— Ад самага дня заснавання ў 1995 годзе і да сёння галоўная місія нашай арганізацыі — абарона правоў журналістаў і медыя. На жаль, апошнія гады беларускі медыясектар вымушаны працаваць пад ударам небывалых рэпрэсій з боку ўладаў, — каментуюць у БАЖ.
Больш за тысячу выпадкаў парушэння правоў журналістаў: сотні арыштаў, ператрусаў, прымянення гвалту супраць прадстаўнікоў медыя. Разгромленыя рэдакцыі, вымушаны выезд з краіны альбо доўгія гады турэмных тэрмінаў. 24 прадстаўнікі медыя за кратамі — у такіх умовах сёння прыходзіцца працаваць беларускім журналістам.
Увесь гэты час наша арганізацыя працягвала працу для падтрымкі і абароны журналістаў. БАЖ расцэньвае высокую ўзнагароду ЮНЕСКА як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі. І спадзяецца, што рашэнне аб прысуджэнні прэміі зможа прыцягнуць увагу да пагаршэння сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі.
Сусветная прэмія ЮНЕСКА/Гільерма Кана за ўнёсак у справу свабоды прэсы прысуджаецца за садзейнічанне або значны ўнёсак у справу абароны свабоды слова. У лютым 46 дзяржаў, у тым ліку 27 краін — сяброў ЕС, вылучылі БАЖ на атрыманне прэміі ЮНЕСКА. Падтрымалі вылучэнне БАЖ і многія журналісцкія арганізацыі свету.
З ліпеня 2021 года офіс БАЖ у Мінску застаецца заблакаваным пасля нападу сілавікоў, а рэжым Лукашэнкі пазбавіў арганізацыю рэгістрацыі. Нягледзячы на гэта, БАЖ працягвае працу, застаецца сябрам Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.





