«Да маёй аплікацыі «Калабайк» прывязаная чужая картка»

Да красавіка Зміцер карыстаўся Mastercard ад Белаграпрамбанка, але потым перайшоў на VISA Тэхнабанка, бо змяніў працу.

«З Белаграпрамбанкам я яшчэ не паспеў адчуць на сабе праблем, а вось калі ўжо атрымліваў новую картку, мяне папярэдзілі, што ў інтэрнэце яна працаваць не будзе. І сапраўды: немагчыма аплаціць «Калабайк», «Е-дастаўку», скарыстацца хоць якой інтэрнэт-крамай, у якой няма АРІП». 

Зміцер выкручваецца тым, што звяртаецца да карыстальнікаў картак іншых банкаў — у прыватнасці Прыёрбанка.

«Да маёй аплікацыі «Калабайк» акурат прывязаная чужая картка. Астатняе я аплачваю ці праз АРІП, ці праз банкаўскі тэрмінал. У банку казалі, што папярэдзяць, калі нешта зменіцца, але цяпер ад маёй карткі карысці мала».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праз сітуацыю з вайной мужчына шукае сабе новую працу за мяжой.

«Пакуль прапановы былі толькі з Расіі, але я ад іх адмаўляюся», — каментуе наш суразмоўца. 

«Усе перайшлі на наяўныя»

Яшчэ адна ўладальніца карткі Тэхнабанка Юлія проста звяла ўсе анлайн-плацяжы амаль да нуля.

«Праблемы пачаліся акурат 24 лютага. Дзве мае супрацоўніцы дагэтуль не могуць атрымаць грошы за вяртанне квіткоў у тэатр і за турпуцёўку. З часам рабілася толькі горш, банкі з магчымасцю анлайн-аплаты адвальваліся па чарзе. На «Аліэкспрэс» пакуль праходзяць карткі Беларусбанка і Белгазпрамбанка. Але глабальна ў маім атачэнні ўсе перайшлі на наяўныя. Нават для аплаты таксі ў праграме выбіраем проста грошы, таму што і там карткі не праходзяць».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Юлія расказвае, што многія яе знаёмыя аформілі сабе рахункі ў Прыёрбанку — менавіта для замежных пераводаў і аплат.

«Па выніку, калі камусьці з нас неабходна правесці аплату анлайн, просім калег з карткамі Прыёрбанка. Напрыклад, мне трэба было аплаціць страхоўку аўто, а знаёмай — дадатковую памяць на Гугл-дыску. Потым вяртаем грошы наяўнымі ці на іншую картку.

Яшчэ згадала, што на самым пачатку вайны мужу трэба было купіць запчастку на машыну. У яго картка Белгазпрамбанка, і ні ён, ні я не змаглі разлічыцца анлайн. Прасілі дачку, якая жыве ў Польшчы», — дзеліцца складанасцямі Юлія. 

Нягледзячы на ўсе нязручнасці, жанчына прызнаецца, што адчувае злараднасць:

«Хай тыя, каго ўсё раней задавальняла, таксама сутыкнуцца з цяжкасцямі. Мы дайшлі да такога жыцця, пры якім, чым горш, тым лепш».

«Ежу замаўляць перасталі — заадно і эканомія»

Марыля апошнім часам з’яўляецца кліенткай Белінвестбанка плюс карыстаецца віртуальнай карткай ад БПС-Сбербанка. Дзяўчына — сеткавая пісьменніца і часам набывае ілюстрацыі да сваіх кніг у некаторых расійскіх суполках.

«Я яшчэ восенню чамусьці не магла перавесці ў Расію грошы з Белінвестбанка — ратаваў сэрвіс ЮMoney, а з сакавіка з маёй карткі пакласці грошы на ЮMoney ужо не атрымліваецца. Тады я пайшла ў аддзяленне БПС-Сбербанка і за тры рублі аформіла картку ў расійскіх рублях, гэта стала вырашэннем праблемы. А вось з падпіскамі ва УКантакце так нічога і не атрымалася: я не змагла працягнуць іх ні з адной сваёй карткі, у тым ліку расійскарублёвай віртуальнай.

Спачатку я і знаёмыя прасілі расійскіх сяброў плаціць за нас нешта на месцы ў Расіі, але ўсё ж праз трэція рукі вельмі нязручна».

Перасталі працаваць карткі дзяўчыны ў «Яндэкс.Таксі»: яна цяпер карыстаецца наяўнымі.

