Дапамога надаецца, каб Украіна магла даць адпор расійскай агрэсіі і ўзмацніць свае пазіцыі на перамовах, сказаў Блінкен.

«Адносна зброі, якую будзе дадзена, украінцы запэўнілі нас, што яны не будуць выкарыстоўваць гэтую сістэму супраць цэляў на расійскай тэрыторыі. Паміж Украінай, ЗША і нашымі партнёрамі ёсць давер», — сказаў Блінкен.

Дзяржсакратар адзначыў, што Байдэн выразна папярэджваў расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання, што менавіта так ЗША зробяць, калі РФ пойдзе на новую агрэсію.

Раней The New York Times паведамляла, што новы пакет уключае вайсковую тэхніку на $ 700 млн, у тым ліку супрацьтанкавыя ракеты Javelin, артылерыйскія снарады, верталёты і тактычныя машыны.

Па словах крыніц выдання, у новы пакет увойдуць таксама ўстаноўкі HIMARS. Гэта высокадакладная зброя са спадарожнікавым навядзеннем і магутнасцю выбуху, параўнальнай з 225-кілаграмовай авіябомбай. Радыус яе дзеяння (каля 77 км) значна перавышае радыус дзеяння любой артылерыі, якую цяпер выкарыстоўвае Украіна.

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0