пэўных элементаў заходняга вектара на карысць сувязяў з Масквой. То-бок на зацягванне ў сваю пастку.

Пры пэўнай гнуткасці і тонкасці ўсяго гэтага, відаць, было б можна дабіцца. Але Крэмль даўно так не працуе, манера ягонай дыпламатыі — хамская, самаўпэўненая і просталінейная.

Упэўненыя ў сваіх уменнях і здольнасцях вырашаць праблемы выключна грубай сілай і нахабнасцю, расіяне не надта былі схільныя «апускацца» да таго, каб класці яйкі ў розныя кошыкі, рабіць хітрыя шматхадоўкі. Самаўпэўненасць і шапказакідальніцтва іх падвялі, а нам, бадай, пайшлі ў стратэгічным сэнсе і на карысць.

А ў 2021-м і асабліва ў 2022-м сітуацыя кардынальна змянілася, Крэмль перайшоў «чырвоныя лініі».

І калі пытанне стала рубам, то правільны выбар Офісам Ціханоўскай быў зроблены імгненна і яўна без ніякіх ваганняў. Ён і не мог быць іншым. А што ў рэзкасці словаў Ціханоўская і цяпер не імкнецца спаборнічаць з іншымі — то нічога страшнага. У кожнага свой стыль.

 Не секчы сук пад сабою

Тое, што ў нас цяпер ёсць Офіс Ціханоўскай і іншыя арганізаваныя структуры, якія маюць усталяваныя стабільныя кантакты з палітычнымі элітамі краін Захаду — гэта насамрэч наша вялікая перавага. Бо гэта надае нелукашэнкаўскай Беларусі палітычную суб’ектнасць. І ў той момант, калі настане час вырашэння будучыні рэгіёна, гэта можа мець вялікае значэнне.

Бо вось мы самі не стамляемся ўсім і ўсюды тлумачыць, што няправільна атаясамліваць Беларусь і беларусаў выключна з Лукашэнкам. Што

Лукашэнка пасля 2020 года нелегітымны, трымаецца на штыхах, што ягоная рэальная падтрымка сярод беларускага насельніцтва не вельмі вялікая. І што рашэнне Лукашэнкі даць тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны — гэта ягонае асабістае рашэнне, на якое беларускі народ ніяк не ўплываў, бо пры такім рэжыме ў народа насамрэч нічога не пытаюцца ні наўпрост, ні ўскосна. У той жа час ёсць як рэальная з’ява іншая Беларусь, якая паказала свой твар і загаварыла на поўны голас у 2020 годзе, але пасля была рэпрэсіямі закатаная ў асфальт. Тым не менш, цалкам яна не знішчаная і ў пэўны момант скажа сваё слова.

У прынцыпе, нашыя намаганні гэта давесці маюць поспех.

І палітычныя эліты, і грамадствы прынамсі ў многіх заходніх краінах аддзяляюць лукашэнкаўскі рэжым ад беларускага народа ўвогуле і не ставяць паміж імі знаку роўнасці. І зацікаўленыя з нелукашэнкаўскай Беларуссю па магчымасці супрацоўнічаць.

Але для таго, каб гэтыя зацікаўленасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва скарыстаць, трэба, каб гэтая іншая Беларусь мела суб’ектнасць, была арганізаваная. Каб любы палітык ці грамадскі дзеяч на Захадзе і ва ўсім свеце ведаў, чый нумар набіраць, калі яму патрэбна пачуць голас іншай Беларусі, даведацца яе думку, зрабіць ёй як саюзніку нейкія прапановы або некуды ў важнае месца запрасіць.

Што яшчэ важней: ход вайны ва Украіне не выключае, што для нашай краіны і народа неўзабаве можа адкрыцца акно магчымасцяў, складзецца спрыяльная кан’юнктура, каб пераламаць сітуацыю на сваю карысць.

І каб з гэтага акна скарыстацца, патрэбна будзе сярод іншага ўнутраная кансалідацыя праціўнікаў рэжыму як у краіне, так і за яе межамі, гатоўнасць узгоднена дзейнічаць у агульным кірунку. Каб нехта мог у нейкі момант паставіць рубам беларускае пытанне, і гэты голас быў дастаткова моцны, каб быць пачутым.

Вялікая дурасць і палітычная недальнабачнасць — браць цяпер удзел у тым, каб дыскрэдытаваць і тапіць прадстаўнічыя структуры беларускага руху, вылучаныя на свае ролі самім жыццём. Бо трэба разумець, што на змену ім прыйдзе ў цяперашніх умовах не нех(ш)та лепшы(ае), а проста пустата. Ад чаго прайграюць абсалютна ўсе.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Ціханоўская — пра Зяленскага, Пазняка, ліст Макея і хэйт у сацсетках

Святлана Ціханоўская растлумачыла, чаму хоча ўдзельнічаць у перамовах па Украіне

Ціханоўская ў The Economist: Калі б Пуціна і Лукашэнку спынілі ў 2020 годзе, нічога б гэтага не адбылося

«Света — прэзідэнт!» Тысячы людзей сабраліся на беларускае антываеннае шэсце ў Варшаве ФОТА 

Клас
112
Панылы сорам
16
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
7