Удмурты — паўмільённы фіна-вугорскі народ з Расіі, які, як і іншыя карэнныя народы ў гэтай краіне, падвяргаецца актыўнай русіфікацыі.

Дзяўчаткі і хлопчык жывуць у Венгрыі, насельніцтва якой таксама размаўляе на мове з фіна-вугорскай галіны. Але венгерская (па-беларуску можна таксама казаць «вугорская») мова не вельмі падобная да ўдмурцкай. Найбліжэйшыя родзічы венграў у Расіі — зусім малалікія народы ханты і мансі.

Астатнія расійскія фіна-вугры моўна бліжэйшыя да фінаў і эстонцаў, хоць і ў іх выпадку пра ўзаемаразуменне без папярэдняга вывучэння моў казаць не даводзіцца. Удмурты з фінамі, напрыклад, хоць і ў адной фіна-пермскай падгаліне, але ў розных моўных групах: фіны ў фіна-волжскай, а удмурты ў пермскай.

На відэа Сафі (бялявая дзяўчынка злева) расказвае, што летам ёй падабаецца купацца (пыласькыны), а не падабаюцца камары (чибиньёс). Хлопчыку Мішу падабаецца купацца ў басейне, на што ягоная старэйшая сястра Сафі дадае, што ўвогуле яны купаюцца таксама ў рэчцы і нават у возеры Балатон. А Біянцы (чарнявая дзяўчынка справа) летам падабаецца ўсё, напрыклад, смачныя ягады. Сафі на гэта дадае, што яна надта любіць вішню і гаворыць, што ў іх вельмі шмат вішні на дрэве.

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0