На думку валанцёраў, сабачае пекла зладзіла гаспадыня цэнтра ператрымкі, якой многія давяралі сваіх гадаванцаў. Уся праўда пра тое, што адбываецца, стала вядомая дзякуючы гэтаму відэароліку (глядзець на свой страх і рызыку, строга 18+):

Чацвер. Мы прыбываем у Высокія Ляды, дзе і было знята гэтае відэа. З выгляду гэта звычайная напаўжывая вёска, куды з'язджаюцца жодзінскія дачнікі ў летні сезон.

Кароўнікі размешчаныя ў канцы вёскі. Перад імі з дзясятак машын, людзі ў форме, валанцёры і журналісты.

Арандатараў і гаспадара памяшканняў на месцы не было. На тэрыторыю нікога не пускалі, з-за чаго віды прыйшлося аглядаць праз шчыліну ў плоце. Сабачы брэх усё яшчэ даносіўся з кароўніка.

Зараз там штодня дзяжураць валанцёры. Яны старанна прыводзяць жывёл да належнага выгляду: адмываюць, кормяць і лечаць.

«Як толькі я пабачыла, што там дзеецца, тут жа паехала забіраць свайго сабаку.

Там не было ні місак, ні мяшкоў з кормам. Жывёлы моцна абязводжаныя, іх не кармілі, не паілі. Страшныя, баязлівыя, яны паміралі, гінулі і елі адзін аднаго…

Зараз аддаем сабак на ператрымку, вывозім з гэтага пекла. Але забралі не ўсіх сабак. Трупы адправілі на экспертызу. Хлеў мы пачысцілі, як маглі, паслалі чыстую салому. Пакуль мы там, сабакі накормленыя і напоеныя», — расказвае валанцёрка Ганна.

Многія грамадзяне адгукнуліся на кліч аб дапамозе, так што валанцёры не паспяваюць зараджаць тэлефоны. Адносна фінансавай дапамогі пакуль гаворкі няма, першачарговая задача — вывезці сабак. 

«А пятай гадзіне сабакі як заспяваюць, спаць не даюць — напэўна, галодныя…»

На першым завулку, які назвалі Палявым, у чацвер было шматлюдна. Не, гэта не нашумелы выпадак згуртаваў мясцовых, а іншае гора — пахаванне суседа. Што тычыцца смерці сабак, тут пра гэта чуюць упершыню.

«Пакуль вы не сказалі, мы і не ведалі, што там адбылося. А я думаю, чаго столькі машын туды ездзіць», — расказвае малады чалавек, і яго тут жа перабівае бабулька. Каб пазбегнуць якіх-небудзь праблем, людзі просяць пра ананімнасць.

«Раней там кароўнікі былі, а цяпер ці то мэблю робяць, ці то склады ў арэнду здаюць.

Страшна ісці туды. Раніцай, а пятай гадзіне сабакі як заспяваюць, спаць не даюць — напэўна, галодныя. У мяне агарод насупраць кароўніка — як пачнуць гаўкаць, немагчыма працаваць. Руды адзін прыходзіў да мяне — худы, кашчавы, адзін хрыбет у яго тырчаў».

«Бывала, па тры сабакі бегалі на вуліцы — худыя, а чые яны, мы ж не ведаем. Ведалі, што там гадавальнік, але каб такое рабілася — не дай бог.

Можа, вы нас разыгрываеце?» — не верыць у наш расказ ужо іншая пенсіянерка.

Як увогуле выйшла наяў гэта пекла?

Для пачатку варта растлумачыць, як праходзіць працэс аказання дапамогі жывёлам. Ёсць дабрачынцы — тыя, хто ахвяруе грошы на дапамогу кінутым гадаванцам, ператрымку — часовы дом для жывёл, куратары — яны збіраюць грошы дабрачынцаў і знаходзяць ператрымку. Таксама куратар сочыць за працэсам: наведвае сабак, атрымлівае фатаграфіі шчаслівых жывёл і копіі чэкаў (ці сам закупляе корм) ад гаспадара ператрымкі, а затым трымае справаздачу перад дабрачынцамі. Як выйшла, што трывогу падняў толькі адзін чалавек, пакуль застаецца загадкай.

Гэты сабачы могільнік выявіла старшыня таварыства абароны жывёл «Дабрадзейнасць» Ірына Кавалерава. Усё здарылася познім вечарам 26 красавіка. Вось яе версія падзей.

«Два гады таму адгукнуліся куратары з Расіі. Яны гатовыя былі ўзяць пад сваю апеку частку жывёл, але для гэтага трэба было знайсці ператрымку ў нашай краіне. Вось яны і знайшлі гаспадыню гэтага цэнтра. Я суправаджала гэтых жывёл, асабіста пазнаёмілася з гаспадыняй.

Яна арандавала кароўнік у вёсцы, усярэдзіне паставіла драўляныя вальеры, у кожным з якіх была будка. Разлік — адзін вальер на аднаго сабаку.

Усё было нармальна, яна паказвала жывёл. Але былі моманты, калі яна не пускала ў кароўнік, матывуючы гэта тым, што ўжо позна, а калі мы зойдзем, сабакі забрэшуць і пабудзяць суседзяў. Падазрэнняў не выклікала.

