Ала Караленка

Ала Караленка

27 чэрвеня ў Гомелі мелася прайсці свята для ўкраінскіх дзяцей, якія ўцяклі ад вайны. Але ўдзельнікаў, якія сабраліся ў парку палаца Румянцавых і Паскевічаў, разагнала міліцыя. Сёння, 29 чэрвеня, міліцыя затрымала адну з арганізатарак свята.

Дзяўчынка Аліса са сваёй бабуляй прыехала ў Гомель, ратуючыся ад вайны, з Данецкай вобласці Украіны. 27 чэрвеня ў дзяўчынкі быў дзень нараджэння — 9 гадоў. Яна вырашыла зладзіць акцыю — зрабіць на продаж папяровых «галубоў міру» і такім чынам назбіраць грошы на падарунак. З дапамогай мясцовых валянцёраў вырашана было арганізаваць свята для ўкраінскіх дзяцей, якія вымушана жывуць у Гомелі.

Свята назвалі «Дзень днёў нараджэння».

Меркавалася, што ў праграме будуць гульні, конкурсы, сувеніры і падарункі. Абавязковай умовай было прынесці з сабой «голуба міру» ці зрабіць яго разам на сустрэчы.

Але міліцыя «скарэктавала» планы. Дзіцячае свята ўсё-такі адбылося — але ў іншым месцы.

29 чэрвеня па адну з арганізатарак, жыхарку Гомеля Алу Караленка, прыйшла міліцыя. Пазней Свабодзе стала вядома, што Ала ў ІЧУ. Паводле якога артыкула — у ізалятары казаць адмовіліся.

«З блізкіх сваякоў у Беларусі ў Алы толькі мама 85 гадоў, пакуль ёй не паведамлялі. У сувязі з гэтым няма каму нават перадаць рэчы і ежу. Можа, адгукнуцца яе сябры ці сваякі», — паведаміў знаёмы жанчыны выданню «Флагшток».

Праўладныя тэлеграм-каналы выказаліся, што міліцыя ўмяшалася ў свята, бо баялася «правакацый і палітычных лозунгаў», а на масавае мерапрыемства яго ўдзельнікі не падалі заяўку ў гарвыканкам.

Клас
1
Панылы сорам
18
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
64