БелТА піша, што ў польскіх школах праз нізкія заробкі не хапае каля 13 тысяч настаўнікаў. Пры гэтым звальняюцца нават педагогі з вялікім досведам працы. Дырэктары польскіх школ (многія з якіх таксама звальняюцца) скардзяцца, што маладыя спецыялісты не хочуць працаваць у сферы адукацыі. Настаўнікі, якія толькі пачынаюць працаваць па прафесіі, цяпер зарабляюць на ўзроўні некваліфікаваных работнікаў, піша БелТА.

Але колькі ж зарабляюць настаўнікі ў Польшчы?

Які і ў любой іншай краіне, заробак настаўніка залежыць ад працоўнага стажу, актыўнасці, кваліфікацыі, досведу і адпрацаваных гадоў, а таксама дадатковых надбавак.

У Польшчы ёсць чатыры катэгорыі настаўнікаў:

  • настаўнік-стажор;
  • настаўнік па кантракце;
  • прызначаны настаўнік;
  • сертыфікаваны настаўнік (самая высокакваліфікаваная і высокааплатная катэгорыя, такіх настаўнікаў у Польшчы — больш за 60%).

З 1 мая 2022 года стаўкі сярэдняй зарплаты настаўнікаў складаюць:

  • настаўнік-стажор: 3693,46 злотага (2789,25 рубля);
  • настаўнік па кантракце: 4099,74 злотага (3096,07 рубля);
  • прызначаны настаўнік: 5318,58 злотага (4016,52 рубля);
  • сертыфікаваны настаўнік: 6795,97 злотага (5132,22 рубля).

Нагадаем, большасць польскіх настаўнікаў — сертыфікаваныя.

Гэта заробак «бруднымі», да аплаты падаткаў і збораў. Нета — заробак будзе меншым амаль на 30%. У той жа час тыя, хто працуе на паўтары стаўкі ці бярэ дадатковыя нагрузкі, атрымліваюць яшчэ больш.

У адпаведнасці з польскім заканадаўствам, на пачатку сваёй педагагічнай кар'еры амаль кожны настаўнік атрымлівае званне стажора. У той жа час выкладчык, які працаваў ва ўніверсітэце, можа стаць альбо настаўнікам па кантракце, альбо прызначаным настаўнікам.

Палякі і праўда наракаюць, што заробкі настаўнікаў (асабліва маладых, без досведу) невысокія. Але іх беларускім калегам не сніліся і такія. 

У Беларусі за красавік сярэдняя зарплата настаўніка «бруднымі» (да выплаты падаткаў) склала 1568 рублёў. «Чыстымі» сярэдні заробак склаў каля 1350 рублёў. 

Пры гэтым цэны на прадукты і адзенне ў Беларусі і Польшчы супастаўныя.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру