Аўтапрабег «За адзіную Беларусь» 2 верасня 2020 года ў Новай Баравой

Аўтапрабег «За адзіную Беларусь» 2 верасня 2020 года ў Новай Баравой

У чым абвінавацілі Саўчанка?

Паводле версіі абвінавачвання, каля 20:35 2 верасня 2020 года Святлана Саўчанка ў раёне Новая Баравая нанесла пластыкавым дрэўкам не менш за чатыры ўдары па кузаве аўтамабіля Land Rover 0057 IX-7 белага колеру з чорным дахам, у выніку чаго пашкодзіла лакафарбавае пакрыццё пярэдняга левага крыла, накладкі пярэдняга левага крыла, корпуса левага люстэрка задняга віду, дзвярэй кіроўцы, ручкі ад дзвярэй кіроўцы і задніх левых пасажырскіх дзвярэй, а наогул пашкодзіла маёмасць пацярпелай Вольгі Сяргееўны Маршаловіч (Сышчанка) на агульную суму 647 рублёў 53 капейкі.

На судзе Святлана віну не прызнала.

 «Я адчувала душэўныя і маральныя стрэсы»

У адкрытых інтэрнэт-крыніцах паведамляецца, што пацярпелая па гэтай справе Маршаловіч (Сышчанка) па стане на 5 сакавіка 2021 года мела рамантычныя сувязі з начальнікам мінскага АМАПа Дзмітрыем Балабам. Па стане на 17 верасня 2021 года яна працавала ў Мінгарвыканкаме. Прозвішча з Сышчанка на Маршаловіч яна змяніла ў лютым 2021 года, піша «Вясна».

Вольга Сяргееўна Маршаловіч (Сышчанка) з Балабам

Вольга Сяргееўна Маршаловіч (Сышчанка) з Балабам

На судовым пасяджэнні пацярпелая Маршаловіч расказала, што 2 верасня 2020 года на аўтамабілі, што ёй належыць, удзельнічала ў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь». Каля 20-й гадзіны аўтакалона прыехала ў вёску Копішча, дзе яе рух быў заблакаваны.

На абочыне дарогі, тратуарах, а таксама на праезнай частцы сабралася вялікая колькасць грамадзян, якія выкрыквалі абразы, патрабавалі пакінуць гэты раён. У пэўны момант пачула гукі ўдараў па задняй частцы машыны, убачыла злева дзяўчыну, якая нанесла нейкім прадметам удары па аўтамабілі, кінула гэты прадмет на капот, пасля чаго хутка сышла.

Паводле слоў пацярпелай, усяго па машыне было нанесена не менш за шэсць удараў. Яшчэ некаторы час калона працягвала стаяць, да машыны падыходзілі мужчыны, з кімсьці жанчына размаўляла. Удараў па машыне больш не чула і не бачыла.

Ранкам наступнага дня агледзела машыну, выявіла пашкоджанні на дзвярах кіроўцы і на пасажырскіх дзвярах — драпіны лакафарбавага пакрыцця, сколы на пластыкавым элеменце на левым крыле, драпіны на корпусе левага люстэрка задняга віду і на левым крыле. 3 верасня яна напісала заяву ў міліцыю.

Машына Маршаловіч

Машына Маршаловіч

Пацярпелая прасіла спагнаць з абвінавачванай кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 4 000 рублёў.

На судзе Саўчанка іск не прызнала.

 «Я адчувала жудасны стрэс, таму што такая сітуацыя. Тое, што адбылося са мной, адбылося са мной упершыню. Ніколі раней са мной падобнага не адбывалася. У свой працоўны час я вымушаная была ездзіць то на вочную стаўку, то да следчага, то на агляд, то бок я марнавала свой асабісты час, якога ў мяне і так вельмі мала. Апроч усяго іншага, наогул тое, што абвінавачаная паводзіла сябе некарэктна ў дачыненні да мяне і ў дачыненні да псавання маёй маёмасці, я адчувала душэўныя і маральныя стрэсы. Дагэтуль я знаходжуся ў стрэсавым стане, згадваючы гэтую сітуацыю.

Я сама не чула, што яна выказвалася [нецэнзурна], але іншыя казалі. Я не выключаю, што так і было», — растлумачыла свае маральныя пакуты на судзе Маршаловіч.

Пацярпелая падчас працэсу абуралася, што відэа было апублікаванае ў чаце «Новая Баравая 98%».

Што казала на судзе абвінавачаная?

На судзе Святлана распавяла, што ўвечары 2 верасня вярталася дадому з крамы. Яна звярнула ўвагу, што на праезнай частцы ў вёсцы Копішча ўтварыўся затор з аўтамабіляў, у вокнах і на кузавах якіх знаходзіліся дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь, з машын раздавалася музыка. Каля машын, на тратуарах, на абочыне праезнай часткі сабралася вялікая колькасць грамадзян, якія абураліся прыбыццём аўтакалоны.

Яна таксама палічыла, што дзеянні ўдзельнікаў аўтакалоны парушалі спакой і стваралі небяспеку для грамадзян, якія жывуць у гэтым раёне, таму таксама выказвала на іх адрас патрабаванні пакінуць раён. Пераходзячы праезную частку, прайшла ўздоўж некалькіх машын з калоны, накіравалася дадому.

