«Пагадзілася пераехаць ва Уроцлаў толькі таму, што тут адчынілася «П'яная вішня», — жартуе Ніка пад гэтым фота ў сацсетках.

«Пагадзілася пераехаць ва Уроцлаў толькі таму, што тут адчынілася «П'яная вішня», — жартуе Ніка пад гэтым фота ў сацсетках.

«Наша Ніва»: Якое кола пекла на шляху ад «таварыш доктар» да «пані лекарка» сталася для цябе найбольш складаным?

Ніка Сяховіч: Вывучэнне мовы, хутчэй за ўсё. Калі рыхтуешся да пераезду, зразумела, авалодваеш хаця б базавым узроўнем — і пасля змены краіны без велізарнага стрэсу адаптуешся да жыцця, да працы. Я ж увогуле не планавала пакідаць Беларусь. Таму тут усё распачынала з нуля. Раней Польшчу наведвала ды, як любая беларуска, зусім простыя іх выказванні разумела. Аднак цяпер гэтых ведаў відавочна было недастаткова. Таму паклала шмат намаганняў, каб выйсці на ўзровень не толькі бытавога, але і працоўнага маўлення.

Хтосьці скажа, што бюракратыі ў Польшчы таксама да халеры. Але яна існуе ў любой краіне, якія часы ні прыгадай. Аднак калі ты не разумееш дэталяў і не маеш ведаў, каб іх зразумець ды ўнікнуць, то пякельнасць пакутаў расце ўдвая. Мне спатрэбіўся амаль год, каб давесці камунікацыю да адэкватнага ўзроўню.

Пачала яшчэ ў мінулым чэрвені на бясплатных занятках для медыкаў — курс разлічваўся на 20 гадзін. У канцы кастрычніка, пасля пераезду ва Уроцлаў, пачалі разам з маім маладым чалавекам займацца з рэпетытарам — і да Новага года магла на бытавым узроўні неяк выказвацца. Максімальна ж сур'ёзна ўзялася адукоўвацца пасля Калядаў — тры разы на тыдзень. Тым не менш дыскамфорт у зносінах з людзьмі сышоў толькі з пачаткам лета.

«НН»: Ці сутыкалася пасля пераезду з такой з'явай як «культурны шок», калі казаць пра медыцынскую сістэму Польшчы?

НС: Што ўзровень жыцця тут вышэйшы за наш, чула ад сяброў ды калег. Аднак адна справа — атрымліваць інфармацыю праз другія альбо трэція рукі, іншая — сутыкнуцца з рэальнасцю самой. Дык вось, Польшчу заўсёды ўспрымала як суседа за плотам. Але

наколькі мы блізкія геаграфічна, настолькі далёкія ў плане развіцця. У чым менавіта? Па-першае, у тэхнічным абсталяванні. Па-другое, у прэпаратах. І, самае, бадай, галоўнае — у стаўленні адміністрацыі да працаўнікоў, а таксама персаналу да пацыентаў і наадварот.

Так, самі палякі, дарэчы, лічаць, што ў іх жудасная сфера аховы здароўя.

Ці магла б Польшча пераняць што-небудзь ў нас? Як ні дзіўна, але так. Наўскідку свежы прыклад з жыцця: ва Уроцлаве пазнаёмілася з 40-гадовым мужчынам, які з маладосці пакутуе ад дыябету першага тыпу. Тут лекары дрэнна ведаюць такую хваробу: так сабе вядуць пацыентаў, не вельмі здольныя вытлумачыць нейкія нюансы. Мяне гэта здзівіла, бо ў Беларусі даволі даўно і паспяхова функцыянуюць так званыя «школы дыябету». Яны ёсць і ў паліклініках, і пры стацыянарах. І калі ў чалавека дыягнастуюць такую хваробу, то адразу ж скіроўваюць у гэтыя «класы» на «адукацыю». Там падрабязна вучаць, як далей жыць, што рабіць, якіх абмежаванняў прытрымлівацца.

