8 чэрвеня Паліна паспрабавала аспрэчыць гэтае рашэнне ў Гомельскім абласным судзе, але рашэнне суда першай інстанцыі засталося без зменаў.

«На жаль, цуда не адбылося, Паліне прыйдзецца адбыць яшчэ адзін год зняволення. Нядаўна атрымаў ад яе ліст, мая жонка трымаецца годна, прысуд успрыняла з усмешкай, яна дзякуе ўсім за падтрымку, і кажа, што толькі наша поўная перамога вызваліць яе і астатніх палітвязняў», — сказаў «Белсату» муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Да дадатковага года калоніі жанчыну 7 красавіка прыгаварыў суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Крупадзёраў. Паліне інкрымінавалі «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая ў студзені 2021 года. На яе завялі тры крымінальныя справы: паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў»), арт. 368 («Абраза прэзідэнта») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Усяго пацярпелымі па справе праходзілі сем міліцыянераў. Паводле версіі абвінавачвання, яна плюнула і ўдарыла аднаго з міліцыянтаў падчас агляду, а з іншага сарвала маску, астатніх абражала. Таксама жанчына нібыта дапусціла абразу Лукашэнкі. Тады яе асудзілі на два гады калоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0