Еўракамісія ў мэтах барацьбы супраць арганізаванай злачыннасці мае намер прапанаваць папраўкі ў заканадаўства, якія спросцяць канфіскацыю маёмасці, нажытай злачынным шляхам. Новыя меры плануецца распаўсюдзіць таксама на расійскіх і беларускіх бізнэсменаў і палітыкаў, звязаных з вайной Расіі ва Украіне.

«Еўракамісія ў найбліжэйшы час выкажа прапанову аб удасканаленні дзеючых прававых рамак ЕС, якія тычацца канфіскацыі маёмасці, каб узмацніць паўнамоцтвы нацыянальных органаў правапарадку па выяўленні, замарозцы і канфіскацыі маёмасці, якая нажытая злачынным шляхам, і кіраванне ёй», — сказаў Маргарыціс Схінас, адзначыўшы, што дзеючых законаў недастаткова, каб пазбавіць арганізаваную злачыннасць высокіх прыбыткаў.

Па словах Схінаса, аб'ём злачынных даходаў у ЕС складае не менш за 139 мільярдаў еўра, але з гэтай сумы ўдаецца канфіскаваць толькі адзін працэнт.

Распрацаваныя Еўракамісіяй папраўкі дазволяць канфіскаваць злачынныя сродкі і кіраваць імі без абвінаваўчага прысуду суда, адзначыў Схінас.

Ён таксама паведаміў, што новыя правілы дапамогуць Еўракамісіі больш эфектыўна выконваць санкцыі супраць алігархаў і блізкіх да Пуціна палітыкаў.

«Вельмі канкрэтны прыклад таго, наколькі важная замарозка і канфіскацыя маёмасці, мы бачым у сувязі з санкцыямі ЕС супраць расіян і беларусаў, якія спрыялі вайне ва Украіне», — сказаў Схінас.

Клас
18
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
4