Фота: tanya.hatsurayavorsk / Facebook

Уцёкі

Калі пачалася вайна, я была ў шоку, як і ўсе, і тыдзень проста кідалася і думала, што можна зрабіць.

Я ўдзельнічала ў акцыі 27 лютага, якая была каля Генштаба, мяне таксама затрымалі там. Я не памятаю дакладна дату [калі вырашыла з'ехаць] — Макрон пагаварыў з Пуціным і сказаў, што найгоршае наперадзе. А на той момант ужо адбываўся гэты кашмар, бамбілі і Кіеў, і ўжо было шмат ахвяр.

І калі ён сказаў, што найгоршае наперадзе — у гэты момант я зразумела, што мне вельмі важна быць з маёй сям'ёй. Я прыняла такое рашэнне, што я буду імкнуцца ўз'яднацца з маёй сям'ёй, і ўжо ва Украіне рабіць што магчыма для паражэння Пуціна.

Маршрут [якім уцякала] я не магу апісаць, але магу сказаць, што я тыдзень ехала ва Украіну.

І самы цяжкі момант быў на мяжы Украіны. Я абрэзала ўсё, масты спаліла, і тут мяне не пускаюць у краіну, бо я грамадзянка краіны-агрэсара. Гэта прамым тэкстам на мяжы мне сказалі, што ў іх ёсць пастанова аб абмежаванні ўезду грамадзян Беларусі, паколькі мы з'яўляемся грамадзянамі краіны-агрэсара, і што кожны чалавек разглядаецца індывідуальна.

У мяне ўзялі мой пашпарт, від на пастаяннае жыхарства — ён быў аформлены яшчэ ў 2018 годзе. Яны забралі ў мяне гэтыя дакументы і разглядалі ў індывідуальным парадку, магу я ўехаць ці не, пры гэтым у мяне муж і дзіця — украінцы, і яны чакалі мяне на мяжы.

Праз тры гадзіны мне сказалі, што яны мне не дазваляюць уехаць у краіну. Мяне адвялі на польскі бок і сказалі, каб я вярталася ў Польшчу. Я, натуральна, адмовілася ісці ў Польшчу. Гэта ўжо быў вечар, 10 гадзін. Я сказала, што я буду тут жыць, начаваць, нікуды не пайду, пакуль мяне не ўпусцяць.

Гэта такі яшчэ момант быў нервовы, таму што ўжо пачалася каменданцкая гадзіна. І муж з дзіцем таксама мяне чакаюць, і яны таксама не ведаюць, што ім рабіць, бо яны далёка ад дому. Я пачала ўжо ўладкоўвацца там на начлег на вуліцы, проста на выхадзе на польскі бок, усе людзі праходзяць міма, а я надзела шапачку, другую куртачку — усё, што можна, каб мне цяплей было.

Ілюстрацыя: «Медыязона»

Паралельна мой муж тэлефанаваў усюды, куды толькі можна, спрабаваў растлумачыць сітуацыю, і ўжо без усялякай надзеі, таму што вайна і ўсім пофіг. А гэта былі першыя тыдні вайны, гэта вечар 12 сакавіка. Увогуле, мы так і не зразумелі, што спрацавала. Ці хтосьці патэлефанаваў, ці яны самі прынялі такое рашэнне, але недзе праз паўгадзіны яны зноў выйшлі да мяне. Сказалі, пойдзем, мы вас прапусцім, паставілі штамп і ўпусцілі мяне ва Украіну.

Украіна

У нас ёсць кватэра, якую муж здымае ў Кіеве. Цяпер мы жывём у Драгобычы, але я кожны тыдзень прыязджаю ў Львоў і знаходжуся ў маіх сяброў-беларусаў. Мы як бы разам, але я еду то ў Кіеў, то яшчэ кудысьці. Дзе мы далей будзем жыць, мы не разумеем, таму што ў Львове цяпер мы хацелі б зняць жыллё, але яно ці вельмі дарагое, ці яго няма, бо вельмі шмат бежанцаў.

