18 чэрвеня Вільня заявіла пра прыпыненне транзіту праз сваю тэрыторыю грузаў для Калінінградскай вобласці. Гэта не аднаасобнае рашэнне Літвы, а датрыманне ёй агульнаеўрапейскіх падыходаў санкцыйнага ціску на Расію.

Расія пагражае Літве рознымі захадамі ў адказ. МЗС Расіі ўручыў ноту літоўскаму дыпламату. У ёй гаворыцца, што РФ пакідае за сабой права абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў. «Якія ў іх уяўленні пра межы, — кажа Андрэй Стрыжак, — мы бачым на прыкладзе Грузіі 2008 года, Крыма 2014 года, а цяпер і Украіны. Гэта значыць, у выбары сродкаў Расія сябе не абмяжоўвае».

Што ў гэты час адбываецца на ваенным флангу?

НАТА і Расія паралельна правялі ваенна-марскія вучэнні ў раёне Калінінграда. І калі Расія абмежавалася лакальнымі манеўрамі, бо вайсковая моц Расіі задзейнічаная ў вайне ва Украіне, то натаўскія вайскоўцы правялі шырокую аперацыю ў складзе флатоў 14 краін.

«Гэта значыць, на моры ўсе рыхтуюцца да вялікага варушняку», — канстатуе Стрыжак.

Што на сушы?

Сувалкаўскі калідор, аб якім шмат гавораць у апошні час, — гэта 100 км, якія аддзяляюць тэрыторыю Беларусі ад тэрыторыі Калінінградскай вобласці.

На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расійскія войскі, якія «могуць заходзіць‒выходзіць, калі ім захочацца».

На думку Стрыжака, калі расійская групоўка ў Калінінградзе (у якой нават «Іскандэры» ёсць) захоча «паціснуць руку» беларускай, ім трэба будзе прайсці ўсяго толькі 100 км — па 50 км кожнай.

Сувалкаўскі калідор — гэта стратэгічная магістральная лінія, па якой ідзе забеспячэнне. Гэта значыць, перарэзаўшы яе, Расія можа адрэзаць краіны Балтыі ад астатняй часткі Еўропы.

Наколькі рэальны такі сцэнар?

«Цяпер я гэта прагаворваю, і гэта здаецца трызненнем», — кажа Стрыжак. Але калі паглядзець, што за апошні час зрабіла ў замежнай палітыцы Расія, то гэта, паводле яго, не здаецца такім фантастычным. Спіс краін і тэрыторый, на якія Расія нападала пры Пуціне, пастаянна павялічваецца. «І чаму б туды не ўпісаць назву яшчэ адной краіны?» — задаецца пытаннем Стрыжак.

На яго думку, агульнаеўрапейская палітыка санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі праз геаграфічнае становішча прадугледжвае актыўны ўдзел у ёй Літвы і Польшчы.

«Балтыйскія краіны і Польшча добра памятаюць, што такое насамрэч Расія, якая ні кропелькі не змянілася за гэтыя гады. Яна ўсё так жа хоча пашырацца. Літоўцы разумеюць перспектывы. Калі яны зноў апынуцца ў акупацыі, уся палітычная вярхушка зʼедзе ў Сібір, а шараговыя грамадзяне зноў апынуцца ў савецкім раі. Менавіта таму Літва паслядоўна займае антысавецкую і антырасійскую пазіцыю».

Наколькі дзейсным акажацца 5-ы артыкул НАТА пры нападзе на Літву, будзе зразумела толькі на практыцы, кажа Стрыжак.

А што Беларусь?

Беларусь лагістычна, інфраструктурна, медычна падтрымлівала наступ расійскай арміі на Кіеў. Імавернасць як мінімум такога сцэнара праглядаецца і ў выпадку наступлення на Вільню, кажа Стрыжак.

Іншае важнае пытанне — ці будзе задзейнічаная беларуская армія. Лукашэнка пакуль віхляе і спрабуе выруліць сітуацыю. Як будзе далей — пытанне.

Але вось што зразумела, на думку Стрыжака, дык гэта тое, што будзе з беларусамі, якія збеглі ад лукашэнкаўскіх рэпрэсіяў у Літву. «Тут адказ просты і зразумелы. Ім дакладна не паздаровіцца. Кожны чалавек павінен для сябе ацэньваць рызыкі, ці заставацца на тэрыторыі Літвы».

«Беларусы павінны мець нейкі план дзеянняў. Як тыя беларусы, якія засталіся ў краіне, так і тыя, якія выехалі», ‒ кажа Андрэй Стрыжак.

Калі ў выпадку з Украінай Лукашэнка мог сказаць, што яго прымусілі, то другі раз гэта яму з рук не сыдзе, лічыць ён.

І Беларусь стане легітымнай цэллю, але ўжо не для Украіны, а для краін НАТА.

А гэта зусім іншага ўзроўню зброя, і зусім іншы ўзровень наступстваў для краіны.

Тым, хто зʼехаў, трэба не забывацца, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны паміж НАТА і РФ будуць дзейнічаць законы аб інтэрнаванні грамадзян варожых дзяржаў. І трэба будзе даказаць, што тыя грамадзяне, якія зʼехалі з краіны, не зʼяўляюцца агентурай Крамля або Мінска. «І гэта вельмі складаная задача. Таму што ў папярэдніх войнах, як правіла, на аргументы ніхто не звяртаў увагі», — кажа Стрыжак.

«Калі вы ставіце мэтай захаванне сябе, сваёй сямʼі, сваёй маёмасці, падумайце аб тым, дзе вам быць у бліжэйшы час. Знаходзіцца ў зоне патэнцыйных баявых дзеянняў або зʼехаць. Каб потым не было пакутліва балюча, што вы своечасова не прынялі правільнае рашэнне», — кажа ён.

Калі ж вы прынялі рашэнне заставацца там, дзе вы ёсць, то трэба быць гатовым да таго, што можа адбыцца. У тым ліку зрабіць нейкія запасы прадуктаў, падрыхтаваць сябе да таго, што, магчыма, вам прыйдзецца займацца тактычнай медыцынай або капаць бамбасховішчы ці чымсьці яшчэ.

«Грэчка, соль, мыла, свечкі — гэта тое, што павінна быць у кожным доме ў нашым рэгіёне», — кажа Стрыжак.

Вайна на Балтыйскім тэатры дзеянняў — непазбежная, упэўнены ён. Пытанне толькі часу. Калі гэта адбудзецца, ніхто не ведае. «Але тое, што гэта адбудзецца, у мяне не выклікае сумневаў», ‒ кажа ён.

«Я ўжо загадзя зайздрошчу тым шчасліўцам, якія дажывуць да канца і дагледзяць гэты фільм-катастрофу, у якім мы з вамі ўсе разам трапілі. Вопыт розных краін паказвае, што не заўсёды вайна мае канец. Той жа Ізраіль пацвярджае, што жах можа быць пастаянным, і людзі проста прывыкаюць жыць у ім. Напэўна, нам таксама давядзецца жыць з разуменнем, што наша жыццё можа разбіцца раптоўна», — кажа ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру