На мінулым тыдні жонка Алега Мар’яна трапіла на спатканне з ім:

«На спатканні Алег сказаў, што, калi шчыра, то ён ужо хацеў бы хутчэй пераехаць на «новае месца жыхарства» ў калонiю, бо ў СIЗА яму ўжо цяжка — мала руху i свежага паветра (сукамернiкi кураць). Сказаў, што ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, стараецца глядзець за здароўем. Кожную ранiцу абціраецца халоднай вадой (iншай няма ўвесь гэты час), робiць фiзічныя практыкаваннi (адціскаецца, прысядае i г.д.), ходзiць i бегае па перыметрах у дворыках падчас прагулак». 

Пастаянна праводзiць работу сярод хлопцаў-сукамернiкаў, каб кiдалi курыць. У вынiку некаторыя хлопцы сталi курыць радзей удзень, а адзiн 18-гадовы хлопец нават кiнуў.

Алег распавядае хлопцам шмат розных цікавых рэчаў, асабліва гістарычных. I гэты хлопец часта падыходзiў да яго і казаў: «Дзядзька Алег, а раскажыце яшчэ штосьцi цiкавае», альбо сам задаваў яму гістарычныя пытанні. Алег кажа, што заўсёды i з усiмi ён размаўляе толькi па-беларуску, i ўсе ўжо прывыклi — i сукамернiкi, i супрацоўнікі СIЗА.

Спадзяваюся, што гэтак будзе i ў калонii. Цяпер ён мусiць знаходзiцца там на каранціне 2-3 тыдні. Колькi дакладна ён будзе, даведаемся пазней, калi прыйдуць першыя звесткi з «новага месца жыхарства», — расказала Мар'яна Груздзіловіч «Радыё Свабода».

Таксам да жонкі працягваюць прыходзіць лісты і малюнкі журналіста, якія ён пасылаў яшчэ з СІЗА.

Партрэт жонкі, намаляваны Алегам Груздзіловічам

Партрэт жонкі, намаляваны Алегам Груздзіловічам

***

3 сакавіка Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі паводле ч. 1 арт. 342 КК — ён нібыта прымаў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў той момант, калі яго пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. 

Адрас для падтрымкі: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183 (на лістах пазначайце «каранцін»).

Усяго за кратамі на гэты момант знаходзіцца 27 журналістаў і работнікаў СМІ.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
3