Фота: Police Cantonale Fribourg / AFP / Getty
Супрацоўнікі завода ў горадзе Рамон, што ў заходнім швейцарскім кантоне Фрыбург, знайшлі белае рэчыва, калі выгружалі дастаўленыя на прадпрыемства мяшкі з кававым зернем. Пазней паліцыя высветліла, што таямнічае рэчыва — гэта какаін, піша Guardian.
Праваахоўнікі правялі ператрус у пяці грузавых кантэйнерах, дастаўленых у той дзень, і ў выніку канфіскавалі больш за паўтоны наркотыку. Але, як сведчыць паліцыя, кантэйнеры з какаінам былі ізаляваныя, у выніку рэчыва не забруджвала працэс вытворчасці на заводзе і адпаведна не магло трапіць у гатовую каву.
Першапачатковае расследаванне сведчыць, што незвычайны груз трапіў на завод з Бразіліі. Чысціня канфіскаванага какаіну склала 80%, а агульны кошт партыі перавысіў 51 мільён даляраў. Паліцэйскія лічаць, што какаін быў прызначаны для еўрапейскага рынку.