Я з першых дзён дапамагаю, мы ўжо зарэгістравалі арганізацыю, заканчваецца наша кампанія па зборы сродкаў на VAC. Гэтыя VAC-сістэмы — насамрэч вельмі-вельмі запатрабаванае абсталяванне, і яно вельмі дапамагае лекарам лячыць складаныя раны. Я буду вельмі задаволеная, калі мы здолеем. Не — калі мы гэта зробім. Гэта калабарацыя трох арганізацый — гэта дыяспара беларусаў у Італіі «Суполка», «Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці» і «Звяно».

Хацелася б запланаваных 20 апаратаў купіць. Да іх ёсць расходнікі на паўгода працы. Мы палічылі, што прыкладна 500 пацыентаў можна абслужыць. Гэта, насамрэч, немаленькая дапамога.

У мяне, можна сказаць, дзве лініі. Адна лінія — вось такая рэакцыя на патрэбы. Я адвозіла нейкія лекі ў тэраабарону як кур'ер. Узнікае запатрабаванне — я яго закрываю. Тое ж самае з VAC-сістэмамі. Ёсць патрэба ў бальніц, мы гэтую праблему сумесна вырашаем. Гэта такая рэактыўная дзейнасць. Але я, безумоўна, зацікаўленая ў тым, каб прыдумаць канцэптуальны тып дапамогі Украіне.

Я хачу, каб беларусы стварылі ва Украіне цэнтр псіхалагічнай рэабілітацыі пацярпелых ад вайны. Найперш ваенных, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Але таксама і мірнага насельніцтва. Калі мы ствараем такі цэнтр, мы ствараем інфраструктуру, мы ствараем навучаны персанал, які можа там працаваць, і мы разумеем, што патрэба ў такой рэабілітацыі ёсць, будзе ісці вайна, ці яна скончыцца.

Па-першае, мы закрываем патрэбу. Па-другое, гэта такі бачны ўклад для ўкраінцаў ад беларусаў. Нягледзячы на ​​тое, што з боку Беларусі нападаюць на Украіну, беларусы ў гэты час ужо робяць нешта, каб падзяліць адказнасць за тое, што адбываецца, і знізіць страты. Я ўпэўненая, што людзі, якія будуць карыстацца паслугамі такога цэнтра, для іх таксама не павінна заставацца пытанняў у тым, што беларусы — гэта людзі, якія падтрымліваюць Украіну, а не наадварот.

Я ўжо ездзіла па Закарпацці, глядзела аб'екты розныя. У мяне ёсць спонсар на першы ўклад у гэты цэнтр. Я размаўляла шмат з украінскімі вайскоўцамі. Зразумела, што гэта ўсё па-дылетанцку, але разам з псіхолагамі мы яшчэ будзем кантактаваць і выпрацоўваць канцэпцыю. Размаўляла з лекарамі, якіх вельмі зацікавіла такая магчымасць вахтавым спосабам да нас прыязджаць.

Зразумела, што да беларусаў цяпер павышаная ўвага з боку спецслужбаў на блокпастах і гэтак далей. Ёсць тут адкрытыя праявы дыскрымінацыі, калі ва ўстановах у Львове правяраюць пашпарты і не пускаюць грамадзян Беларусі і Расіі. Такія пераборы, безумоўна, непрыемныя. Але проста такога, што табе трэба хавацца, як габрэям, і адкрытай агрэсіі, каб я хавала, што я беларуска — я такога не адчувала.

Мы сустракаем шмат і ўкраінскіх актывістаў, і дарадцаў [кіраўніка Львова Андрэя] Садовага, якія зацікаўленыя ў тым, каб нешта рабіць з беларусамі. Яны не падзяляюць тэзы, што беларусы — гэта ворагі з краіны-агрэсара, якія павінны каяцца і ўвогуле нешта павінны. Наадварот, яны зацікаўленыя ў нейкім канструктыўным узаемадзеянні з беларусамі тут, і ў прынцыпе думаюць пра будучыню.

Магчымасць рэалізацыі я тут адчуваю значна вышэйшую. Нягледзячы на ​​складанасці, тут я магу шмат рабіць публічна і актыўна. У Беларусі я магла рабіць мала і непублічна.

Клас
27
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру