«Баварыя» ў 10 раз запар перамагла ў Бундэслізе. Фота: AFP

Германія

У гісторыі топавых кантынентальных турніраў ніколі не фіксаваўся вынік, калі адна і тая ж каманда 10 гадоў запар заставалася на вяршыні. Мюнхенская «Баварыя» разбурыла стэрэатып адносна таго, што гэта ў прынцыпе немагчыма. За кошт перамогі над над «Барусіяй» з Дортмунда калектыў Юліяна Нагельсмана апынуўся недасягальным для пераследвальнікаў. І, абараніўшы тытул, акругліў ягоную серыйную колькасць для «рэкордмайстара».

Адначасова ў гісторыю клуба ўвайшоў і Томас Мюллер. Для паўабаронцы трыумф з «Баварыяй» стаў 11-м у кар'еры — такога Бундэсліга таксама ніколі не бачыла. Плюс варта прыгадаць Кінгслі Камана: 25-гадовы хаўбек заваяваў 25 трафей у кар'еры!

Прычым дзесяць год запар ён здабывае выключна золата ў розных першынствах — французскай Лізе 1, італьянскай серыі «А» ды нямецкай Бундэслізе.

Францыя

Пра тое, што «Пары Сэн-Жэрмен» стане чэмпіёнам, упэўнена казалі яшчэ да пачатку першынства. Недарма ж да зорнага форварда Неймара кіраўніцтва каманды ўлетку далучыла не менш зорнага паўабаронцу Ліянэля Месі. І хай сабе топ-футбалісты часцютка прапускалі матчы з-за пашкоджанняў ды не вельмі сур'ёзна выкладаліся ў матчах Лігі 1, ПСЖ місію выканаў.

Для сталічнага клуба тытул стаў юбілейным, 10-м. А вось культавы аргенцінскі гулец здабыў 39-ю найвышэйшую ўзнагароду. Да паўтарэння абсалютнага рэкорду ўсіх часоў, што належыць бразільцу Дані Алвесу, застаецца ўсяго сем трафеяў.

Дадамо, што на клубным узроўні Месі ўпершыню здабыў узнагароду за межамі Іспаніі, бо ўсю сваю папярэднюю кар'еру ў Еўропе правеў у шыхтах «Барселоны».

Іспанія

Фінал Кубка Караля між «Валенсіяй» ды «Бецісам» завяршыўся варыянтам, максімальна драматычным з усіх магчымых — серыяй пенальці. Латарэя прынесла поспех «агуркам», якія не здабывалі гэтую ўзнагароду ажно з 2005 года.

Цікава, што з тых часоў у іх складзе заставаўся гулец, які спрычыніўся і да поспеху 2022-га. Размова пра 40-гадовага капітана Хаакіна Санчаса — чалавека, што з'яўляецца сапраўдным сімвалам клуба. Паўбаронца носіць пачэсны тытул валадара найбольшай колькасці матчаў за «Беціс» увогуле (493), у вышэйшай іспанскай лізе (381) і ў еўракубках (33).

Аднак больш за ўсё яго любяць за шчырасць — не толькі футбольную, але і чалавечую. Колькі год таму на трэніровачных зборах ён прапусціў адну з кантрольных сустрэч.

І на пытанне журналістаў, з якой прычыны, адказаў без эківокаў: «Пахмелле. Напярэдадні пасядзеў з сябрамі за келіхам віна і крыху перабраў. Ну а што, я ўжо не маладзён, каб спачатку годна піць, а пасля шмат бегаць».

Застаецца спадзявацца, што гэтым разам святкаванні з нагоды перамогі ў Кубку для Санчаса прайшлі без наступстваў.

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1