Пра адмену апошняй гадзіны польскай мовы і літаратуры паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 36 Данута Сурмач. У бацькоў гэтая інфармацыя выклікала «глухую злосць і бяссілле», сказала Hrodna.life маці вучня школы Наталля Сарока.

Па словах Наталлі, бацькі будуць спрабаваць адстаяць права праводзіць заняткі па польскай мове і літаратуры альбо арганізаваць факультатыў.

Пра тое, што з верасня 2022 года ў польскіх школах у Гродне і Ваўкавыску заняткі будуць весці на рускай мове, стала вядома ў красавіку 2022 года.

Кіраўніцтва школы спаслалася на змены ў Кодэксе аб адукацыі. Паводле закона, цяпер у Беларусі выкладанне на мовах нацыянальных меншасцяў не прадугледжваецца. У выніку большасць прадметаў будзе па-руску, па-беларуску — толькі гісторыя Беларусі і частка прадмета «Чалавек і свет», а па-польску — увогуле нічога.

Моўнае пытанне ў польскай школе ўздымалі і раней. Першы раз — у 2012 годзе, калі прапанавалі стварыць асобныя рускамоўныя класы. У 2017 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі планавала перавесці частку прадметаў і экзаменаў на дзяржаўныя мовы.

Тады бацькі апелявалі да польска-беларускіх дамоўленасцяў, паводле якіх гэтая школа, пабудаваная за польскія грошы, павінна выкарыстоўвацца толькі для навучання на польскай мове.

У жніўні 1995 года Саюз палякаў Беларусі падпісаў дамову з Гродзенскім гарвыканкамам. У пункце 1.3 гэтага дагавора пазначана, што будынак школы, пабудаваны за грошы польскіх падаткаплатнікаў, павінен выкарыстоўвацца як школа з польскай мовай навучання. Змяніць гэта можна толькі па пагадненні бакоў. На такіх жа ўмовах у 1999 годзе адкрылі школу ў Ваўкавыску. Але гэта мае значэнне толькі тады, калі ў краіне хоць бы трохі да законаў.

Школа ў Ваўкавыску будзе пераведзеная з восені на рускую мову таксама. Таксама ліквідуюцца літоўскія школы ў вёсках Пеляса Воранаўскага і Рымдзюны Астравецкага раёнаў.

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
21