Недагледжаны і неапрацаваны ўчастак

Жадаючым набыць дачу ў адлегласці да 50 км ад МКАД трэба быць гатовымі, што цэны на нешта больш-менш годнае пачынаюцца з чатырохзначных лічбаў. 

Але калі 40-50 км ад сталіцы для вас не адлегласць і вы не баіцеся добра папрацаваць рукамі, то нават па цэнах да 5000 даляраў можна адшукаць некалькі цікавых варыянтаў.

Так, напрыклад, за 4000 даляраў прадаецца дача ў весцы Лосі Маладзечанскага раёна, што ў 47 кіламетрах ад МКАД.

За гэтыя грошы вы атрымаеце 5 сотак зямлі і цагляны домік 1993 года пабудовы з агульнай плошчай больш за 50 м². Прадавец апісвае ўчастак, як недагледжаны і неапрацаваны з частковай агароджай з сеткі-рабіцы. На ўчастку маюцца пладова-ягадныя насаджэнні, гаспадарчыя пабудовы, летні душ і туалет.

Сам дом звонку выглядае трохі прывабней, чым унутры, але і кошт далека не самы высокі для дачы, якая знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад Маладзечна і 50 ад Мінска.

Шэсць сотак і сціплыя інтэр'еры

Іншы больш-менш цікавы варыянт у цанавым дыяпазоне да 5 тысяч даляраў, прадаецца ў Пухавіцкім раёне. Там за 4500 $ аддаюць драўляны домік 1991 года пабудовы, які месціцца на запаветных шасці сотках прыватызаванай зямлі.

Інтэр'еры сціплыя, але прынамсі закінутай гэтая дача не выглядае. Сярод пераваг уласнікі адзначаюць наяўнась побач ягадна-грыбнога лесу.

Участак з выхадам у лес

Пры павелічэнні бюджэту бліжэй да 10 тысяч даляраў выбар лецішчаў значна пашыраецца, з'яўляюцца прапановы бліжэй да Мінска. Адзінае, што застаецца практычна нязменны, — інтэр'еры садовых домікаў. 

На адлегласці 45 км ад МКАД прадаецца дача ў жывапісным месцы па цане 9800 $. Лакацыя — Маладзечанскі раён, непадалёк ад трасы, якая злучае райцэнтр са сталіцай.

Драўляны дом агульнай плошчай 48 м² месціца на ўчастку памерам 10 сотак, што значна больш за стандартныя 6. Яшчэ адзін плюс — выхад з участка наўпрост у лес.

Апроч садовага доміка, на 10 сотках ёсць альтанка і гаспадарчыя пабудовы. 

Нягледзячы на шэраг пераваг, інтэр'ер гэтага доміка вас наўрадці ўразіць.

Уласная свідравіна і вада ў доме

Па цане 9900 даляраў прадаецца лецішча ў г.п Рудэнск Пухавіцкага раёна. Агульная плошча дома — 55 м², памер участка — 5,5 соткі. 

Пасярод асноўнага пакою плошчай 27 м² стаіць печ, з мэблі толькі старая канапа. У кухонным пакойчыку таксама мінімалізм, але пакрыцце на падлозе свежае. 

«Аднапавярховы ўцеплены драўляны дом, абабіты сайдынгам. Пячное ацяпленне, вада заведзеная у дом, шклопакеты. Участак квадратнай формы. Есць свідравіна і прыбіральня. Побач лес, у варот садовага таварыста ёсць прыпынак грамадскага транспарта», — гаворыцца ў апісанні.

«15 хвілін — і вы ўжо на дачы»

Натуральна, што пры павелічэнні бюджэту да 15 тысяч даляраў выбар становіцца яшчэ шырэйшым, але трэба будзе вызначацца — вам важна найперш блізкасць да Мінска ці якасць лецішча.

Калі галоўны фактар — блізкасць да сталіцы, то за 14 тысяч можна прыдбаць лецішча, якое знаходзіцца ўсяго ў 7 кіламетрах ад МКАД. 

Столькі просяць за маленькі домік і 4 соткі зямлі. На ўчастку размяшчаецца садовы домік з пячным ацяпленнем. Ёсць гараж.

«Дом дагледжаны, гатовы да пражывання. Вада сезонная», — гаворыцца ў апісанні. 

Рэкламуючы сваю дачу, прадавец абяцае, што да яе з Мінска можна дабрацца за 15 хвілін. Відаць, ён не разлічвае на пакупнікоў з вуліцы Ангарская.

Што тычыцца інтэр'ера, то ён мала чым адрозніваецца ад тых дач, што выстаўлены на продаж за 4-10 тысяч даляраў.

Акуратны домік з бруса

За 14 600 даляраў у Маладзечанскім раёне выстаўлена на продаж дача з бруса. Домік з агульнай плошчай у 50 м² мае два пакоі. Адзін на першым паверсе, іншы на другім.

Усталяваны шклопакеты і стальныя дзверы. На шчасце, дом пазбаўлены непатрэбнай мэблі і іншых прадметаў, якія часта вывозяць на дачу толькі таму, што выкідаць іх шкада.

«Участак абнесены плотам з сеткі-рабіцы, пасаджаныя пладовыя дрэвы — слівы, вішні, яблыні. Пры жаданні на ўчастку можна разбіць градкі, усталяваць мангальную зону з альтанкай. Лес у 60 метрах ад дома», — гаворыцца ў апісанні.

«Месца для рэлаксу і адпачынку»

Амаль у 15 тысяч даляраў ацэнена дача з невялікім домікам 2015 года пабудовы, які месціцца на прасторным ўчастку памерам 22 соткі.

Тэрыторыя ўчастка дагледжаная. Апроч градак, клумбаў і газонаў, тут ёсць дзіцячая пляцоўка.

«Ёсць пладовыя дрэвы і хмызнякі, кветкі, уласны калодзеж. Побач лес, возера ў 3 км. У 1,5 км пасёлак Свіслач. Месца для рэлаксу і адпачынку», — апісваюць участак ў аб'яве.

Дадаткова тут ёсць гаспадарчая пабудова, у якой месціцца санвузел, душ і летняя кухня. Праведзена мясцовая каналізацыя.

Чытайце таксама: 

 Як стары дом перабудавалі ў барнхаўс і колькі гэта каштавала

З італьянскай пліткай, уласным SPA-комплексам і ліфтам. Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія катэджы Мінска

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2