«НН»: Самае дзіўнае тваё вынаходніцтва на новай працы?

НС: Стаўленне да мяне як да чалавека з боку адміністрацыі, дырэктара клінікі, ардынатара (загадчыка аддзялення, калі казаць па-беларуску). Яны ўвесь час цікавяцца, колькі паставіць гадзін працы, каб было камфортна, гатовыя абмяркоўваць нюансы заробку. Вельмі ўважліва ставяцца да пытанняў, якія прафесійна ўзнімаю. Напрыклад, магу сказаць: «Не пайду туды працаваць, бо не забяспечылі міярэлаксантамі, якія лічу патрэбнымі». І чую ў адказ: «Окей, пачулі, набудзем гэтыя прэпараты — няма пытанняў».

Упэўнена, што так і павінна быць. Нават аналагічным чынам імкнулася працаваць у Беларусі. Але гэты падыход у кіраўніцтва станоўчых водгукаў не выклікаў, як і змены стаўлення да персаналу.

«НН»: Ці чуеш недавер з боку калег альбо хворых, калі яны даведваюцца, што ты з Беларусі?

НС: Насамрэч, баялася такога стаўлення. Але за ўвесь час працы ў Польшчы ні разу з ім не сутыкалася. З медперсаналам было крыху прасцей: там людзі разумеюць твой узровень па дзеяннях. А вось з людзьмі…

Ведаеш, самае галоўнае для доктара — наладзіць кантакт з пацыентам. Калі чалавек не давярае, анічога годнага не атрымаецца. Таму перажывала. Па-першае, я даволі маладая, тады як большасць прафесіяналаў тут у гадах маіх бацькоў. А па-другое, распачынаць працэдуры, расказваючы пра іх на ламанай польскай мове — такі сабе спосаб рэкамендавацца… Таму чакала як мінімум насцярожанасці.

Але ўсё выйшла наадварот. Калі прызнавалася, што родам з Беларусі, пацыенты расплываліся ва ўсмешках, супакойвалі, маўляў, усё добра, не хвалюйся. Больш за тое, людзі ва ўзросце увогуле прапаноўвалі перайсці на расейскую мову, бо крышку яе памяталі — і жадалі спрасціць мне працу. Такога ж, каб чалавек закрычаў «а змяніце мне, калі ласка, доктара на мясцовага», не было ўвогуле.

Напэўна, мне яшчэ і з месцам працы пашанцавала. Трапіла ў маленькую прыватную лякарню, дзе калектыў трымаецца ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Яны быццам сям'я: згуртаваныя, дапамагаюць адно аднаму, пазітыўна ставяцца. Да таго ж есць людзі, што ў маладосці атрымлівалі адукацыю ў Саюзе. І яны сцвярджаюць: савецкая медычная школа была на высокім узроўні. А паколькі сучасная беларуская медадукацыя шмат у чым абапіраецца на базу тых часоў, яе гадаванцаў таксама каціруюць высока. Таму ў свой бок не адчувала пагарды: маўляў, завітала да нас з краіны невукаў ды недарэк.

«НН»: Так, а цяпер давай усю праўду пра ганарары медыкаў у Польшчы. Цікава ж, што б на іх прэтэнзіі Наталля Качанава заявіла…

НС: Анестэзіёлаг — спецыяльнасць, якая тут аплачваецца вышэй за ўсіх. У маей клініцы стаўка спецыяліста такога профілю — 7000 злотых альбо крыху больш за 4200 беларускіх рублёў. Да таго ж ёсць бонусы за дзяжурства ды за кожны наркоз. Як вынік, у спецыяліста набягае за месяц плюс-мінус 15 тысяч (9 тысяч нашых). Але гэта ўсё брута, да выплаты падаткаў.

