Мікалаёва каля Улы. Імша на месцы пахавання вязняў Беразвечча, расстраляных 26 чэрвеня 1941 года. Фота 2018 года. На першым плане — ксёндз Вячаслаў Барок, цяпер палітычны ўцякач

Мікалаёва каля Улы. Імша на месцы пахавання вязняў Беразвечча, расстраляных 26 чэрвеня 1941 года. Фота 2018 года. На першым плане — ксёндз Вячаслаў Барок, цяпер палітычны ўцякач

Беразвечча ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах з нагоды вайны з Расіяй. З падзей вайны паміж ВКЛ і Масковіяй 1512-1522 гадоў многія памятаюць толькі бліскучую перамогу пад Оршай у 1514 годзе — але насамрэч, гэтая вайна была доўгай і прывяла да тэрытарыяльных страт для нашай дзяржавы. Сярод іншага, тады маскоўцы забралі ў ВКЛ Смаленск.

У 1519 годзе маскоўскае войска зрабіла глыбокі рэйд па землях Вялікага Княства Літоўскага, і сярод спустошаных паселішчаў, пра якія згадваюць крыніцы, было Беразвечча.

Беразвечча — паселішча, размешчанае ў прыгожым месцы паміж азёрамі Вялікае і Падлазнае, належала старадаўняму полацкаму роду Корсакаў. У 1552 годзе яно было адным з самых вялікіх мястэчак на поўначы Беларусі — сорак двароў мяшчан, двор Корсакаў і царква. Пасля Лівонскай вайны, калі Полацкая зямля на паўтара дзесяцігоддзя трапіла пад маскоўскую акупацыю, Беразвечча ўжо не адрадзілася як мястэчка — Корсакі заахвочвалі мяшчан сяліцца ў суседнім Глыбокім.

На пачатку XVII стагоддзя Беразвечча было ў валоданні Язэпа Корсака. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у войнах з Масквой: у смаленскай кампаніі 1610 года, паходзе на Маскву ў 1612-м, абароне Дзісны ў 1632-м. Пры канцы жыцця Корсак, не маючы дзяцей, пастанавіў усе свае маёнткі перадаць царкве. Беразвечча, дзе пры парафіяльнай царкве былі пахаваныя яго бацькі, ён аддае грэка-каталіцкаму ордэну базыльянаў з умовай, каб тыя маліліся за супакой душаў яго бацькоў ды навучалі праўдзе веры навакольных вяскоўцаў. Таксама ён засноўвае кляштар кармелітаў босых і парафіяльны касцёл у Глыбокім.

У 1756-1762 гадах архітэктар Ян Тобія Дыдэрштэйн узводзіць у Беразвеччы новую мураваную царкву — даследчыкі называюць яе вяршыняй развіцця віленскага барока. Побач з царквой паўстае двухпавярховы мураваны кляштар. У 1773 годзе базыльяне адкрываюць шасцікласную школу — адпаведнік сучасных гімназій — дзе вучыліся дзеці шляхты і ўніяцкага духавенства з усяго рэгіёна.

У выніку скасавання расійскімі ўладамі Уніі ў 1839 годзе, кляштар у Беразвеччы становіцца праваслаўным. У 1874 годзе з яго выязджаюць апошнія манахі — і чвэрць стагоддзя кляштар і царква стаялі пустыя. Улады мелі розныя ідэі выкарыстання кляшторных муроў, аж да размяшчэння ў ім шпіталя для вар’ятаў. Урэшце, у 1901 годзе царкоўныя ўлады пасялілі ў Беразвеччы прысланую з Арлоўскай губерні ігуменню Сергію з шасцю сёстрамі-паслушніцамі. Манашкі заклалі пры кляштары двухкласную настаўніцкую школу і адрамантавалі царкву, якая была ўжо ў аварыйным стане.

У 1919 годзе Глыбоччыну занялі польскія войскі. Манашак прымусова выселілі з Беразвечча, царкву забралі пад касцёл. Прызначаны ў 1924 годзе глыбоцкі рыма-каталіцкі дэкан, беларус Антоні Зянкевіч, спрабаваў дабіцца, каб зрабіць Беразвечча цэнтрам уніяцкай парафіі — але польскія духоўныя ўлады ў Вільні не былі зацікаўленыя ў адраджэнні ўсходняга абраду.

У мурах кляштара размясцілася войска. З 1924 да 1939 года там стацыянаваў полк Корпуса аховы памежжа «Глыбокае» — бо побач, кіламетраў за трыццаць — была мяжа з СССР. У святыні адбываліся набажэнствы для вайскоўцаў, а раз на год, у свята Пятра і Паўла, там адбываўся фэст, на які маглі патрапіць шырокія масы вернікаў.