Святлана на працэсе настойвала, што дрэўкі з машын, якія знаходзіліся ў калоне, не зрывала, удары па аўтамабілях не наносіла.

«Паводзілі сябе агрэсіўна». Што казалі сведкі?

На судзе дапыталі двух удзельнікаў праўладнага аўтапрабегу. Першая сведка, якая знаходзілася ў адной машыне з Маршаловіч, на судзе расказала, што 2 верасня 2020 года ўдзельнічала ў аўтапрабегу. Каля 20-й гадзіны яны прыехалі ў Новую Баравую, дзе рух калоны быў заблакаваны.

«Вакол аўтамабіляў іх калоны пачалі збірацца грамадзяне, выказвалі сваю незадаволенасць на адрас удзельнікаў аўтапрабегу, паводзілі сябе агрэсіўна».

У пэўны момант яна звярнула ўвагу на дзяўчыну, «якая прайшла перад іх машынай справа налева па ходзе руху», пасля чаго сведка адразу ж пачула гукі ўдараў па левай частцы аўтамабіля. Чула не менш за два ўдары.

Як менавіта з іх машыны было сарванае дрэўка, яна не бачыла.

Яшчэ адзін сведка, Удзельнік аўтапрабегу расказаў на судзе амаль тое самае: сабралася шмат грамадзян, якія «паводзілі сябе агрэсіўна, выкрыквалі розныя лозунгі, правакавалі ўдзельнікаў аўтапрабегу на канфлікт».

 У нейкі момант ён убачыў, што да машыны, што стаяла перад ім, падышла жанчына, сарвала з задніх левых дзвярэй дрэўка, некалькі разоў нанесла ім удары па машыне, пасля чаго накіравалася ў бок, адваротны руху калоны.

Аўтапрабег «За адзіную Беларусь» 2 верасня 2020 года ў Новай Баравой

Аўтапрабег «За адзіную Беларусь» 2 верасня 2020 года ў Новай Баравой

На судзе дапыталі мужа абвінавачанай. Суддзю Казлову цікавілі ў тым ліку палітычныя погляды Святланы пасля 9 жніўня 2020 года: «Скажыце, яна падтрымлівала тых, хто мітынгаваў, ці сілавыя структуры?»

 Муж адказваў, што яго жонка выступала супраць гвалту.

«Здзяйсняе сцягам нейкія рухі»

У якасці доказу віны Саўчанка на судзе даследавалі відэазапіс ад 2 верасня 2020 года, на якім былі бачныя ўчасткі мясцовасці паблізу вёскі Копішча і рух па вуліцы транспартных сродкаў з дзяржаўнымі сцягамі, у тым ліку аўтамабіля Land Rover 0057 IX-7 белага колеру з чорным дахам.

Паводле відэазапісу, у 20:35 да паказанага аўтамабіля з левага боку падыходзіць жанчына, апранутая ў аранжава-чырвоную кофту, на плячы якой знаходзіцца торба (пакет), зрывае сцяг, размешчаны з левага боку кузава аўтамабіля, пасля чаго праходзіць уздоўж калоны ў адваротны руху транспартных сродкаў бок, на апошнім у калоне аўтамабілі цёмнага колеру спрабуе вырваць дзяржаўны сцяг, здзяйсняе ім нейкія рухі, пасля чаго сыходзіць, пры гэтым бачна, што жанчына вядзе на ланцужку сабаку. У 20:38 дзяўчына ўваходзіць у дом, апранутая ў кофту аранжава-чырвонага колеру, у светлых штанах, з торбай на плячы, з сабакам на ланцужку.

Адметна, што паводле гэтага інцыдэнту Святлану Саўчанка ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Суд Мінскага раёна аштрафаваў яе 30 кастрычніка 2020 года паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што 2 верасня яна ў 20:30 наўмысна з хуліганскіх памкненняў выкрыквала абразы ў адрас Сышчанка, сарвала з кузава аўтамабіля сцяг, які парвала, спрабавала справакаваць бойку, на заўвагі не рэагавала. Справу разглядаў Віктар Шаўцоў.

Таксама 1 лістапада 2020 года Саўчанка асудзілі яшчэ раз паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за абразу яшчэ аднаго ўдзельніка аўтапрабегу, а таксама зрыў з кузава яго аўтамабіля сцяга і правакаванне бойкі.

Чым усё скончылася?

Суддзя Анжаліка Казлова вынесла прысуд 29 лістапада 2021 года — справа разглядалася з верасня. 

Непрызнанне абвінавачванай віны суд расцаніў «як абраны ёю спосаб абароны з мэтай сысці ад крымінальнай адказнасці, а таксама ад абавязку па кампенсацыі нанесенай яе супрацьпраўнымі дзеяннямі шкоды».

У выніку суд прызнаў Святлану Саўчанка вінаватай паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама з Саўчанка спагналі на карысць Маршаловіч кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 1 000 рублёў.

25 лютага 2022 года судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда пад старшынствам суддзі Сяргея Епіхава разгледзела апеляцыйную скаргу Саўчанка. Пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі ёй пакінулі ў сіле.

Клас
0
Панылы сорам
16
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
106