У шасці апошніх афіцыйных гульнях нацыянальная дружына забіла толькі аднойчы. Фота: vk.com/belarusff

У шасці апошніх афіцыйных гульнях нацыянальная дружына забіла толькі аднойчы. Фота: vk.com/belarusff

Гэта ўжо не смешна.

У шасці апошніх афіцыйных гульнях нацыянальная дружына забіла толькі аднойчы — Уэльсу, падчас безнадзейнай паразы 1:5. У астатнім «белакрылыя» выглядалі максімальна бяззуба.

Прычым як у змаганнях з сур'ёзнымі апанентамі кшталту чэхаў альбо бельгіцаў, так і пры сустрэчах з зусім кволымі эстонцамі. Вечарам панядзелка беларусы мелі рэальны шанец палепшыць статыстыку, але хапнулі яшчэ больш сораму.

Гэтым разам калектыў Георгія Кандрацьева за 90 хвілін не здолеў скарыць візаві з Азербайджана. Каб зразумець, наколькі гэта дрэнна, дастаткова перагледзець вынікі супернікаў на міжнароднай арэне.

Адбор да чэмпіяната свету-2022 «парни из Баку» правялі ўвогуле без перамог — толькі раз пры васьмі спробах згулялі ўнічыю. У давесак жа двойчы (!) саступілі футбольным гігантам з Люксембурга.

Апошняя ж афіцыйная вікторыя Азербайджана датуецца вераснем 2020-га, калі ў бескампраміснай барацьбе быў пабіты Кіпр, 1:0.

Пасля перапынку падначаленыя Кандрацьева толькі напрыканцы 45 хвілін узгадалі пра існаванне чужой брамы. Фота: vk.com/belarusff

Пасля перапынку падначаленыя Кандрацьева толькі напрыканцы 45 хвілін узгадалі пра існаванне чужой брамы. Фота: vk.com/belarusff

І вось такому канкурэнту па групе 3 Лігі нацый «белакрылыя» шчодра падаравалі нічыйны бал. Прычынай таму — асцярожная тактычная схема ажно з пяццю абаронцамі ды агульная пасіўнасць каманды. Азербайджан больш валодаў мячом, часцей падыходзіў да брамы Паўла Паўлючэнкі і гуляў у тым тэмпе, што быў зручны менавіта пратакольным гасцям.

І калі напачатку двубоя нейкія намёкі на контргульню ў беларусаў яшчэ былі, то пасля перапынку падначаленыя Кандрацьева толькі напрыканцы тайма ўзгадалі пра існаванне чужой брамы.

Адзначым, што з 84-й хвіліны азербайджанцы ўвогуле гулялі ў меншасці з-за прамога выдалення Аліева. Аднак нават гэтая перавага не матывавала «белакрылых» даціснуць апанентаў.

Цікава, што ў паралельнай сустрэчы каманда Казахстана сенсацыйна адужала фаварытаў групы 3, славакаў, з мінімальнай розніцай. І дзякуючы поспеху 1:0 узначаліла пул, бо выбіла 6 ачкоў з 6 магчымых. Славакі другія — 3 ачкі, беларусы з азербайджанцамі замыкаюць квартэт — у кожнай каманды па ачку на рахунку.

Наступны матч каманда Кандрацьева правядзе 10 чэрвеня супраць зборнай Казахстана. Пачатак у 21.45. 

Клас
2
Панылы сорам
6
Ха-ха
14
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1