Мапа баявых дзеянняў па стане на 20 мая. У наступныя дні расіянам удалося сціснуць кальцо атачэння вакол Лісічанска і Севераданецка. Чырвоным пазначаныя акупаваныя тэрыторыі. Крыніца: liveuamap.com

Сітуацыя на ўсходзе Данбаса для абаронцаў стала вельмі цяжкай. За апошні тыдзень расіяне прарвалі фронт і дамагліся сур'ёзных поспехаў. Украінцам, падобна, бракуе сіл, і яны змушаныя адступаць.

Два тыдні таму расіяне пацярпелі буйную паразу на паўночным фланзе Данбаса пры спробе фарсіраваць раку Северскі Данец. Але на іншых кірунках справы ў Расіі пайшлі лепш.

Спачатку ім удалося прарваць лінію абароны ў раёне Папаснай і прасунуцца далей у трох кірунках. Некаторыя аналітыкі кажуць, што такую цану давялося заплаціць за абарону Данца, сілы былі адцягнутыя туды. А 25 мая расіяне выйшлі на дарогу Бахмут-Лісічанск, галоўную артэрыю забеспячэння ўкраінскіх войскаў у раёне прамысловага Лісічанска і Севераданецка, адміністратыўнага цэнтра Луганскай вобласці. Пакуль абаронцы трымаюцца, але ёсць шанец, што ім давядзецца адступіць, каб пазбегнуць акружэння.

Акрамя таго, складаная сітуацыя і ў абаронцаў Лімана, апошняга вялікага горада на поўнач ад ракі Северскі Данец. Расійскае войска ўжо ўвайшло ў горад, а абаронцы адступілі ў прыгарады і за лінію чыгункі.

На поўдні Данбаса расіяне таксама ціснуць. Ім удалося ўвайсці ў прыгарад Данецка Аўдзееўку, але тут не адбылося такога маштабнага прарыву, як у раёне Папаснай.

На іншых франтах у раёне Харкава, на Херсоншчыне і ў Запарожжы, усё стабільна.

Выглядае, што рускія маюць перавагу ў баях на Данбасе. Эксперты звязваюць гэта з тым, што перадавыя часці ўкраінцаў значна пацярпелі ў выніку працяглых баёў, а дамінаванне расіян у паветры і знішчэнне паліўнай інфраструктуры ўскладняе перакіданне ўкраінскіх умацаванняў. Пасля правалу бліцкрыга расіяне павольна і метадычна атакуюць сяло за сялом і горад за горадам.

Але Ігар Гіркін, былы міністр абароны г. зв. «ДНР», сцвярджае, што ва украінцаў усё ідзе па плане. Паводле ягоных словаў, яны ўжо вырашылі паступова выводзіць войскі з усходняй часткі выступу ў Данбасе і фарміраваць моцную лінію абароны на лініі Бахмут-Северск, у прыгарадах Краматорска і Славянска, дзе пазіцыі ва ўкраінскага войска падрыхтаваныя.

Гэта яшчэ не параза

Хоць гэта выглядае як катастрофа, але сітуацыя не зусім такая. Для Украіны цяпер важней захаваць жывымі як мага болей сваіх добрых ваяроў.

З пачатку вайны яны абараняюцца гнутка. Час ад часу нават адыходзяць з пазіцый без бою, каб нанесці моцны ўдар расіянам у іншым месцы. Цяпер галоўная задача — гэта не спыніць расійскае войска, як гэта зрабілі на поўначы Украіны, а нанесці яму найбольш стратаў і абяскровіць яго. Гэта зробіць далейшы наступ і прасоўванне ўглыб Украіны проста немагчымым.

Нават калі расіяне захопяць большую частку Данбаса, гэта не будзе азначаць іхнюю перамогу. Расійская прапаганда будзе падаваць гэта як велізарны поспех, але гэты поспех будзе аплачаны вялізарнай крывёю. Незразумела, які сэнс у такіх «перамогах». Бо ў вайне важна не тое, якую ты акупаваў тэрыторыю, а тое, ці здольны вораг супраціўляцца. Ва ўкраінцаў з гэтым няма праблемаў.

Многія аналітыкі мяркуюць, што Расія кінула ўсе свае сілы на захоп Данбаса і не мае болей рэзерваў. І калі ўкраінцы будуць разумна адступаць і выбудуюць гнуткую, але моцную лінію абароны, то спыняць наступ. У выніку расіяне не здолеюць акружыць групоўкі ўкраінскіх войскаў на Данбасе, а ўкраінцы не згубяць баяздольных часцей.

Загадка яшчэ ў тым, дзе менавіта Украіна назапашвае свае вялікія рэзервы. Тэарэтычна, тыя сілы, якія цяпер акумулюе краіна і якія не ваююць на перадавой Данбаса, можна ўвесці ў гульню ў зручны момант.

Украінцы могуць марудзіць з уводам іх у строй, каб спачатку пашкуматаць расіян і добра падрыхтаваць свае войскі. Той факт, што яны не кінулі ўсе сілы ў Данбас, сведчыць пра нейкі план і пра тое, што Украіна пачуваецца досыць упэўнена ў бягучай сітуацыі.

Клас
134
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
9
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру