Пра першыя гадзіны вайны

Урадавы раён на Банкавай вуліцы Кіева, вядомы як Трохкутнік, расійскія вайскоўцы спрабавалі захапіць у першыя гадзіны вайны. Зяленскі кажа, што памятае той час толькі «фрагментарна», на ўзроўні бязладнага набору вобразаў і гукаў.

Найбольш яркі ўспамін — як ён з жонкай перад світаннем пайшоў будзіць дзяцей, 17-гадовую дачку і дзевяцігадовага сына, і рыхтаваць іх да эвакуацыі.

«Гэта было гучна. Там былі выбухі», — успамінае Зяленскі. Вайскоўцы паведамілі Зяленскаму, што ў Кіеве дэсантаваліся расійскія ўдарныя групы, якім была пастаўленая задача захапіць і забіць прэзідэнта і яго сям'ю.

«Да той ночы мы такое толькі ў кіно бачылі», — расказаў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак. Пакуль вайскоўцы вялі баі на вуліцах, прэзідэнцкая гвардыя спешна барыкадавала рэзідэнцыю Зяленскага ўсімі падручнымі сродкамі, якія больш нагадвалі кучу металалому, чым умацаванні. На Банкавую прыехалі многія паплечнікі Зяленскага, некаторыя з сем'ямі. Прэзідэнту і яго памочнікам выдалі бронекамізэлькі і аўтаматы.

У першую ноч расійскія вайскоўцы распачалі спробы штурму комплексу. «Гэта была сапраўдная вар'ятня», — распавёў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч. Па словах Зяленскага, ягоныя жонка і дзеці ў той час усё яшчэ знаходзіліся на Банкавай.

ЗША і Вялікабрытанія прапанавалі тэрмінова эвакуяваць Зяленскага з яго камандай у Польшчу, каб стварыць там урад у выгнанні. У адказ на гэта ў тэлефоннай гутарцы з амерыканскім бокам прэзідэнт сказаў фразу, якая потым трапіла ў загалоўкі газет па ўсім свеце: «Мне патрэбныя боепрыпасы, а не транспарт».

Зяленскаму таксама прапанавалі перабрацца ў абаронены бункер за межамі Кіева, здольны вытрымаць працяглую аблогу. Ён адмовіўся. Замест гэтага ў другую ноч уварвання, калі на найбліжэйшых вуліцах працягваліся сутычкі, Зяленскі разам з дарадцамі выйшаў у двор Банкавай і запісаў відэа для сацсетак: «Мы ўсе тут. Абараняем нашу незалежнасць, нашу краіну».

Пра працу Офіса прэзідэнта ў ваенны час

У першыя тыдні ўварвання, калі расійская артылерыя знаходзілася ў межах дасяжнасці да Кіева, прэзідэнт яшчэ да ўзыходу сонца — каля пяці раніцы — рабіў першы званок вайсковаму кіраўніцтву, каб даведацца пра стан спраў на фронце. Пасля сыходу расійскіх войскаў з Кіеўскай вобласці размову зрушылі на пару гадзін наперад, каб Зяленскі паспеў паснедаць.

У Офісе прэзідэнта на Банкавай вуліцы, як піша NYT, не так шмат змянілася — вокны заклалі мяшкамі з пяском, там забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі, сталі менш паліць электрычнасці. Усіх сталі суправаджаць узброеныя салдаты.

Інтэр'еры з сусальным золатам і раскошнай мэбляй, якія цяперашняя адміністрацыя лічыць «прыгнятальнымі», засталіся такімі ж. «Прынамсі, калі гэта месца падвергнецца бамбардзіроўцы, нам больш не прыйдзецца глядзець на ўсё гэта», — пажартаваў адзін з паплечнікаў прэзідэнта.

Вуліцы вакол комплекса ператварыліся ў лабірынт блокпастоў і барыкадаў. На цывільным аўтамабілі сюды не пад'едзеш, у візіцёраў ахова пытаецца сакрэтныя паролі — наборы бессэнсоўных фраз накшталт «прыхільнік кававага кубка», якія мяняюцца штодня.

Вялікую частку часу каманда Зяленскага праводзіла ў сакрэтных бункерах пад Банкавай. Але пасля адступлення расійскай арміі работнікі Офіса сталі вяртацца ў свае звычайныя кабінеты, усё часцей грэбуючы мерамі засцярогі. Зяленскі часцей працуе ў сітуацыйным пакоі — зале пасяджэнняў без вокнаў і з вялікімі экранамі на сценах, дзе можна праводзіць аддаленыя аператыўныя нарады.

Пра пакуты сумлення і ўвагу свету

Кожную ноч у сваім бункеры Зяленскі перад сном па звычцы зноў азірае парадак мінулага дня і думае, ці не выпусціў ён чаго-небудзь важнага. «Гэта бессэнсоўна, — кажа ён. — Гэта ўсё той жа парадак. Я бачу, што на сёння ўжо ўсё зроблена. Але я працягваю глядзець і адчуваю, што нешта не так. Мяне мучыць сумленне».

Прэзідэнт не можа проста так заплюшчыць вочы і трохі паспаць, пакуль ва Украіне працягваюць падаць бомбы і здзяйсняюцца ваенныя злачынствы, а мірныя жыхары па-ранейшаму зачыненыя ў падвалах. Людзі за межамі Украіны бачаць гэтую вайну праз сацыяльныя сеткі — калі яна ім надакучыць, яны перагорнуць экран, кажа ён. Гэта звычайная чалавечая прырода, жахі прымушаюць людзей адварочвацца.

Зяленскі занепакоены тым, як свет успрымае вайну, і што ўвага людзей слабне. Цяпер ягоная місія — у тым, каб прымусіць свабодны свет перажываць гэтую вайну гэтак жа, як Украіна: як пытанне ўласнага выжывання.

