Усе фота: Instagram Андрэя Краўчанкі

«Калі чалавек хоча працаваць, ён здолее тут зарабляць вялікія грошы і ні ў чым сабе не адмаўляць»

«Наша Ніва»: Чым вы зараз займаецеся?

Андрэй Краўчанка: Жыву ў асноўным сям’ёй. Спрабуем абжыцца ў новай краіне — гэта не так проста, як можа здавацца. Працуем, жонка трэніруецца, жадаем вырашыць пытанне з садком для дачкі, бо ўжо амаль год як не можам з гэтым разабрацца. А яшчэ не апускаем рукі і працягваем змагацца за Беларусь.

Дагэтуль ёсць рэчы [ў Германіі], да якіх цяжка прывыкнуць. Тут усё па-іншаму, па законе, неяк размерана. У беларусаў трохі іншы менталітэт, але мне б хацелася, каб і ў Беларусі ўсё было па законе, каб усе былі перад ім роўныя, не было карупцыі.

«НН»: Дзе працуеце?

АК: У спартовым клубе, я трэнер па лёгкай атлетыцы і па агульнафізічнай падрыхтоўцы. Гэта вялікі прыватны клуб, але ж ён непрафесійны. Дзеці займаюцца ў ім, хутчэй, дзеля хобі і ўласнага развіцця.

«НН»: Як знайшлі гэтае месца?

АК: Калі мы прыехалі ў Германію, выйшлі на аднаго каталіцкага святара. Ён фанат лёгкай атлетыкі, бегае марафоны, і ён нас звёў з гэтым клубам. Прыйшлі сюды, і літаральна праз месяц мне далі згоду, каб працаваў тут трэнерам. Умовы добрыя, але ж мне нязвыкла працаваць з дзецьмі — зараз трэнірую падлеткаў ад 12 да 16 гадоў. Плюс гэта непрафесійны клуб, таму тут няма мэты вывесці кагосьці на высокі вынік, ды і трэніруемся для гэтага недастаткова.

Жадаю падвучыць нямецкую мову і перайсці ў прафесійны клуб, там будзе цікавей, але ж мова няпростая. Зараз мы займаемся дакументамі, бо нядаўна пераехалі ў іншы горад, і калі ўсё скончым, зноў працягну курсы нямецкай.

Думаю, што ўсё будзе добра. Тут да нас добра ставяцца, ёсць людзі, якія дапамагаюць нам. Таксама мы тут не адны, хто з’ехаў з краіны пасля 2020 года, мы падтрымліваем сувязь і з іншымі беларусамі.

«НН»: Жывяце ў маленькім горадзе?

АК: Так, у Леверкузэне, але ён знаходзіцца каля самага Кёльна, горада-мільённіка. У Леверкузэне кватэры каштуюць танней.

«НН»: Лёгка знайшлі жыллё?

АК: Я сам шукаў кватэру каля чатырох месяцаў. Потым мы звярнуліся да трэнера Яны, маёй жонкі, які мае шмат знаёмых рыэлтараў, і ён нам знайшоў кватэру за месяц. То-бок было вельмі цяжка з жыллём, а зараз, пасля пачатку вайны, гэта яшчэ цяжэй. Цяпер і самі немцы не могуць знайсці сабе кватэру. Сярод іх здымаць кватэру вельмі папулярна: ёсць такія, у каго свая, але яны здаюць яе па большай цане і здымаюць сабе таннейшую.

Тыя, хто мае тут сваё жыллё, стараюцца жыць за горадам. Нямецкія вёсачкі — гэта нешта неймавернае, там дужа прыгожа. У беларускіх вёсках усё закінутае, а тут пра вёскі клапоцяцца.

«НН»: Што ў вас за кватэра?

АК: Нам спадабалася першая кватэра, якую нам паказалі. Яна знаходзіцца каля стадыёна, што вельмі зручна для маёй жонкі, якой трэба трэніравацца. Разам з камуналкай, кватэра 56 квадратаў каштуе нам у месяц каля 600 еўра.

