Разбураны Марыупаль. Фота: Яўген Сасноўскі

 Разбураны Марыупаль. Фота: Яўген Сасноўскі

Яўген Сасноўскі: «У нас літаральна ў двары стаялі расійскія танкі, якія вялі агонь па «Азоўсталі»

Наш раён апынуўся ў цэнтры баявых дзеянняў, паколькі знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да заводу «Азоўсталь». У дзесяці хвілінах ад нас жылі сваякі маёй жонкі — мама і брат з сямʼёй. Мама ў нас ляжачая, таму мы кожны дзень хадзілі да яе, гатавалі ежу.

15 сакавіка я разводзіў вогнішча ў яе ў двары, калі пачаўся магутны абстрэл. Першы снарад упаў да суседзяў у агарод, і я пабег у дом праверыць, дзе жонка. У доме яе не знайшоў, выскачыў на веранду, і ў гэты момант за паўтара метры ад мяне прыляцеў снарад. Веранда разляцелася дашчэнту, я пачуў свіст і інстынктыўна ўпаў на падлогу.

Быў жудасны грукат, затым — поўная цішыня і цемра. Першая мая думка была: вось ён, той самы момант.

Потым я зразумеў, што ногі-рукі варушацца, і пачаў разграбаць усё, што на мяне звалілася, — цэглу, бэлькі, шыфер. Вакол было жоўтае марыва, стаяў непрыемны пах. Пайшоў па кірунку да дому, дзе жыў брат маёй жонкі, — яны знаходзіліся там. Я быў кантужаны і амаль нічога не чуў. А бабулю, на шчасце, толькі злёгку прысыпала пылам.

Праз два дні пасля гэтага да нас у кватэру пастукалі. Гэта была пляменніца з двума дзецьмі, усе ў пыле і крыві. Іх двор зноў абстралялі, бацьку моцна параніла, ён не мог нікуды ісці (мы яго потым пахавалі проста ў агародзе). А яна пад абстрэламі прывяла дзяцей да нас.

Яны таксама былі параненыя: у пляменніцы быў вырваны кавалак мяса на руцэ, а ў ране на назе літаральна пульсавала кроў. У хлопчыка на спіне таксама была ірваная рана, а ў дзяўчынкі рассечаная галава. Мы з жонкай, вядома, былі ў шоку. Медыка знайсці не ўдалося, але нашы вайскоўцы далі скрутак бінта і абязбольвальныя, а суседзі прынеслі перакіс вадароду, бінты, марлю. Мы перацягнулі нагу жгутом, прамывалі, як маглі, раны. Хлопчыку было вельмі балюча, ён прачынаўся па начах, плакаў, але стойка пераносіў усе пакуты.

Яшчэ праз некалькі дзён падчас чарговага абстрэлу мы, як звычайна, хаваліся ў калідоры, але гукі здаваліся асабліва моцнымі, увесь дом уздрыгваў.

У нас літаральна ў двары стаялі расійскія танкі, якія вялі агонь па «Азоўсталі», і мы вырашылі, што сцены дрыжаць з-за гэтага. Але аказалася, што гэта былі прамыя патраплянні ў наш дом. Пачаўся пажар, жыхары запанікавалі.

І раптам у падʼезд уварваліся кадыраўцы. У нашу кватэру на першым паверсе заскочылі трое і ў грубай форме запатрабавалі, каб мы неадкладна выйшлі. Нават не далі часу сабрацца.

Мы паспелі схапіць заплечнік з дакументамі і сумку з фотаапаратам, якія стаялі ля ўваходу, нейкую вопратку і два тэрмасы з вадой.

Далёка ісці мы не маглі, пляменніца ледзь перасоўвалася на дзвюх палках. Таму мы проста перайшлі ў склеп суседняга дома (дзе правялі наступныя два тыдні).

Літаральна праз гадзіну пасля гэтага мы пачулі наверсе гучныя жаночыя крыкі. Жанчына паўтарала адну і тую ж фразу: «Навошта яны выйшлі, навошта яны выйшлі, навошта яны выйшлі?!»

Як высветлілася, падчас абстрэлу снарад трапіў у адну з кватэр, і сын гэтай жанчыны, Дзяніс, выбег на вуліцу з падʼезда, каб паглядзець, на якім паверсе гарыць, і паспрабаваць патушыць пажар. У гэты самы момант яго прамым трапляннем у скроню забівае снайпер. Да яго кідаецца ягоны бацька — і наступным стрэлам забіваюць бацьку.

Яны праляжалі перад домам цэлы тыдзень. Потым прыехаў вялікі аранжавы самазвал, напалову ўжо загружаны целамі, і днраўцы закінулі туды целы гэтых двух хлопцаў.

Маці Дзяніса (яна разам з яго жонкай і дачкой сядзела з намі ў склепе) аддалі дакументы і асабістыя рэчы, якія знайшлі ў загінулых.

У сына з пальца не здымаўся пярсцёнак, і адзін з днраўцаў прапанаваў адрэзаць палец. Жанчына, вядома, не пагадзілася, тады хтосьці з жыхароў прынёс алей, і з яго дапамогай пярсцёнак знялі.

Перасяліўшыся ў склеп, мы засталіся без ежы. На наступную раніцу я вырашыў вярнуцца ў нашу кватэру і па магчымасці забраць прадукты.

Але, выйшаўшы на вуліцу, убачыў, што ад нашага дома засталіся толькі чорныя сцены. Усё, што было ў кватэры, ператварылася ў попел, шкляныя слоікі з закаткамі сплавіліся паміж сабой — вось якой сілы быў агонь.

Пасля трох няўдалых спробаў сесці на эвакуацыйны аўтобус мы знайшлі прыватнага перавозчыка, які 30 красавіка вывез нас з Марыупаля. Ведаю, што цяпер выехаць з кожным днём складаней. У асобных раёнах далі ваду, дзесьці нават святло, але газу ўсё яшчэ няма. Людзям выдаюць пайкі, часам атрымліваецца нешта купіць — у горад прыязджаюць сяляне, прадаюць сваю прадукцыю.

Каля дамоў назапасіліся велізарныя кучы смецця, якія некалькі месяцаў ніхто не вывозіў, адыходы жыццядзейнасці чалавека. Вакол смурод, антысанітарыя — бо цяпер пачынаецца спякота. Ад многіх дамоў амаль нічога не засталося, і там у завалах усё яшчэ ляжаць целы жыхароў.

Уявіце сабе, цяпер усё гэта пачынае гнісці, сыходзіць у грунт, трапляць у ваду. Чысціць яе ніхто не будзе. Людзі скардзяцца, што вада, якую ім прывозяць пад выглядам пітной, гаркаватая на смак, піць яе немагчыма. Расіяне ўвесь час кажуць, што будуць аднаўляць Марыупаль, але верыць гэтаму нельга. У нас перад вачыма прыклад Данецка, які пасля 2014-2015 гадоў ніхто ў парадак не прыводзіў.

Ганна Губенка: «У дамах стаіць невыносны трупны пах»

Усходнюю частку горада абстрэльваць пачалі ў першы ж дзень вайны. З 25 лютага мы хаваліся ў склепе. Пакуль была электрычнасць, была чутная хоць бы слабая сірэна. Але калі святло адключылася, мы не маглі атрымліваць абвесткі аб налётах і перасталі бегаць у сховішча.

А 6 сакавіка ў мой дом трапіла міна. Я стаяла за некалькі метраў ад гэтага месца. Ад выбуху разбурылася сцяна, пачаўся пажар.

  Дом Ганны

Дом Ганны

Сябры майго сына аказаліся заблакаванымі на другім паверсе. Пашанцавала, што пажарныя былі паблізу: падагналі драбіну і дасталі іх адтуль. Я паспела забегчы ў дом, схапіць «трывожны чамаданчык», тэлефон, нейкую вопратку. Стаяў густы чорны дым, нічога не было відаць. Наш сабака паспеў выбегчы, а котак я вылавіць так і не змагла.

У той жа дзень мы перабраліся ў склеп да маёй мамы, якая жыла ў прыватным сектары. Нас там было дваццаць два чалавекі, у тым ліку пяцёра дзяцей, і тры сабакі.

У тыя дні ўжо не было ні святла, ні сувязі, ні вады, ні газу. Было вельмі холадна, ноччу да мінус трынаццаці. Мы шукалі крыніцы, збіралі дажджавую ваду, снег. Ездзілі па ваду на мора.

У параўнанні з іншымі людзьмі, якія туліліся ў падвалах у цемры і антысанітарыі, мы жылі адносна нармальна. Сябры майго брата, якія сядзелі з намі ў склепе, былі звязаныя з рэстаранным і крамным бізнесам і пад абстрэламі абʼязджалі свае крамы ў пошуках рэшткаў прадуктаў.

У горадзе бязлітасна рабавалі ўсё запар, прычым паліцыя сама дазваляла, бо ежы было не дастаць. Але хіба назавеш марадзёрам чалавека, які шукае малако для свайго дзіцяці? Ён выжывае.

А потым майго брата забілі.

Ён трапіў пад абстрэл разам з сябрам, якому ўдалося выратавацца. Ішлі жорсткія вулічныя баі, прабрацца да гэтага месца было немагчыма, таму мы не маглі адразу забраць яго цела.

Яно чатыры дні ляжала на вуліцы побач з бамбасховішчам, у якім сядзелі сваякі маёй нявесткі. Яны хадзілі міма цела брата і нават не ведалі, што гэта ён.

Потым яны яго пахавалі, а днямі яго перапахавалі побач з магілай нашага бацькі.

Нам пашанцавала, што яго цела не згубілася ў брацкай магіле і мы ведаем, дзе ён ляжыць і ад чаго загінуў.