Калі я папрасіла яе зрабіць фота аднаго сабакі, яна мне сфатаграфавала яго так, што і незразумела, мой ці не. Я папрасіла яе зрабіць яшчэ адзін здымак, але так нічога і не атрымала.

А я, хоць і прыязджала туды, праверыць забылася.

25 красавіка мне патэлефанаваў куратар і сказаў, што там нешта адбываецца: маўляў, ім сталі вяртаць не тых жывёл. Фатаграфія адна — прыязджае падобны, але не той.

Ганчак, якога я выратавала, быў стары і паўсляпы, а той, які прыехаў куратару, — малады і відушчы. Яна рабіла з нас поўных ідыётаў: вочы, кажа, палячыла.

26 красавіка я пасля працы зрываюся і еду туды з Бабруйска. На працягу працоўнага дня яна не адказвала на званкі, а потым адказала і сказала, што з'язджае. Я кажу: тады мы будзем з міліцыяй адчыняць хлеў, глядзець, што там. Яна скінула нумар нейкай Таццяны, кажа, што тая адчыніць. Але за 40 хвілін да прыезду Таццяна аказалася ў паліклініцы.

Яна так і не з'явілася, на месцы быў малады чалавек, які адчыніў нам дзверы.

У кожным вальеры сядзяць па тры-чатыры сабакі, стаіць адно пляскатае пустое вядро, у якое часам налівалі ваду, а ежу і зусім кідалі на падлогу, бо місак я не пабачыла. Мы паехалі ў краму, купілі вады — дык сабакі грызці адзін аднаго сталі за гэтую ваду. Не ведаю, колькі яны так прасядзелі.

Лайка, якую я выкупіла 28 сакавіка і адправіла сюды на ператрымку, сядзела з пераламанай лапай. З яе проста косткі тырчалі, сухажыллі ўжо падсохлі, а з-пад скуры ішоў гной. Ёй нават дапамогу ніхто не аказаў. Калі б вы бачылі, як яна прасілася да мяне! Там быў адзін пусты вальер, і я прапанавала пасадзіць лайку туды.

Муж пералез у гэты вальер і зачапіўся за нешта нагой, а там — сабака.

Мы ўзялі вілы і пачалі раскопваць — аказалася, там зусім мала саломы ляжала, а пад ёй — сабака на сабаку.

Натуральна, мы сталі ўсё гэта здымаць. Сярод трупаў я ўбачыла свайго ганчака — ён проста зверху так і ляжаў. А яна кажа, вочы яму вылечыла.

Калі пад'ехалі мінскія валанцёры, яны вырашылі праверыць смеццевыя пакеты, падышлі да тых мяшкоў і проста закрычалі: там куча сабак у мяшках ляжыць. Мы іх нават не адкрывалі.

На наступны дзень адкрылі гэтыя пакеты — там сабакі пасечаныя, са звязанымі мордамі. Гэта нейкі жах! Да гэтага часу не магу ў сябе прыйсці.

Гаспадыня папрасіла дадаць яе ў чат куратараў у Viber, каб паразумецца. Калі ёй задалі пытанне: «Ад чаго памерлі сабакі?» — яна адказала: ад інфекцыі. Якая інфекцыя так лапы ламае? У яе магільнік пасярод хлява, а ў мяшках — без сківіц, пасечаныя — гэтыя таксама ад інфекцыі? А калі сапраўды інфекцыя, то чаму яна куратарам нічога не паведаміла?

З тых часоў я яе не бачыла».

Дакладныя лічбы загінулых сабак не называюцца, валанцёры кажуць пра 30 трупаў.

З гаспадыняй цэнтра ператрымкі нам звязацца не атрымалася: на званкі яна не адказвае, у месенджарах не адгукаецца. Але мы гатовыя выслухаць і апублікаваць яе версію таго, што адбылося.

Што кажа закон?

Тыя, хто здзекуецца над гадаванцамі, не толькі псуюць сабе карму, але і прэтэндуюць на цалкам рэальны тэрмін:

за жорсткае абыходжанне, якое пацягнула гібель жывёліны, прадугледжана пазбаўленне волі да 36 месяцаў.

Яшчэ ёсць артыкул 16.29 КаАП («Жорсткае абыходжанне з жывёламі або пазбаўленне ад жывёліны») — у залежнасці ад характару наступстваў вінаватаму па ёй можа пагражаць штраф да 960 рублёў, грамадскія работы або арышт.

Афіцыйна

Афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама Аляксандра Папова паведаміла наступнае: «Да нас звярнулася з заявай адна з валанцёрак. На месца выязджаў участковы міліцыянт. Інфармацыя была намі зарэгістраваная. Праводзіцца праверка. Мы таксама перадалі яе па падведамнасці».

***

Нагадаем, у пачатку лютага пад Карэлічамі ў дамах і хляве тулілася 114 сабак без ежы, вады і святла. Валанцёры і зааабаронцы развезлі жывёл па шматлікіх ветклініках, да сябе дадому або аддалі на ператрымку — увогуле, выратавалі. Матэрыялы былі сабраныя і перададзены ў Следчы камітэт для дачы прававой ацэнкі ў рамках Крымінальнага кодэкса.

Чытайце таксама:

У Карэліцкім раёне сабак гадавалі на продаж у канцлагерных умовах

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?