«НН»: Жыццё ў Германіі дарагое?

АК: Паліва тут шмат каштуе, літр — не менш за 2 еўра. Паміж нямецкімі гарадамі вялікая адлегласць, таму кошт паліва адчуваецца. Што да астатняга, не сказаў бы, што тут такія ўжо вялікія цэны, тым больш у параўнанні з цяперашнімі беларускімі, і ёсць розніца ў заробках. Думаю, калі чалавек хоча працаваць, ён здолее тут зарабляць вялікія грошы і ні ў чым сабе не адмаўляць. Адзіная праблема — гэта мова, трэба яе вучыць і кантактаваць з іншымі.

«НН»: Англійская мова не дапамагае?

АК: Практычна ўсе немцы яе ведаюць, але ўсё роўна стараюцца гутарыць па-нямецку. Падчас працы я сам карыстаюся толькі англійскай мовай, тут 12-гадовыя дзеці часам ведаюць яе лепш за мяне.

«НН»: Вас уразілі тыя ўмовы для заняткаў спортам, якія вы пабачылі ў Германіі?

АК: Так, вельмі. Працую ў непрафесійным клубе, тут мэта хутчэй аздаравіць дзіця, але ўсё роўна не заўважыў, каб нечага не хапала. Экіпіроўка, снарады, бар’еры, шасты, ямы для скачкоў — усё ёсць. Стадыён тут ідэальны.

Нейкі час таму сустрэў на стадыёне бежанца з Запарожжа. Яму 68 гадоў, і ён былы лёгкаатлет, бегае спрынты. Дамовіўся з маім кіраўніцтвам, каб гэты мужчына мог трэніравацца на нашым стадыёне. Памятаю, наколькі ён быў здзіўлены, што ў нас непрафесійны клуб, але на стадыёне цудоўныя ўмовы, хоць зараз можна праводзіць спаборніцтвы.

«НН»: Стаўленне да вас добрае?

АК: Ідэальнае, не ведаю, хто тут можа казаць пра дыскрымінацыю рускамоўных. Я праз гэта пасварыўся са сваім бацькам, бо ён пытаўся, ці не прыгнятаюць мяне ў Германіі нацысты. Гэта лухта, тут і блізка такога няма. Паміж сабой мы размаўляем па-руску, усе гэта чуюць, і ніколі не было ніякага негатыву. У клубе мяне вельмі любяць.

«НН»: Вашым родным падабаецца Германія?

АК: Так, усё нармальна. Вядома, што сумуем па Радзіме, але няма нічога, на што можна было б скардзіцца, па магчымасці дапамагаем іншым. Калі параўноўваць з Беларуссю, то мы зараз ў ідэальных умовах, і гледзячы па тым, як да нас тут ставяцца, гэта другі дом. Нас тут прынялі, далі магчымасць жыць і развівацца, і таму я вельмі ўдзячны.

«Тыя, хто казаў мне, што пойдуць да канца, цяпер зламаліся»

«НН»: Вы зараз трэніруецеся?

АК: Па магчымасці, бо не заўсёды на гэта хапае часу. У мяне ў пятцы два балты, якія трэба дастаць, пасля гэтага здолею больш актыўна трэніравацца. Яшчэ ж трэніруецца Яна, і камусьці трэба сядзець з нашай дачкой Эміліяй. Калі б тут была бабуля ці магчымасць пакінуць дзіця ў садку, было б лягчэй.

З дачкой Эміліяй

«НН»: Ці ёсць у вас з жонкай магчымасць працягнуць кар’еру?

АК: Спартсменаў з Расіі і Беларусі цалкам забанілі [на міжнародных спаборніцтвах], нават такіх, як я і мая Яна, хаця мы і былі заўсёды супраць вайны і супраць рэжыму. