Фота: pixabay.com
Доктар Джэйкаб Лаві, трансплантолаг з медыцынскага цэнтра імя Хаіма Шэбы ў Ізраілі, разам з калегамі правёў даследаванне на гэтую тэму. Навукоўцы вывучылі амаль тры тысячы клінічных справаздач, апублікаваных у выданні American Journal of Transplantology, і знайшлі шмат сведчанняў хірургаў пра забор органаў у яшчэ жывых пацыентаў, піша Wall Street Journal.
Вось, напрыклад, радкі са справаздачы з горада Ухань: «Калі раскрылі грудную клетку донара, разрэз грудной сценкі быў бледным і бяскроўным, а сэрца мела фіялетавы колер і слаба білася. Але біццё сэрца ўзмацнілася адразу пасля інтубацыі трахеі і аксігенацыі». Нягледзячы на гэта, сэрца донара забралі.
Пры гэтым указанне, што донара падключылі да штучнай вентыляцыі лёгкіх («інтубацыя трахеі») толькі ў сярэдзіне аперацыі, сведчыць: калі яна пачалася, чалавек яшчэ быў жывы.
Каб можна было засведчыць смерць мозга, донар органаў павінен страціць здольнасць самастойна дыхаць і ўжо прайсці праз інтубацыю, і толькі пасля гэтага можна праводзіць трансплантацыю. Гэты важны медыцынскі прынцып звязаны з базавым этычным правілам транспланталогіі: жыццёва важныя органы можна выдаляць толькі ў донараў, якія ўжо памерлі.
Тым не менш, згодна з даследаваннем Лаві і яго калег, за трыццаць гадоў у 56 кітайскіх бальніцах было мноства выпадкаў, калі смерць мозга нібыта была зафіксаваная яшчэ да таго моманту, як была праведзеная інтубацыя. У вышэй азначаным выпадку ва Ухані інтубацыя прайшла падчас аперацыі, часам яе ўвогуле не праводзілі.
У Кітаі шырока распаўсюджаны гандаль органамі, і ў гэтых мэтах кітайскія ўлады забіраюць органы ў асуджаных на смяротнае пакаранне і ў вязняў сумлення. Але дагэтуль не было сістэмных даследаванняў таго, як самі лекары ў гэтым удзельнічаюць.
Доктар Лаві з калегамі выявілі 71 клінічную справаздачу, у якой яўна прасочваецца ўдзел хірурга ў забойстве донара, але, верагодна, такіх гісторый нашмат больш. Навукоўцы здолелі прасачыць іх наяўнасць у перыяд да 2015 года, але яны не вераць у тое, што злачынствы скончыліся. Медыкі спадзяваюцца, што пасля публікацыі іх даследавання ў адным з галоўных часопісаў па транспланталогіі Захад больш не здолее ігнараваць гэты чорны бок кітайскай медыцыны.
У Кітаі заканчваецца вада. Суседзі баяцца, што краіна пачне прысвойваць іх водныя рэсурсы