Пра паездкі ў зоны баявых дзеянняў

У пачатку сакавіка, калі расійскія войскі яшчэ працягвалі абстрэлы Кіева ў спробах акружыць сталіцу, Зяленскі таемна пакінуў сваю рэзідэнцыю ў суправаджэнні двух сяброў і групы ахоўнікаў, каб асабіста ацаніць маштабы баявых дзеянняў. Прэзідэнт апынуўся на ўскраіне горада на поўнач ад вуліцы Банкавай, дзе ўбачыў абвалены мост і велізарную варонку ад выбуху на дарозе. На блокпасце ён перагаварыў з украінскімі вайскоўцамі, пакуль яго ахова «з'язджала з глузду» ад таго, наколькі блізка да расійскіх пазіцый знаходзіўся Зяленскі.

Яшчэ праз некалькі дзён Зяленскі з'ездзіў у «Баршчавую паездку», як ахрысцілі яе яго памочнікі. На КПП на ўскраіне Кіева ён сустрэў чалавека, які кожны дзень прыносіў салдатам рондаль свежага баршчу. Яны стаялі там, у межах дасяжнасці расійскіх снайпераў і артылерыі, елі суп з хлебам, казалі пра Савецкі Саюз і пра тое, у што ператварылася Расія пасля яго распаду.

Па словах Зяленскага, гэтая гутарка зрабіла на яго глыбокае ўражанне. Кухар распавёў, як ён моцна ненавідзіць рускіх, а затым дастаў з багажніка некалькі медалёў, якія атрымаў падчас службы ў Савецкай Арміі.

На 40-ы дзень вайны Зяленскі ў суправаджэнні журналістаў адправіўся ў Бучу, дзе пасля сыходу расійскіх войскаў выявілі дзясяткі целаў забітых мірных жыхароў. Калі Зяленскі і яго каманда ўбачылі месцы злачынстваў сваімі вачыма, іх жах змяніўся лютасцю.

«Мы хацелі адмяніць усе мірныя перамовы з Расіяй, — кажа кіраўнік дэлегацыі на перамовах з Масквой Давід Арахамія. — Я ледзь мог нават глядзець ім у твар».

Пра выступы Зяленскага ў першы месяц вайны

Зяленскі прамаўляў прыкладна па адной прамове ў дзень. Ён выступаў на такіх розных пляцоўках, як Еўрапейскі парламент, Сусветны банк або цырымонія ўручэння прэміі «Грэмі». Кожную гутарку рыхтавалі з разлікам на пэўную аўдыторыю. Таксама кожную ноч прэзідэнт Украіны звяртаецца да нацыі.

«Вельмі часта пытаюцца, хто спічрайтар Зяленскага. Галоўны — ён сам. Ён працуе над кожным радком», — кажа прэс-сакратар кіраўніка Офіса прэзідэнта Дар'я Зарыўная.

Уладзімір Зяленскі выступае па відэасувязі перад парламентам Ірландыі. 6 красавіка 2022 года Фота: Maxwells / Reuters / Scanpix / LETA

Уладзімір Зяленскі выступае па відэасувязі перад парламентам Ірландыі. 6 красавіка 2022 года Фота: Maxwells / Reuters / Scanpix / LETA

Амаль у кожнай размове з замежнымі лідарамі Зяленскі просіць даць Украіне зброю. Часам ён занадта прамалінейна рэагуе на ваганні сваіх суразмоўцаў. Напрыклад, ён прапанаваў Радзе Бяспекі ААН разгледзець пытанне аб самароспуску і папрасіў не прыязджаць у Кіеў прэзідэнта Германіі.

Зяленскі ўспрымае сябе не як ваеннага стратэга, а як камунікатара, жывога сімвала дзяржавы, які змагаецца за выжыванне сваёй нацыі.

Ягоныя памочнікі па-рознаму ацэньваюць гэтую місію. «Часам ён уваходзіць у ролю і пачынае гаварыць як акцёр, які грае прэзідэнта, — кажа Аляксей Арастовіч, сам у мінулым тэатральны акцёр. — Калі ён сам па сабе, ён робіць найбольшае ўражанне як сумленны і чалавечны мужчына».

Пра бітву за Данбас

У 55-ы дзень вайны Зяленскі абвясціў, што Расія пачала другую фазу баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны — бітву за Данбас. Там арміі таго ці іншага боку, хутчэй за ўсё, будуць знішчаныя, лічыць ён.

«Гэта будзе паўнамаштабная бітва, буйнейшую за якую на тэрыторыі Украіны мы не бачылі, — сказаў Зяленскі карэспандэнту Time 19 красавіка. — Калі мы выстаім, гэта будзе вырашальны момант для нас. Пераломны момант».

Пра тое, як вайна змяніла Зяленскага

«Я стаў старэйшы, я пастарэў ад усёй гэтай мудрасці, якой ніколі не хацеў. Гэта веды пра колькасць загінулых людзей, пра катаванні, учыненыя расійскімі салдатамі. Вось такая мудрасць, — прызнаўся Зяленскі журналісту Time. — Шчыра кажучы, у мяне ніколі не было мэты атрымаць такія веды».

На пытанне, ці шкадуе цяпер Зяленскі з аглядкай на вайну, што вырашыў балатавацца ў прэзідэнты Украіны, пакінуўшы акцёрскую кар'еру, ён адказвае: «Ні на секунду».

Ён не ведае, як скончыцца вайна і якім будзе ягонае месца ў гісторыі. Але ён ведае, што Украіне патрэбен прэзідэнт ваеннага часу, і гэтую ролю ён мае намер сыграць.

Клас
119
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
1