Праз тры дні пасля поўнамаштабнага ўварвання, мінімальна ачуняўшы ад кавіду, ён пайшоў у ваенкамат. Адтуль — у добраахвотніцкае фарміраванне тэрграмады Вышгарада, валанцёрскі цэнтр і нарэшце — у мясцовы морг, куды пасля дэакупацыі Кіеўшчыны пачалі звозіць забітых расіянамі ўкраінцаў. Закатаваных, расстраляных аўтаматнымі чэргамі і нават без галоў.

У размове з «УП» Александр распавёў пра стадыі прывыкання да мерцвякоў, галюцынацыі ад паху морга, самы складаны момант у зносінах са сваякамі загінулых і ўплыў працы ў моргу на творчасць.

«Амаль усе ваенныя былі застрэленыя ў патыліцу»

Трупы пачалі прывозіць у апошнія дні сакавіка, калі расіяне сталі адступаць з Кіеўшчыны. Спачатку былі вёскі, а потым Буча, Ірпень, Барадзянка. Прывозілі і вайскоўцаў, украінскіх — рускіх у нас не было, але адсоткаў 80 трупаў былі цывільнымі.

Наконт вайскоўцаў: мяркую, што гэта забітыя палонныя — яны амаль усе застрэленыя ў патыліцу. Некаторыя — са слядамі катаванняў.

Вялікая колькасць людзей, калі казаць і пра ваенных, і пра цывільных, была забітая такімі… дроцікамі, пра якія пісала The Guardian (флэшэты — малюсенькія металічныя дроцікі, якія вылятаюць са снарада падчас выбуху. — УП). Таксама было шмат застрэленых ‒ часам адным стрэлам, часам чаргой, як адна пажылая жанчына. Што яна магла такога зрабіць, каб выдаткаваць на яе столькі патронаў? Не ведаю.

Было яшчэ трохі людзей з лякарні ‒ на іх целах не было кулявых адтулін, магчыма, яны памерлі ад недахопу лекаў.

З валанцёраў нас засталося працаваць чацвёра — гэта мінімум для морга. Я ўсё разумею, не кожны можа такое вытрымаць псіхалагічна. Але я ў прынцыпе прывык закрываць усе дзіркі: калі дзесьці не хапае людзей, я туды іду.

Цікава, што двое з чатырох валанцёраў — культурныя дзеячы, гэта я і Мікіта Гаўрыленка (музыка, удзельнік дуэта «Герць». ‒ УП), вы маглі чуць яго песню пра «Джавелін».

Мы з ім неяк нават казалі, што, магчыма, нам лягчэй перажываць гэтыя падзеі, таму што пазней мы іх адрэфлексуем праз мастацтва. Наша псіхіка загадзя ведае пра такую опцыю. Усе страшныя падзеі застаюцца з табой назаўжды, проста з часам ты можаш іх пераасэнсаваць, перапражыць.

«З трыццаццю целамі за дзень не справіцца»

Ёсць чатыры ўзроўні набліжанасці да мёртвага цела: першы — цябе шакіруе нават яго выгляд, але ты ў прынцыпе можаш глядзець на яго і пераносіць яго ў мяшку; другі — ты можаш дакранацца да цела скрозь вопратку; трэці — без адзення; чацвёрты — рэзаць.

Да чацвёртага я не дайшоў. Я не маю для гэтага кваліфікацыі ды і не палаю жаданнем, калі шчыра.

Стандартны працэс адбываецца так: прыязджае машына, напрыклад, з Бучы, яе трэба разгрузіць — перанесці людзей у пакетах, часам замяніць пакеты, таму што яны рвуцца. Мы складваем целы ў мясцовы халадзільнік — але там усяго 10 месцаў, гэта так, каб не кідаць іх адзін на аднаго — або рэфрыжэратар.

Далей целы аддаюцца ўкраінскай паліцыі — разам з патолагаанатамам яна іх аглядае, піша, цела ідэнтыфікаванае ці не. Калі не, то выразаюць частку косткі (паказвае на нагу ніжэй калена. — УП) на аналіз ДНК.

