Усе фота: Антон Нявераў / mlyn.by
Незвычайная вясельная працэсія ‒ калона байкераў з трох дзясяткаў матацыклаў ‒прыцягвала ўвагу гараджан. Ды і ў зале, дзе бяруць шлюб, было не зусім тыпова.
«Ці згодныя вы быць кахаючай і клапатлівай жонкай брутальнага байкера?» — такі зварот на ўрачыстай цырымоніі пачуеш не часта.
У гэты дзень пытанне ў такой фармулёўцы задавалася тройчы. Натуральна, усе тры разы жаніхі ў скураных камізэльках пачулі станоўчыя адказы.
— Рашэнне, каб было вяселле трох пар, мы прынялі месяц таму. І ўсе хутка арганізавалі. Дзень абраны не выпадкова. У нашым клубе два разы на год праходзяць вялікія мерапрыемствы, калі ўсе збіраюцца сем'ямі, адпачываюць, гутараць. Сёння менавіта такі дзень: усе сабраліся разам, і мы арганізавалі адразу тры вяселлі — распавялі Аляксей і Крысціна Івончыкі, адна з пар маладых.