Я пакуль яшчэ не спецыяліст, а проста доктар. І першыя тры месяцы маю права працаваць толькі пад наглядам. Пайду на павышэнне толькі пасля таго, як пацверджу дыплом ды спецыялізацыю. Планую цягам года гэта зрабіць — і выйсці на заробак, які агучыла. Сёння мая зарплата павінна складаць 5000 злотых (3000 BYN) на стаўку. Але магу яшчэ браць дзяжурствы, што дазволіць павялічыць суму.

Ці жаляцца медыкі на заробкі? Людзі майго ўзросту і маладзейшыя аплатай не задаволеныя, бо параўноўваюць ганарары, адносіны, абсталяванне з тым, што ёсць у заходніх суседзяў кшталту Германіі. А вось старэйшыя лекары ўспамінаюць, што яшчэ 10 год таму ўсё было ўвогуле катастрафічна. Медыкі рабілі мінімум на трох працах, каб падтрымліваць годны ўзровень жыцця. І толькі з дапамогай страйкаў сітуацыя змянялася ў лепшы бок. Як вынік, тыя, каму ёсць, з чым параўноваць, крыху больш лагодна ставяцца да рэалій 2022-га.

«НН»: Ці чытаюць твой Твітар новыя калегі і ці ведаюць пра тваю гісторыю?

НС: Ой, не, ніхто за гэтай сацсеткай і допісамі не сочыць! Ну, прынамсі, я так спадзяюся (смяецца). Адносна «папулярнасці ў Беларусі» — гісторыю, чаму з'ехала, ведаюць, так. Усе падтрымліваюць, кажуць, што я малайчына.

Дарэчы, «герой» па-польску «bohater». І часта чую гэтае слова ў дачыненні да сябе пасля аповяду пра тое, што рабіла і да якіх наступстваў гэта прывяло. Тут я не згодна, канешне, але палякі ўчынкі ўхваляюць і захапляюцца смеласцю пры абароне думкі.

«НН»: А якую з думак дня цяперашняга ты б зрабіла магістральнай у Твітары?

НС: Чаму ўвогуле пачала пісаць у сацсетках пра работу ў замежжы? Толькі для таго, каб паказаць, як блізка знаходзяцца Беларусь ды Польшча. І наштурхнуць людзей на думку, што за суседнімі дзвярыма ёсць нешта лепшае. У сэнсе не для таго, каб усе з'язджалі з нашай краіны. А каб зразумелі: медыцына можа быць лепшай — і павінна быць такой.

Мы краіны з супольнай гісторыяй, доўгі час ішлі адным шляхам развіцця. І ці не зараз самы час задумацца, чаму Польшчы ўдалося перайсці на наступны ўзровень развіцця, а нам — не?

Таму скажу так. Калі чалавек прыйдзе ў медычную ўстанову і адчуе прагу жаліцца — не на канкрэтную хібу, а на нейкія агульныя недахопы кшталту адсутнасці лекаў альбо дэфіцыту інструментаў, — то спярша варта задумацца. Бо гэта не віна пэўнай асобы, а сістэмная памылка. І колькі б лістоў ты ні даслаў, як, дарэчы, гэта рабілі твае папярэднікі 30 гадоў дагэтуль, сітуацыя ад скаргаў не зменіцца.

Тое ж тычыцца і медпрацаўнікоў. Мы заўсёды жалімся на зарплату, жудасныя ўмовы працы, скоцкае стаўленне адміністрацыі. Але ці рабілі мы нешта сапраўднае — дзеямі, а не паперчынамі, — каб гэта змяніць? Сумняваюся.

У 2020-м паспрабавалі, бадай, упершыню за ўвесь час — масава і маштабна. Але крышку не атрымалася. Тым не менш, гэта была спроба рабіць, а не проста скардзіцца ўслых. І яна сапраўды ўскалыхнула краіну. Можа, менавіта пра гэта варта падумаць, калі наступным разам захочацца проста пабурчаць?

Клас
183
Панылы сорам
5
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1