Ужо ў сакавіку ў горадзе былі велізарныя брацкія магілы. Спачатку трупы проста ляжалі на вуліцах, у тым ліку целы без галоў, потым іх сталі хаваць у дварах, на дзіцячых пляцоўках, на стадыёнах, уздоўж дарог. А расійскія танкі заязджалі ў двары і стралялі па дамах.

Жонка майго брата, уцякаючы ад абстрэлаў, зламала нагу. Але праз два дні пасля гібелі брата яна здолела сесці за руль і вывезці нас з Марыупаля — са зламанай нагой!

Мы ехалі ў велізарнай чарадзе машын — казалі, што ў той дзень ледзь не тры тысячы машын выехала з горада. Напярэдадні на гэтым маршруце такую ж калону машын абстралялі, загінулі людзі, але мы ўсё роўна рызыкнулі.

Рухаліся вельмі павольна. Гэта была пакута і здзек, мы праехалі праз дваццаць блокпастоў. Нас бясконца спынялі, правяралі.

На адным з блокпастоў па дарозе з Бярдзянска хтосьці з акупантаў, убачыўшы, што нявестка ў слязах, спытаў, што здарылася, хоць ведаў, што мы з Марыупаля. «У мяне забілі мужа, мой дом разбураны», — адказала яна. На гэта ён з раздражненнем сказаў: «Мы сюды таксама не на свята прыехалі».

Ужо пасля нашага адʼезду знаёмыя, што засталіся ў горадзе, паведамілі, што ў маміным прыватным доме пасяліліся расіяне і абчысцілі ўсё, што маглі. Кватарантку маёй сяброўкі таксама бесцырымонна выставілі з хаты: проста выбілі дзверы і выкінулі яе на вуліцу без рэчаў, заявіўшы, што кватэра ім патрэбная як агнявая кропка.

Ад тых, хто застаўся ў Марыупалі, я ведаю, што ў дамах стаіць невыносны трупны пах. Не здолеўшы аднавіць водазабеспячэнне, акупанты ўсталявалі перасоўныя душавыя. Для ўезду і перамяшчэння па горадзе патрабуецца спецыяльны пропуск. А на выездзе зладзілі раздачу гуманітаркі з украінскіх прадуктаў пад выглядам дапамогі ад «Адзінай Расіі».

У многіх людзей у Марыупалі з-за інфармацыйнай блакады і вайны развіўся стакгольмскі сіндром. Некаторыя нават клічуць вяртацца: маўляў, тут ужо ўсё добра, не страляюць і даюць гуманітарную дапамогу. На жаль, у іх у галовах вінегрэт з расійскіх прапагандысцкіх штампаў.

Уладзімір: «Прыязджаў грэйдар і каўшом збіраў целы»

Мой дом знаходзіўся ў заходняй частцы горада, якую спачатку абстрэльвалі менш. Але калі і ў нас вылецелі вокны, мы з жонкай перабраліся ў цэнтр, у кватэру сваячкі. А потым і туды прыляцела міна — рама дзвярэй цалкам вывалілася і ледзь мяне не прыбіла. Пасля гэтага мы спусціліся ў бамбасховішча, дзе правялі каля трох тыдняў. Нас там было дваццаць з лішнім чалавек, чатыры ката і адзін сабака.

Цішыні не было зусім, увесь час дзесьці стралялі.

Хадзіць па вуліцах было рызыкоўна, у любы момант магло прыляцець. Але я ўсё роўна хадзіў — перацягваў рэчы і харчы, якія засталіся ў нашай кватэры. Аднойчы прайшоў міма нейкага дома, а праз хвіліну ў яго трапіла ракета і мяне адкінула выбухной хваляй.

У другой палове красавіка страляць перасталі, і хадзіць стала спакайней. Праўда, па ўсім горадзе былі блокпасты, людзей спынялі, правяралі дакументы, некаторых прымушалі распранацца.

Пачалі разбіраць завалы дамоў і шукаць трупы, гэтым займалася МНС Расіі.

Я бачыў, як прыязджаў грэйдар і каўшом збіраў целы. Побач стаялі паставыя і сачылі за тым, каб ніхто не падʼехаў і не зняў, што яны адтуль дастаюць.

Завалы драмтэатра таксама разбіралі, я хадзіў міма і бачыў, што ўнутры там усё выгарэла.

Марыупаль ператварыўся ў руіны.

Напярэдадні 9 мая сталі расчышчаць вуліцы — ім жа трэба было карцінку нейкую па тэлевізары паказаць. Я чуў ад людзей, што прыбіраннем займаліся мясцовыя за паёк. Есці бо не было чаго, так што згаджаліся, вядома.

Вывезлі нас 6 мая толькі дзякуючы габрэйскай абшчыне.

Па дарозе ў Запарожжы сустрэў свайго аднакласніка — ён ехаў за рулём з ампутаванай рукой.

Ну а выйшаўшы на сувязь, я стаў паступова даведвацца пра лёс і іншых знаёмых: той загінуў, тыя загінулі, гэты паранены…

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
47
Абуральна
25