Фота: pixabay.com

Цяпер даследчыкі актыўна вывучаюць перарывістае галаданне — схему, згодна з якой чалавек есць толькі на прамежку васьмі гадзін за дзень. Ëсць падставы меркаваць, што схема харчавання, пры якой чалавек больш чым палову сутак праводзіць без ежы, дае магчымасць адпачыць нашай стрававальнай сістэме, піша ВВС.

Але калі такая практыка сапраўды карысная для здароўя, колькі ж разоў на дзень трэба харчавацца ў ідэале?

Некаторыя эксперты лічаць, што найлепш есці толькі раз на дзень. Гэта тая схема харчавання, якой чалавецтва прытрымлівалася на працягу тысячагоддзяў. Напрыклад, старажытныя рымляне спажывалі ежу толькі раз на дзень, у сярэдзіне дня.

Цяпер мы харчуемся часцей, але, магчыма, гэта больш звязана не з ідэальнымі патрабаваннямі нашага арганізма, а з даступнасцю ежы. У нас ёсць халадзільнікі ды супермаркеты — у старажытных рымлян такога не было.

І не канечне вы будзеце пакутаваць ад голаду, калі пяройдзеце на такую схему, бо пачуцце голаду — гэта толькі псіхалагічнае адчуванне, звязанае з тым, што надышоў звыклы час прыёму ежы.

Але ж такі варыянт харчавання дакладна не падыдзе людзям з дыябетам. Больш за тое, калі есці толькі раз на дзень, гэта можа спрыяць скачкам узроўню глюкозы ў крыві. Высокі ўзровень глюкозы ў крыві, звязаны з адсутнасцю ежы — фактар рызыкі цукровага дыябету другога тыпу.

Вось чаму лепш усё-такі есці два ці тры разы на дзень, прычым большую частку калорый варта спажываць не ўвечары, а ўдзень. Вучоныя звязваюць звычку зашмат есці на ноч з развіццём кардыёметабалічных хваробаў — такіх, напрыклад, як дыябет ці хваробы сэрца.

Але ж есці занадта рана ўранку таксама не варта, лепш даць стрававальнай сістэме трошкі больш часу, каб адпачыць. Больш за тое, як толькі мы прачынаемся, у нашым арганізме ўсё яшчэ занадта высокі ўзровень мелатаніну, і калі спажываць у гэты час ежу, мы атрымаем сапраўды высокі ўзровень глюкозы ў крыві. Таму, згодна з некаторымі даследаваннямі, лепей за ўсё гадзіну ці дзве пасля абуджэння пазаймацца чымсьці, і толькі пасля гэтага снедаць.

Такім чынам, вось што мы маем: лепей за ўсё есці два ці тры разы на дзень, даваць стрававальнай сістэме дастаткова часу, каб адпачыць ноччу, не есці занадта рана раніцай і занадта позна ўвечары.

Але якія б змены ў рэжыме вы не рабілі, самае важнае — гэта пастаянства, бо наша цела прызвычайваецца да рэжыму харчавання. Арганізм збірае інфармацыю пра тое, якую ежу і калі мы ўжываем, і прыстасоўваецца да такога рытму.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытаць таксама:

Як трэба харчавацца, каб правільна старэць

Рэцэпт на выхадныя. Французскі цыбульны суп — класіка, перад якой немагчыма ўстаяць

Клас
14
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру