Адрукоўкі 0»>3 Фота: evgeniy.maloletka / Facebook

Фота: evgeniy.maloletka / Facebook

У першы тыдзень вайны, пакуль левы бераг Марыупаля не быў адрэзаны ад горада, лекары прыязджалі на працу.

Але на пачатку сакавіка ў аперацыйным корпусе засталіся два хірургі, два траўматолагі, два анестэзіёлагі. Андрэй быў сярод іх. Менавіта яны зрабілі дзясяткі аперацый, аказалі дапамогу сотням мірных жыхароў Левага берага. Бальніца №4 і радзільня былі адзінымі лячэбнымі ўстановамі ў гэтай частцы горада. Як у лекараў атрымлівалася выконваць свой абавязак так, каб тых, хто выжыў, было больш, чым загінулых — у аповедзе Андрэя.

Бясконцы холад

Мы заставаліся лекарамі ў ізаляванай ад свету лякарні і рабілі сваю працу. Вось і ўсё. Гэта не гераічнасць, а акалічнасці. Першы паранены да нас паступіў 25 лютага.

Ацяплення не стала напрыканцы лютага. А 3 сакавіка пасыпалася шкло. Амаль па ўсім паўночным фасадзе. Ужо не было электрычнасці. Плюс стала халадаць на вуліцы. Усё гэта прывяло да таго, што ў нас у памяшканні было не больш за 4 градусы цяпла.

Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Ніякіх абагравальнікаў мы сабе не маглі дазволіць, бо электрычнасць была ад дызельнага генератара. Саляркі было вельмі мала, і яе трэба было эканоміць. Генератар у бальніцы быў яшчэ да вайны, даваенны запас дызельнага паліва мы спалілі за два дні. Пакуль яшчэ функцыянавалі запраўкі, адміністрацыя бальніцы ў першыя дні закупіла салярку, потым нам тры ці чатыры разы яе прывозілі вайскоўцы.

Пацыенты, ачуняўшы, заставаліся ў бальніцы. Яны запраўлялі генератар, сачылі за яго бесперабойнай працай. Але 21 сакавіка, калі мы з'язджалі, начмед сказаў: «Саляркі засталося на 3-4 гадзіны працы генератара».

На ўсю бальніцу былі два дуйчыкі (цеплавентылятар. — Аўт.). Яны стаялі ў аперацыйных і іх уключалі толькі тады, калі ішла аперацыя. Вокны ў бальнічных аперацыйных вылецелі адразу пасля першых прылётаў, таму мы перамясціліся ў перадаперацыйныя — гэта памяшканні больш-менш бяспечныя, якія адпавядалі правілу дзвюх сценаў.

Тым не менш было некалькі эпізодаў, калі пасярод аперацыі прылятала нешта настолькі блізка, што ў нас дзверы адчыняліся з характэрным грукатам.

З-за холаду мы надзявалі ўсё адзенне, якое мелі. А зверху — кавідныя камбінезоны (да вайны тут лячылі кавідных хворых). Па-першае, каб абараніць рэчы ад крыві, ванітаў і іншых біялагічных вадкасцяў, якімі было заляпана абсалютна ўсё. Па-другое, у іх быццам бы больш захоўвалася цяпло.

Аднак, падоўгу застаючыся ў аперацыйных, замярзалі так, што лекары і малодшы медыцынскі персанал пераходзілі ў некантраляваны стан. Усім было цяжка. 

 На мяжы голаду

Дзесьці да 2 сакавіка яшчэ працавалі крамы і можна было з рызыкай для жыцця выскачыць ды схапіць з пустых паліц АТБ нешта, што завалялася і не мае харчовай каштоўнасці, накшталт чыпсаў або алівак.

Першага чысла мы выйшлі ў кароткую вылазку і купілі чатыры боханы хлеба. Гэты хлеб мы расцягнулі аж да сярэдзіны сакавіка. Потым хлеба ўжо не было.

У бальніцы быў харчблок з запасамі ежы. Гэтую ежу дзялілі на аддзяленні і гатавалі ў мультыварках, пакуль ішлі аперацыі, уключалі генератар і было святло. Ежа, вядома, была выключна бюджэтнай і вельмі дыетычнай.

Да абмежаванага запасу ежы дадавалася праблема прыгатавання вялікага яе аб'ёму. У нашым аддзяленні былі ўсяго дзве мультываркі, а гатаваць прыходзілася на 20 чалавек. Адпаведна, порцыі былі вельмі сціплыя.

Вада для гатавання была са свідравіны — і гэта быў вялікі плюс. Свідравіна, насос якой працаваў на сонечных батарэях, была за некалькі кіламетраў ад бальніцы.

Раз у 2-3 дні мы грузілі ў адну з машын якога-небудзь лекара, усю наяўную тару і ехалі па ваду па горадзе, які абстрэльваецца проста ўвесь час.

Гэтыя вылазкі не любіў ніхто. Калі прыязджалі да свідравіны, а яна знаходзілася ў двары прыватнага дома, там заўсёды былі вялізныя чэргі. Фактычна гэта было адно-адзінае месца, дзе можна было набраць пітной вады. Бальнічных прапускалі без чаргі.

Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Людзі, якія не рызыкавалі хадзіць па ваду, бралі яе ў сцёкавым калектары, фільтравалі, кіпяцілі, але і пасля гэтага яна была крыху са смуродам і брыдкім прысмакам.

У дзясятых чыслах сакавіка мы прааперавалі пацыента, сваякі якога прыцягнулі нам скрыню курыных шыек з удзячнасці. Праўду кажучы, я раней нічога такога не еў.

Але на той момант прызабыты смак мяса істотна ўзбадзёрыў калектыў. Гэтыя шыйкі варылі, тушылі, пяклі. Нікому яны, вядома, асабліва не падабаліся, але елі ўсе.

У цэлым, канечне, мы не галадалі. Два разы на дзень елі дакладна. Але, улічваючы холад, працу, стрэс, пачуццё абмежаванасці гэтых запасаў харчу і бясконцасць гэтай аблогі, у нас сфармавалася вельмі трапяткое стаўленне да ежы.

Больш тых, хто выжыў, чым тых, хто загінуў

У медыцыне ёсць паняцце «залатая гадзіна»: гаворка ідзе пра тое, што пацыенту пасля траўмы трэба як мага хутчэй аказаць дапамогу. У Марыупалі ніхто да нас у «залатую гадзіну» не паступаў.

Былі людзі, якія з адарванымі нагамі ляжалі па некалькі дзён на вуліцы. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль іх не знаходзілі і не адпраўлялі да нас. Былі такія страты крыві, што незразумела, якім чынам чалавек выжываў пасля аперацыі.

Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Дакладна я не магу казаць, але, здаецца, пасля аказання дапамогі гінуў кожны пяты. Для мяне гэта дзіўна. Таму што без вады і электрычнасці, без поўнага штату спецыялістаў, ва ўмовах перыядычных масавых паступленняў, калі пацярпелых больш, чым медыцынскага персаналу, людзей, якія выжылі, — больш, чым памерлых.

Спачатку пацярпелых прывозіла хуткая дапамога. Потым, здаецца, 7-8 сакавіка, былі моцныя абстрэлы, сувязь з Левым берагам перарвалася і пасля гэтага параненыя паступалі самымі рознымі спосабамі.

Пацярпелых прывозілі нейкім грамадзянскім транспартам, шмат разоў мірных прывозілі вайскоўцы. Была нейкая браняваная машына, здаецца, не вайсковая, маркіраваная чырвонымі медыцынскімі крыжамі. Яна шмат каго прывезла да нас. Мясцовыя цягнулі параненых на дзвярах, на коўдрах па зямлі. У каго былі цэлыя ногі, прыходзілі самі.

Дзень, калі паступіў усяго адзін паранены, — 20 сакавіка.

Тады ж быў і адзін забіты. Доктар Казанцаў. Гэта адзін са старажылаў бальніцы. Яму было больш за 60 гадоў. Ён працаваў загадчыкам інфекцыйнага дзіцячага аддзялення. Раніцай 20 сакавіка доктар з чайнічкам выйшаў са сховішча свайго корпуса, каб аднесці кіпень у сховішча суседняга інфекцыйнага корпуса, дзе знаходзіліся людзі.

  Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Паміж будынкамі дзесяць мэтраў. І ля корпуса, куды накіроўваўся Анатоль Барысавіч, быў выбух. Яго адкінула назад да яго корпуса. Чайнік застаўся каля варонкі. Анатоль Барысавіч загінуў ад траўмы галаўнога мозга. Мы пахавалі яго на клумбе паміж двума карпусамі — за два метры ад яго месца працы.

Астатніх памерлых клалі ў мяшкі і выносілі на двор. Яны ляжалі пад сцяной бальніцы. Па правілах, судмедэксперты павінны рабіць заключэнні, што стала прычынай смерці кожнага чалавека. Толькі пасля гэтага іх можна хаваць.

Дапамога дзецям узнімала маральны дух

 За ўвесь час было каля 15 пацярпелых дзяцей. Самае страшнае — чэрапна-мазгавыя траўмы. Наша бальніца не спецыялізавалася на нейратраўмах, таму ў нас не было нейрахірургаў.

Першую дзяўчынку я добра запомніў. Аня. Быў выбух, аўтамабільнае кола адкінула ад машыны і ўдарыла дзяўчынку па патыліцы.

Усе адразу сталі займацца дзіцём. І адзін з нашых маладых траўматолагаў выканаў дэкампрэсійную трэпанацыю чэрапа. Малады траўматолаг зрабіў аперацыю, якая ўвогуле не ўваходзіць у яго сферу прафесійнай кампетэнцыі. Гэта тое самае, як калі б тэрапеўт выдаліў апендыцыт.

Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Пасля аперацыі быў цяжкі аднаўленчы перыяд. 21 сакавіка яна прыйшла ў прытомнасць і нават магла падтрымліваць мінімальны кантакт на ўзроўні так — не. Мы вельмі ганарыліся тым, што нам удалося яе выратаваць.

Калі Аня яшчэ знаходзілася на апараце ШВЛ, да нас паступіла наступнае дзіця. Шэсць год. У яго таксама была траўма галавы. Пасля аперацыі яно вельмі добра аднавілася неўралагічна. І потым я бачыў у марыупальскіх пабліках яго фота з бабуляй. Яны засталіся ў горадзе.

Наша дапамога дзецям, іх аднаўленне пасля аперацый у такіх умовах — гэта тыя эпізоды, якія ўздымалі нам маральны дух.

На жаль, было і іншае. Шмат разоў прывозілі мёртвых дзяцей. І было яшчэ горш, калі дзеці паступалі да нас жывымі, а мы нічым не маглі дапамагчы.

Ёсць паняцце «трыяж» — медыцынскае сартаванне пацыентаў. Ёсць катэгорыі пацыентаў, якім не аказваецца дапамога: аганіруючыя, вельмі цяжкія, якія з высокай верагоднасцю не перажывуць аператыўнага ўмяшальніцтва.

Лічыцца няправільным займацца імі ў першую чаргу, паколькі нехта з цяжкай траўмай, але з большымі шанцамі выжыць, можа не атрымаць медыцынскую дапамогу і памерці. Было цяжка прымаць такія рашэнні: «Усё, гэтаму пацыенту мы дапамогу больш не аказваем».

  Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Мама, бабуля і аднагадовае дзіця выйшлі пасля абстрэлаў у двор прыгатаваць ежу. Прыляцеў снарад. Ва ўсіх паражэнні галавы. У мамы проста драпіны. У бабулі даволі цяжкая траўма чэрапа, сур'ёзна пацярпела вока.

А вось хлопчыку асколак патрапіў у галаву. Праз лобную частку была ўваходна-выхадная адтуліна. Яго прывезлі яшчэ жывым. Змесціва чэрапа было звонку. Маці, вядома, адмаўлялася разумець, што шанцаў няма. Мы абязболілі дзіця. На жаль, на гэтым наша дапамога скончылася. Праз 15 хвілін пасля паступлення ў бальніцу дзіця памерла.

Быў эпізод, калі паступілі двое дзяцей — 10 і 16 гадоў. Наколькі я зразумеў, яны не былі сваякамі, але іх прывезлі з аднаго месца з цяжкімі чэрапна-мазгавымі траўмамі. Мы не маглі ім дапамагчы. Толькі абязболілі. Паклалі адно на аднаго. Накрылі коўдрай. І ўсё.

Лекі здабывалі ломам

 Запас медыкаментаў у бальніцы, зразумела, быў. Калі ж стала даходзіць да нас сур'ёзнасць сітуацыі і перасталі працаваць аптэкі, людзі з вышэйшай медыцынскай адукацыяй збіраліся ў групы, бралі з сабой што-небудзь жалезнае, адчынялі аптэкі, размешчаныя на тэрыторыі бальніцы.

Першымі сталі заканчвацца наркотыкі для абязбольвання, былі вялікія праблемы па інфузійных растворах. Не стала крыві. І пераліванне мы рабілі толькі тады, калі разумелі, што без крыві пацыент сапраўды памрэ. Да 20 сакавіка ў нас не заставалася практычна нічога з медыкаментаў, чым мы маглі б аказваць дапамогу.

Інфармацыйны вакуум

Пра эвакуацыю не думалі, пра яе марылі. Але паколькі 5—6 сакавіка знікла мабільная сувязь, мы былі ў інфармацыйным вакууме: не ведалі ні пра «зялёныя калідоры», ні што ўвогуле адбываецца.

Плюс у нас рэгулярна былі параненыя, якіх прывозілі вось з такой тыповай гісторыяй: «Мы там чулі, нехта сказаў, што там будзе «зялёны калідор», мы паехалі. Патрапілі пад абстрэл». І вось, калі ласка, у кагосьці дзірка ў жываце, камусьці руку адарвала. Кагосьці забіла на месцы.

Гэты вакуум тычыцца не толькі нашай бальніцы, а ўсяго Левага берага.

Чысла 16-га хтосьці ноччу злавіў сувязь — адну «палку» «Кіеўстар» на чацвёртым паверсе. І з гэтага моманту туды пачалося паломніцтва. Усе падымаліся, высоўвалі руку ў акно, спрабавалі злавіць сувязь, паведаміць сваякам, якія ўжо некалькі разоў нас пахавалі.

І калі ў нас з'явілася сувязь, выключна тэлефонная, мы сталі ад сваякоў даведвацца больш-менш актуальныя на той момант дадзеныя, што сапраўды ёсць адносна бяспечныя маршруты выезду. Мы задумаліся пра эвакуацыю.

Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Выязджаць мелі намер мэтанакіравана ва Украіну. Ніхто з нас не хацеў заставацца працаваць, жыць у «ДНР» ці Расіі (7 красавіка стала вядома, што расійскія войскі вывезлі на акупаваную тэрыторыю Украіны персанал і пацыентаў марыупальскай гарадской бальніцы №4. Лёс людзей невядомы).

Ад’езд

18 сакавіка вельмі шчыльна і прыцэльна абстралялі наш квартал. Праз вуліцу насупраць загарэлася паліклініка. Яна так гарэла, што мы два дні глядзелі на яе і думалі: «А што, калі мы загарымся?»

І вось гэтая думка, што можа не проста патрапіць, а можа пачацца пажар, прымусіла рэзка кансалідаваць намаганні ўсіх у кірунку выезду.

Было некалькі няўдалых спроб з'ехаць. Няўдалых у тым плане, што мы не выехалі з Левага берага. Цяпер разумею, што лепш іх лічыць удалымі, таму што кожны раз мы вярталіся ў тым жа складзе, што і з'язджалі. Не ўсім так шанцавала.

Галоўная праблема ў тым, што «зялёны калідор» пачынаўся на выездзе з Марыупаля. Да яго трэба было дабрацца. Левабярэжны раён Марыўпаля бліжэй да Наваазоўска і так званай «ДНР». Нам жа патрэбен быў супрацьлеглы выезд з горада, заходні, і каб да яго праехаць, неабходна перасекчы Марыупаль.

Тыповая спроба эвакуацыі ў Марыупалі з Левага берага выглядала так: людзі даязджалі да моста, бачылі барыкады з машын, маглі паспрабаваць іх аб'ехаць. Мяркуючы па колькасці расстраляных каля барыкад машын з трупамі ўсярэдзіне, для многіх эвакуацыйны маршрут заканчваўся там.

Удалая для нас спроба была 21 сакавіка. Мы пастроіліся ў калону з сямі машын супрацоўнікаў. Напярэдадні знаёмы нашага калегі выехаў і паведаміў маршрут.

Трэба было па вуліцы Пашкоўскага даехаць да Набярэжнай. Уперціся ў мінную загароду. Перад ім павярнуць і далей ехаць «партызанскімі сцежкамі» з пераскокваннем бардзюраў, аб'ездам вывернутых бетонных блокаў, праездам усходніх прахадных «Азоўсталі», якія разбітыя ў хламіну.

Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Там дарога шасціпалосная. На ёй не было ніводнага квадратнага метра, на якім не ляжала б вялізная вывернутая бетонная глыба. Дарога пралягала праз «Азоўсталь», па якім лупілі без перапынку. Літаральна.

У адным месцы трэба было ехаць па трамвайных пуцях, з іх збочваць, каб дабрацца да моста. Паміж барыкадай з машын і агароджай маста была шчылінка на шырыню звычайнай пасажырскай машыны нават без люстэркаў. У каго яны складваліся, іх склалі, астатнія ехалі як ёсць. Мы пратачыліся ў гэтую шчылінку ўсёй калонай.

На пад'ездзе да цэнтральных прахадных стаяў наш танк, а побач — варонка на шырыню дзвюх палос і глыбінёй да пояса. Машыны праехаць па дарозе не маглі. Кіроўцы, пераскокваючы праз бардзюр, праехалі паміж варонкай і танкам. Так мы выскачылі на цэнтральныя прахадныя. Там яшчэ адзін мост. Да гэтага моманту ён ужо быў знішчаны.

Але побач быў яшчэ адзін, яго заўсёды называлі Старым ці Гарбатым. Па праўдзе кажучы, я за амаль чатыры гады жыцця ў Марыупалі ні разу не бачыў, каб хтосьці па ім ездзіў. Думаў, на ім можна толькі стаяць з вудай, бо нічога цяжэйшага за вазы па ім праехаць не зможа. Але мы праехалі.

З гэтага моманту пачаўся адносна бяспечны маршрут. І далей тыповая для мяне, двойчы бежанца, гісторыя: блокпасты, дагляды, размовы з прыемнымі людзьмі з аўтаматамі. На рускіх блокпастах нас прасілі распрануцца: глядзелі, ці ёсць татуіроўкі і сляды нашэння зброі.

26 сакавіка я быў у Днепрапятроўскай вобласці. 30 сакавіка пайшоў уладкоўвацца на працу лекарам.

 Мы з'ехалі, а нашы пацыенты засталіся

Наступным днём пасля нашага ад'езду быў прылёт у чацвёрты паверх лякарні, на якім я знаходзіўся амаль увесь час разам з іншымі супрацоўнікамі. Ад гэтага выбуху загінулі некалькі ўрачоў.

Сітуацыя, што мы з'ехалі, а нашы пацыенты засталіся — вельмі балючая. У кожнага лекара з пацыентам усталёўваецца эмацыйная сувязь, падчас лячэння ён для цябе ўжо не чужы чалавек.

Фота: Яўген Малалетка / АР

Фота: Яўген Малалетка / АР

Мы ўгаворвалі сябе, што зрабілі ўсё, што маглі, асабліва ў тых умовах, што склаліся: «Яшчэ дзень-два і мы застанемся проста без нічога. Не будзе ні шоўнага матэрыялу, ні спірту для апрацоўкі. Ніякіх сродкаў для аказання дапамогі».

І тым не менш усіх нас корчыла, што мы пакідаем пацыентаў і з'язджаем. Урачы так не робяць. Звычайна. Але я не магу вінаваціць сябе ў тым, што мы прынялі рашэнне ўцякаць з Марыупаля. Але нейкая доля сумневу ў правільнасці з этычнага боку ёсць у кожнага, хто са мной выехаў.

«Тры краіны сябравалі гадамі. Цяпер усё скончылася». Як жыве ўкраінская вёска на мяжы з Расіяй і Беларуссю

«Мой свет знішчыла расійская ракета». Аповед бацькі загінулага немаўляці з Адэсы

Прадстаўніца кіберпартызанаў расказала колькі іх і раскрыла дэталі аперацый. У тым ліку на чыгунцы

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
118
Абуральна
7