Усе фота: кампанія Renault

Усе фота: кампанія Renault

— У нас цяпер нельга называць рэчы сваімі імёнамі. У нас таму «спецаперацыя», «хлапок», «падтапленне».

Замест таго каб выйсці і сказаць, што заводу канец, нічога там больш не будзе ніколі, у нас навіну ў іншы пакунак заварочваюць: там будуць вырабляць аўтамабілі «Масквіч», завод будзе жыць, мы не можам ахвяраваць пралетарыятам, таму нашы рабочыя павінны застацца ля станка.

Мы памятаем дагэтуль, што «мерилом работы здесь считают усталость», таму вельмі важна, каб людзям было куды хадзіць. Чым яны будуць займацца, не мае ніякага значэння.

Але што такое завод Renault сёння?

Гэта фінальная кропка зборкі. З усяго зямнога шара туды звозілі камплектуючыя.

Зверху стаяў Renault як генеральны закупшчык па ўсім свеце гэтых тавараў. Ён дзесьці замаўляў выраб, дзесьці браў удзел у праектаванні. І вось, сабраўшы гэту велізарную колькасць дэталяў, ён іх пераразмяркоўваў. Нешта адпраўляў на завод Mitsubishi, нешта — на Nissan, нешта на Renault, нешта — на «АўтаВАЗ». Цяпер Renault сышоў. Купляць няма каму, размяркоўваць няма каму, і да ўсяго іншага, да таго, што сышоў галоўны гулец, у нас няма кампетэнцый, няма ўменняў рабіць машыны без дапамогі.

На Renault у нас з чужымі дэталямі, з чужымі кампетэнцыямі выпускалі чужы выраб. Што цяпер можна выпускаць на гэтым заводзе? Можна выпускаць рыдлёўкі, прасы (але з гэтым складаней), можна рабіць паходныя мангалы. Усё. Больш нічога там быць не можа.

І калі ТАСС, цытуючы Мінпрамгандаль, заяўляе, што праз некалькі месяцаў, да канца года там ужо будзе вытворчасць аўтамабіляў, — гэта няведанне тэмы. Аўтамабілю ўзяцца няма адкуль і, самае галоўнае, няма такога аўтамабіля.

Renault сышоў назаўсёды, спісаўшы страты ў 2 млрд еўра і сказаўшы: божа, дзякуй, нарэшце мы пазбавіліся. Не трэба забываць, па якой прычыне Renault апынуўся ў Расіі. Яго сюды прыгналі з-пад палкі для паляпшэння кантракту па куплі [Расіяй у Францыі] двух «Містраляў» — верталётаносцаў. І вось тады да нас прыйшоў Renault. Карлас Гон (былы гендырэктар Renault — НН) не хацеў гэтага кантракту, ён не прыехаў у Маскву на яго падпісанне, даслаў свайго намесніка. Але французы па-сумленнаму працавалі для нас, рабілі машыны.

Больш ніякага Renault там быць не можа. Мы павінны сваю нейкую зрабіць машыну, прыдумаць яе. Гэта значыць, мы дастаем аднекуль з пыльнай палічкі нейкія чарцяжы, дзесьці за кутом у нас затаіліся станкі. Завод «Масквіч» на гэтым месцы быў у 8 разоў большы, чым цяперашні фінальны ўчастак зборкі «Дастэраў», таму што гэта была канчатковая стадыя — усё прывезлі і ўсё сабралі.

Завод «Масквіч» вырабляў рухавікі, у яго была свая штампоўка. На заводзе Renault гэтага няма. Значыць, дзесьці побач павінна з'явіцца вытворчасць: тут крылы штампуюць, тут дахі, тут правады нацягваюць, тут шыны рыхтуюць, тут сядзенні набіваюць, тут з пластыка рулі адліваюць.

І калі Сабянін кажа, што мы адродзім «Масквіч», мы, вядома, малюем сабе змрочную перспектыву, што гэта будзе «Масквіч»— 412 або 403, што дзесьці ёсць станкі, якія ўмеюць яго рабіць. Але гэтага няма. Ёсць пралетарыят, які ўмее гэта рабіць? Не.

І тады мы разумеем, што, напэўна, Кітай прыйдзе. Кітай, прыходзь. Вопыт Huawei (кітайскі гігант у сферы тэлекамунікацый прыпыняе працу ў Расіі, баючыся другасных амерыканскіх санкцый — НН) цябе ж навучыў, што можна паспрабаваць паспрачацца з Амерыкай, якая абяцае санкцыі. Прыходзь — мы ж выгадныя партнёры. Лагістычны калідорчык у 6 тысяч кіламетраў ад кітайскай мяжы да Масквы — выгадна ж вазіць запчасткі — усе 100%, у тым ліку балты і гайкі. Збірай нейкія машыны, а мы на іх налепім лагатып «Масквіч».

Але Кітай да нас таксама не прыйдзе.

Распрацаваць аўтамабіль з нуля каштуе 1 мільярд еўра. У нас, напэўна, ёсць лішні мільярд. Але ні да канца года, ні да канца пяцігодкі нічога падобнага не будзе.

Мы не ўмеем рабіць ABS, аўтаматычныя каробкі перадач, мы шмат чаго не ўмеем рабіць — нам гэтага ніхто не паставіць. А перад намі стаіць задача — на рынку ў крызісе, пры пакупніках, якія разбягаюцца, пабудаваць аўтамабільны завод па выпуску чагосьці такога пад назвай «Масквіч» з дэталяў, якіх у нас няма. І што гэта будзе? Сучасны, як мы гэта любім, на ўзроўні замежных аналагаў, аўтамабіль?

Учора Мішусцін падпісаў пастанову № 855 аб вяртанні нас да Еўра-0 (а гэта стандарты, умоўна, 1960 года).

Супаставіўшы пастанову Мішусціна з прамовай Сабяніна і абяцаннем Мінпрамгандлю, мы атрымліваем вытворчасць, напэўна, 21-й Волгі альбо 408-га «Масквіча», але рабіць, напэўна, прыйдзецца з бяросты, лыка і без аніводнага цвіка. Таму што іншых варыянтаў у нас няма.

Клас
29
Панылы сорам
7
Ха-ха
153
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
3