«Калі мы замаўлялі «Яндэкс-ежу», была тая ж праблема. Добра, што ў майго маладога чалавека ёсць картка Прыёрбанка, якая прымаецца сэрвісам. Але агулам мы ежу анлайн замаўляць перасталі — заадно і эканомія». 

«Даслаў рэквізіты карткі ўкраінцу, якому давяраю. Ëн аформіў яе на сваё імя»

Ілля — супрацоўнік IT-кампаніі, у снежні ён рэлакаваўся ва Украіну і стаў жыць недалёка ад Кіева. З пачаткам вайны ўсе яго банкаўскія рахункі ў краіне заблакавалі і ён не можа карыстацца імі па месцы жыхарства. Але выйсце знайшлося. 

«Ледзь не ў кожнай краме Украіны можна купіць картку monobank і аформіць яе на іншую асобу з украінскім пашпартам. Я так і зрабіў: даслаў рэквізіты карткі ўкраінцу, якому давяраю. Ëн аформіў яе на сваё імя — юрыдычна картка на ім, а фізічна ў мяне на руках. На жаль, з нашымі пашпартамі ці рускімі тут пакуль нельга завесці рахунак».

Ілля карыстаецца карткай сам, але ў тым ліку дапамагае беларусам унутры краіны.

«Мяне часам просяць перавесці грошы УСУ, бежанцам, валанцёрскім, замежным дабрачынным фондам ці проста блізкім, якія жывуць ва Украіне. Я ў сваю чаргу прашу чалавека, на якога мая картка аформленая (яна ў мяне на руках, але менавіта электроннага доступу я не маю) здзейсніць анлайн-плацёж. А беларусы ўжо вяртаюць мне грошы на маю айчынную картку Прыёрбанка», — тлумачыць схему ўзаемадапамогі Ілля.

З беларускай карткі ён ажыццяўляе захаваныя плацяжы, якія не патрабуюць дадатковага sms-пацверджання. А МТБанк, дзе застаецца невялікая сума, выкарыстоўвае для аўтаматычнай аплаты падпіскі на «Яндэкс.Музыку» раз на месяц.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«З віртуальнай карткі плачу за сябе і сяброў»

У Мацея, яшчэ аднаго кліента Белінвестбанка, першая праблема з плацяжамі ўзнікла ўжо пры канцы лютага: с карткі Mastercard не ўзнавілася падпіска на VK-музыку. Таксама стала дрэнна працаваць мабільная праграма «Аплаці». 

«Раней там была віртуальная картка Mastercard, якой можна было плаціць праз NFC, а цяпер замест яе — БЕЛКАРТ, якой нельга. Гэтую новую картку рэкламуюць як тую, што дазваляе плаціць на Ozon і Wildberries, але я там нічога не набываю», — скардзіцца хлопец.

Паколькі асноўныя замежныя аплаты ў Мацея абмяжоўваюцца Расіяй, то для абыходу нязручнасцяў ён цяпер карыстаецца сістэмай QIWI, дзе зарэгістраваўся яшчэ пару год таму.

«Папаўняць кашалёк можна праз мабільную аплікацыю банка «Рашэнне» (адпраўляем беларускія рублі, а банк іх па курсе мяняе на расійскія і залічвае на кашалёк). Як пачалася вайна, плацяжы з самога кашалька не праходзілі, але можна было выпусціць віртуальную карту QIWI, што я і зрабіў. З яе можна аплаціць тавары і паслугі ў Расіі, узнавіць падпіску на музыку. З усім гэтым я ў тым ліку дапамагаю сябрам. Гэта не так зручна, як было да вайны, дадалося клопату, але працуе, дзякуй богу», — дзеліцца наш суразмоўца.

Мацей упэўнены, што выйсце можна знайсці заўсёды, бо занадта шмат людзей хоча пераводзіць грошы праз «жалезную заслону».

«Калі нас не адключаць ад сусветнай сеткі, то можна карыстацца крыптавалютамі — адносна зручна і бяспечна. Тым больш, што наша грамадства ў гэтым досыць дасведчанае».

Чытайце таксама:

Частку расійскіх банкаў адключылі ад SWIFT, а Еўрасаюз забараніў пастаўляць наяўныя еўра. Як гэта нас закране?

Спецслужбы, каханкі, загадкавыя смерці: дэталі вялікай беларускай пагоні за $65 мільёнамі ад Сусветнага банка

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
1