У гэты момант ім трэба дапамагаць — распранаць людзей, пераварочваць іх, бо калі адразу прывезлі 30 цел… А целы ж могуць быць паўзгніўшыя, выкапаныя з зямлі. Хоць найбольш страшна — гэта калі яны са слядамі катаванняў. Калі ты не разумееш, што можна было зрабіць з чалавекам, каб потым ён выглядаў так…

Наогул, з трыццаццю целамі за адзін дзень не справіцца. З пятнаццаццю — так, калі вельмі цяжка працаваць.

Таксама паліцыя адфатаграфуе ўсе целы і дасылае фота ў спецыяльную групу ў Тэлеграме — так сваякі могуць кагосьці апазнаць. Некаторыя так сваіх і знаходзіць.

Потым, калі з'явілася французская навуковая жандармерыя, мы пачалі частку целаў — расстраляных, са слядамі катаванняў — перадаваць ім. Наколькі я разумею, яны займаліся менавіта дакументаваннем ваенных злачынстваў.

Забіты ў патыліцу ваенны палонны іх цікавіў менш — бо гэта ж вайна, а вось велізарная колькасць цывільных, забітых дроцікамі, зацікавіла адразу, таму што гэта забароненая зброя.

Пасля агляду цела вяртаюць у вялікі рэфрыжэратар.

У нейкі момант цел у ім стала так шмат, што знайсці там каго-небудзь было немагчыма. Непрыемная дэталь, але, каб дайсці да канца, трэба было ісці па трупах.

Кажуць: «Французскай жандармерыі трэба такі-та», — і ты шукаеш, прыносіш, потым адносіш назад. Гэта як на складзе працаваць, толькі ў цябе замест рэчаў — мерцвякі. А потым прыязджаюць сваякі, і пачынаецца самая пакутлівая частка працы.

«Цяжэй за ўсё пытацца ў сваякоў: «Цела будзеце глядзець?»

Ад моманту паступлення цела ў морг да выдачы сваякам можа прайсці два дні, а можа і два тыдні. Гэта не заўсёды працэс, які можна кантраляваць.

Часам у мясцовы штаб прыходзілі сваякі і казалі: «Мы пойдзем з вамі ў морг шукаць цела!» На што мы кажам: «Гэта вельмі страшнае месца, мы не хочам, каб вы на гэта ўсё глядзелі — вам стане толькі горш, праўда. Проста чакайце. Калі цела выкапалі, то яно ўжо трапіла ў надзейныя рукі. Я вам гарантую, што мы ўсіх асцярожна, з павагай складваем».

Часам сваякі галосяць вельмі моцна. Нават сляды катаванняў можна перажыць, таму што гэта цябе, вядома, шакіруе, але гэта твае ўнутраныя перажыванні. А бачыць гэтыя пакуты звонку — вельмі цяжка.

Зрэшты, цяжэй за ўсё пытацца ў сваякоў: «Цела будзеце глядзець?»

Спачатку не мог у гэты момант быць з імі, прасіў кагосьці з паліцыі, але потым ужо і сам паказваў — да ўсяго ж прывыкаеш. Да мерцвякоў я, у прынцыпе, прывык за два дні.

Першае, да чаго трэба прывыкнуць, гэта пах — ён салодкі і непрыемны, гэта пах тлення. Само цела пасля смерці жоўкне, сінее, зелянее — па-рознаму, усё залежыць ад умоў захоўвання. Наколькі я разумею, раскапаныя захаваліся лепш за тых, што ляжаў на вуліцы.

Не ўсе людзі, дарэчы, пазнаюць сваіх родных. Яны прыязджаюць, ужо ведаюць нумар цела, высвятляюць усю дакументацыю з лекарам, а потым глядзяць на адзенне, на радзімкі і не пазнаюць. Іх псіхіка не прымае ўбачанага.

А часам не можа пазнаць, таму што, напрыклад, галавы няма. Ніжняя сківіца ёсць, а галавы няма. Такія цела мы таксама паказваем, гэта іх права, да таго ж — яны гэтае цела забіраюць, ім яго хаваць.

Хоць спачатку ты стаіш і думаеш: а што паказаць у целе без галавы? Потым паказваеш вопратку, здымаеш частку адзення, калі яны ведаюць нейкія прыкметы. Сваякі глядзяць, трымаюцца на нагах і глядзяць. Калі блізкі вам чалавек загінуў, вы б не глядзелі? Глядзелі. Потым, можа, страцілі б прытомнасць, але спачатку глядзелі б.

Да таго ж, людзі звычайна не па адным прыязджаюць, а па двое-трое — двое галосяць, адзін глядзіць. Хтосьці ціха плача, хтосьці гучна.

«Калі б рускія зайшлі ў Вышгарад, я б не хацеў, каб мне выпалілі вочы — я бачыў такі труп»

Для нас саміх адсутнасць галавы ці вось калі яна з пакета выкочваецца — гэта самае страшнае. Бо калі цела разварушанае — гэта адно, да гэтага ты хоць бы трохі гатовы, ты бачыў раней мёртвых жывёл, ты можаш сабе гэта ўявіць. А вось адсутнасці галавы ты не ўяўляў ніколі.

Да вайны мы не думалі, як гэта, калі над галавой лётаюць ракеты.

Часам ад працы ў моргу з'яўляецца эмацыйны стрэс, і ты пачынаеш размаўляць з мерцвякамі. Заходзіш у рэфрыжэратар са словамі: «Дарагія сябры, у мяне няма для вас добрых навін — сваякі не прыязджалі, вас не пазналі. Але ёсць новыя французскія пакеты! Модныя белыя пластыкавыя пакеты!»

А потым ідзеш дадому і думаеш: вось калі б рускія зайшлі ў Вышгарад і забілі мяне, таму што я быў у гэтых «расстрэльных спісах», то чаго б я не хацеў?

Не хацеў, каб вочы выпальвалі — я бачыў такі труп. Не хацеў бы, каб мяне ў чорны пакет паклалі, лепш у белы. Чорныя — гідкія і рвуцца. Вось такія думкі часам лезуць.

Яшчэ вельмі цікавы досвед: калі набліжаюцца рускія войскі, тваё цела аж адчувае небяспеку. Гэтак жа цялесныя адчуванні змяняюцца, калі яны сыходзяць. Верагодна, гэта спрацоўвае менавіта спінны мозг — ён трубіць: «Небяспека! Трэба бегчы!», тады як галаўны кажа: «Ніхто нікуды не ўцякае — тут шмат працы». І ў іх нібыта такі пэўны канфлікт.

Дарэчы, пра «шмат працы» — пах морга лёгка змываецца, але бываюць галюцынацыі. У мяне яны былі першыя 3-4 дні — я рэзка пачынаў адчуваць гэты пах, а потым перапытваў у людзей побач, і яны казалі, што гэта мне здаецца. Гэта настолькі шакуе тваю свядомасць, што пачынае табе мроіцца.

Часам я сядзеў вечарам у кватэры і чуў, як нехта шамаціць відэльцамі на кухні. Але я сабе казаў: «Гэта нашы, родныя ўкраінскія мерцвякі, з акупантамі мы не працуем — хай прыходзяць і забаўляюцца сабе! Хто я такі, каб ім перашкаджаць? Ім і так было нялёгка».

Калі ты датыкаешся да смерці, то ўспрымаеш усё па-іншаму. Смерць — частка жыцця, ад яе нікуды не ўцячы. Я вось пасля гэтага, хутчэй за ўсё, буду рабіць праект пра смерць.

На другі тыдзень у моргу я ўзяў з сабой камеру, але яшчэ не мог фатаграфаваць. Па першых фота відаць, што я раблю іх з перапуду. А потым асмялеў, і так з'явілася ідэя пра творчую рэфлексію — я хачу зрабіць кніжачку са сваімі разважаннямі. Там будуць дакументы, візуальная паэзія і тэксты.

Мае бацькі лічылі, што чалавек памірае і ўсё — пасля яго застаюцца хіба ўспаміны ў сваякоў. А я разумею, што пасля нас застаецца наш уплыў.

Чалавек і пасля смерці можа нешта зрабіць —напрыклад, даказаць ваеннае злачынства. Гэта такая форма помсты ад мерцвякоў.

«На жаль, свой унёсак у гэтую справу я пачала рабіць толькі з 2020 года, з 9 жніўня». Як беларуска крута змяніла сваё жыццё

Украінец, якога вывезлі з Гастомеля ў Беларусь, расказаў, як іх апрацоўвалі ў санаторыі «Чонкі», у тым ліку прадстаўнікі Чырвонага Крыжа

Хто пераможа: Украіна ці Расія? Wall Street Journal апісаў пяць сцэнарыяў заканчэння вайны 

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
68
Абуральна
3