За ўвесь вечар беларусы нанеслі па браме суперніка ўсяго адзін удар. Фота: vk.com/belarusff
Змест гульні ў горадзе Нові-Сад цалкам адпавядаў антуражу вакол і ўнутры арэны. Міжнародны «бан» прымусіў зборную Беларусі выступаць не проста на нейтральным стадыёне, але яшчэ і пры пустых трыбунах. Паколькі ж у мэтах эканоміі айчынная федэрацыя футбола абірала танную пляцоўку, знешні выгляд 15-тысячніка мясцовага клуба «Вайводзіна» наводзіў на сум яшчэ да стартавага свістка галоўнай рэферы Стэфані Фрапар.
Пазяхаць хацелася і непасрэдна ў час двубою: «белакрылыя» амаль не валодалі мячом (усяго 33 адсоткі за вечар), абараняліся ледзь не ўсёй камандай, а пра спатканні з кіперам славакаў Родакам маглі разважаць толькі ва ўмоўным ладзе. Таму цалкам лагічна, што за вечар той амаль не ўступаў у барацьбу, бо быў засведчыў усяго адзін удар па ўласнай браме.
Дзеля справядлівасці прызнаем: пратакольныя госці таксама нечага незвычайнага на полі не дэманстравалі. Але клас славакаў дазволіў ім канвертаваць адзін з нешматлікіх шанцаў у пераможны мяч: на 61-й хвіліне юніёр Томаш Суслаў правёў дэбютны гол у складзе дарослай зборнай ды прынёс ёй перамогу.
Клас гасцей канвертаваўся ў мінімальную перамогу славакаў. Фота: vk.com/belarusff
Мінімальная вікторыя дазволіла славакам стаць следам за камандай Казахстана у табліцы групы 2 дывізіёна «С» — лідары перайгралі азербайджанцаў крышку больш упэўнена, 2:0. Беларусы ж пасля стартавага тура апынуліся ў квартэце трэцімі.
Наступны матч каманда Кандрацьева правядзе тамсама на гэтым стадыёне 6 чэрвеня супраць калектыва Азербайджана. Матч пачнецца ў 21.45 па беларускім часе.





