Віктар Орбан са сваім харвацкім калегам Андрэем Пленкавічам

Віктар Орбан са сваім харвацкім калегам Андрэем Пленкавічам

Віктар Орбан заявіў, што нафтавае эмбарга будзе мець для эканомікі Венгрыі «эфект ядзернай бомбы». Пры гэтым ён сказаў, што прапановы Бруселя не ўлічваюць таго, што Венгрыя можа атрымліваць нафту толькі ці праз наземны нафтаправод з Расіі, ці з поўдня, але для гэтага трэба было б, каб Харватыя павялічыла магутнасці.

«Тыя, хто маюць выхад да мора і парты, могуць дастаўляць нафту на танкерах. Калі б яны не адабралі іх (парты) у нас, у нас таксама быў бы порт», — сказаў Орбан, намякаючы на порт Рыека, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Харватыі.

Да змены межаў еўрапейскіх краін па выніках Першай сусветнай вайны Венгрыя кантралявала частку ўзбярэжжа Адрыятычнага мора, дзе Рыека тады была ключавым портам. Але па Трыянонской мірнай дамове 1920 года Венгрыя страціла дзве траціны сваёй тэрыторыі.

Харвацкія ўлады пасля гэтай заявы выклікалі пасла Венгрыі.

«Харватыя асуджае заяву прэм'ера Венгрыі Віктара Орбана. Мы таксама асуджаем любыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суверэнных дзяржаў», — заявілі ў МЗС Харватыі, адзначыўшы, што выклікалі амбасадара для тлумачэнняў, што такія ўчынкі шкодзяць добрасуседскім адносінам.

Гэта не першы падобны выпадак паміж краінамі. Два гады таму напружанне паміж Заграбам і Будапештам справакаваў венгерскі помнік да 100-годдзя Трыянонскай мірнай дамовы, на якім адлюстравалі карту былых венгерскіх тэрыторый-з часткамі сучасных Аўстрыі, Славеніі, Славакіі, Румыніі, Украіны і Харватыі.

Клас
5
Панылы сорам
26
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
25