17 верасня 1939 года, калі Чырвоная армія напала на Польскую Рэспубліку, нешматлікі гарнізон Беразвечча адступіў да мяжы з Латвіяй. Савецкім акупантам пільна трэба былі будынкі пад турмы — і яны ператварылі кляшторныя муры на следчую турму НКВД. Турма была разлічаная на 530 вязняў, але ўвесь час была перапоўненая — напрыклад, 20 сакавіка 1940 года ў ёй трымалі 905 чалавек. Значная частка вязняў была палітычнымі.

Праз Беразвечча праходзіла эліта рэгіёна — землеўладальнікі, чыноўнікі, інжынеры, настаўнікі, урачы. Назва «Беразвечча» наводзіла страх на жыхароў Глыбоччыны, Браслаўшчыны і Пастаўшчыны.

24 чэрвеня 1941 года, праз два дні пасля таго як нацысцкая Нямеччына напала на сваіх учорашніх саюзнікаў з СССР, канвойнікі з НКВД пачалі «эвакуацыю» турмы. Частку вязняў расстралялі ў самім Беразвеччы. Частку выслалі на ўсход чыгункай. Астатніх пашыхтавалі ў калону і пагналі пешшу ў бок Віцебска. Па дарозе канвойнікі забівалі слабейшых вязняў. На трэці дзень, 26 чэрвеня, калі калона перакрочыла Дзвіну каля мястэчка Ула, канвойнікі загадалі вязням легчы на зямлю — і расстралялі з кулямётаў.

Паводле савецкіх дакументаў, у той калоне было 916 чалавек — выжыць здолелі толькі некалькі чалавек. Больш за палову забітых складалі «осужденные за контрреволюционные преступления» — то бок, палітычныя вязні.

Немцы, калі занялі Глыбокае, дазволілі мясцовым жыхарам ускрыць магілы ў Беразвеччы. Гэта мусіла даць прапагандысцкі эфект — прадставіць сябе як «вызваліцеляў ад бальшавізму». Але неўзабаве нацысты пачалі ў Беразвеччы яшчэ большыя зверствы, стварыўшы пад голым небам лагер для ваеннапалонных.

Восенню і зімой 1941 года савецкія палонныя паміралі ў Беразвеччы тысячамі. Іх хавалі ў траншэях у лесе Барок на супрацьлеглым баку Падлазнага возера. Паводле ацэнак, зробленых савецкай камісіяй пасля заканчэння вайны, там магло быць пахавана каля 27000 ахвяраў.

У 1944 годзе Саветы зноў зрабілі ў беразвецкіх мурах турму — але на гэты раз не СІЗА, а папраўчую калонію. Гэта была адна з трох на ўвесь Саюз турмаў «особого режима», дзе адбывалі тэрмін самыя небяспечныя злачынцы. Многія з вязняў і паміралі ў турме. Іх хавалі на могілках Копцеўка ў Глыбокім — калі зайсці за капліцу і спусціцца ўніз, то каля агароджы ёсць магілы, дзе замест крыжа — жалезны прут, а на ім таблічка з нумарам.

Царква ў Беразвеччы саветам была не патрэбная. У 1949 годзе Глыбоцкі райвыканкам прымае пастанову разабраць будынак на цэглу. Руйнаванне святыні пры ўжыванні працы зняволеных цягнулася некалькі гадоў — ужо ў 1955-м ад царквы не было і следу.

У часы незалежнай Беларусі будынак базыльянскага кляштара быў унесены ў спіс помнікаў архітэктуры. Але турма там застаецца — праўда, цяпер там сядзяць не толькі асуджаныя да асаблівага рэжыму, але і да агульнага.

Фота 2021 года

Фота 2021 года

У 2011-2012 гадах у Беразвеччы адбываў пакаранне лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч. Па матывах гэтай адседкі ён напісаў аповесць «Чарвяк». Пасля ён успамінаў, што мясцовыя ахоўнікі ставіліся да вязняў лепей, чым у калоніях ва ўсходняй частцы Беларусі.

Пасля падзей 2020 года ў Беразвеччы зноў з’явіліся палітвязні. Тут адбывалі тэрміны хворы на анкалогію актывіст з Хойнікаў Аляксей Раманаў, рабочы са Жлобіна Аляксандр Баброў, моцна збіты сілавікамі гамяльчанін Сяргей Верашчагін.

Агулам жа ў Беразвеччы «палітычных» не многа — магчыма, з той прычыны, што гэтая калонія прызначаная для тых, хто асуджаны паўторна.

24 чэрвеня 2022 года стала вядома, што ў Беразвеччы будзе адбываць тэрмін палітык Мікалай Статкевіч, якому за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» далі 14 гадоў таго самага «асаблівага рэжыму».

Трагічная гісторыя Беразвечча, на жаль, працягваецца.

Клас
6
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
53
Абуральна
20