Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com

— Беларускія медыцынскія ВНУ перасталі выдаваць навучальны план. Сказалі, што гэта загад рэктара на падставе рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя, — расказаў Zerkalo.io чытач-медык.

Каб праверыць, ці сапраўды дакумент перасталі выдаваць, журналіст патэлефанаваў ва ўсе медыцынскія ВНУ Беларусі як прыватная асоба з адным і тым жа пытаннем: «Як атрымаць навучальны план?». Адказы выйшлі прыкладна аднолькавыя.

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце сказалі, што такія дакументы не выдаюць, і больш падрабязна на гэтую тэму размаўляць не захацелі, дадаўшы толькі, што заканадаўствам такія дакументы не прадугледжаныя.

У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце пра сітуацыю расказалі крыху больш падрабязна. Прыпыненне аказання паслугі зроблена па загадзе рэктара, у пералік абавязковых дакументаў для выдачы навучальны план не ўваходзіць.

У Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце сітуацыя аказалася аналагічнай. Ёсць распараджэнне ад рэктара: грамадзянам Рэспублікі Беларусь дакумент не выдаваць. Выдаюцца толькі для замежных грамадзян. Рэктар распараджэнне, відаць, выдаў на падставе рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя.

Як растлумачылі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, такое абмежаванне ўвялі зусім нядаўна, яны перасталі выдаваць навучальныя планы на платнай аснове з 23 мая. Тут гэта робіцца на падставе Савета універсітэта. Выдаюцца толькі дыплом і дадатак да дыплома.

Таксама журналісты Zerkalo.io спрабавалі атрымаць каментар адноснага такой рэкамендацыі ў Міністэрстве аховы здароўя. Але датэлефанавацца на «гарачую лінію» ведамства не выйшла.

Ці патрэбен навучальны план для працаўладкавання медыкаў за мяжой?

Каб зразумець, ці можа адсутнасць вучэбнага плана з універсітэта ўскладніць працаўладкаванне для беларускіх лекараў за мяжой, пагаварылі з медыкамі, якія ўжо працуюць у Еўропе.

Аказалася, такая навіна ад беларускіх ВНУ не моцна зменіць сітуацыю з непрызнаннем дыпломаў. Напрыклад, беларуска Наталля ўжо больш за пяць гадоў працуе стаматолагам у Вялікабрытаніі і расказвае: здаваць экзамен прыйдзецца ў любым выпадку. Яе навучальны план уважліва вывучылі, паглядзелі колькасць гадзін інтэрнатуры, якія прайшла дзяўчына. Але ад іспыту дакумент не вызваліў.

Калі навучальнага плана не будзе, праблемы не ўзнікне, распавядае Наталля. Проста будзе больш папяровай цяганіны: трэба будзе напісаць заяву, што атрымаць гэты дакумент няма магчымасці, і засведчыць яго натарыяльна.

— Падчас экзамена ў Англіі трэба здаваць абсалютна ўсё: і тэорыю, і практыку. Мы здавалі тыя ж самыя іспыты, якія здавалі студэнты, якія сканчаюць тут стаматалагічны факультэт, — тлумачыць Наталля.

Пра тое, што без навучальнага плана можна абысціся, расказвае і Дзмітрый, які працуе медыкам у Германіі. Паводле яго слоў, для беларускага лекара ёсць два варыянты атрымаць ліцэнзію: з экзаменам і без.

Для першага варыянта навучальны план не патрэбен — лекар знаходзіць месца ў клініцы, збірае пакет дакументаў і падае яго ў мясцовае Міністэрства аховы здароўя. Калі з дакументамі ўсё добра, здае моўны экзамен па медыцыне і атрымлівае часовы дазвол на працу. І потым павінен здаць экзамен.

— Я пайшоў гэтым шляхам: працую па часовым дазволе, і ў кастрычніку-лістападзе буду здаваць экзамен. Ён не такі страшны. Так, да яго трэба рыхтавацца, але здаць яго па сілах, — тлумачыць ён. — Ёсць варыянт атрымаць ліцэнзію і без экзамена, расказвае суразмоўца, і там сапраўды патрэбны навучальны план. У такім выпадку медык падае свой дыплом на прызнанне — улічваюцца і пройдзеныя курсы, і стаж.

— Але такі варыянт даволі дарагі: пераклад навучальнага плана каштуе каля дзвюх тысяч еўра, а сам працэс прызнання — каля трох тысяч. Да таго ж у многіх землях Германіі чалавек не можа працаваць, пакуль яго дыплом прызнаюць (а гэта можа доўжыцца каля года).

Таму, рэзюмуе Дзмітрый, хутчэй за ўсё беларускія лекары няшмат страцяць, калі не змогуць атрымаць ва ўніверсітэце навучальны план.

Клас
7
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
7