Знешні выгляд будынка прапануецца ў адзіным стылі з архітэктурай усяго комплексу універсітэцкага гарадка, які будаваўся з 1925 г. па наш час. Таму, паведамляецца, новы будынак не парушыць ансамбль у стылі канструктывізму.
Як значыцца ў праектных матэрыялах, «простаму і выразнаму выгляду будучага корпуса адпавядаюць лаканічная форма фасадаў і мінімальны дэкор». Фасад на ўзроўні першага паверха плануецца аздобіць керамагранітнымі плітамі цёмна-шэрага колеру. Вышэй — выкарыстоўваць алюмініевыя альбо алюмакампазітныя панэлі серабрыстага колеру. Праект праходзіць грамадскае абмеркаванне.
Што тычыцца ўнутранага напаўнення, то ў будынку будуць размешчаныя навучальныя аўдыторыі, вытворчыя лабараторыі, шматфункцыянальныя залы для правядзення мерапрыемстваў рознага фармату, бібліятэка адкрытага тыпу (open space), кафэ, офісы адкрытага тыпу, адміністрацыйныя, санітарна-тэхнічныя і бытавыя памяшканні. Корпус разлічаны на 1300 чалавек — навучэнцаў і супрацоўнікаў.
Праўда, якія факультэты там размесцяць, не паведамляецца.
Верагодны перыяд будаўніцтва — 2023-2024 гг.





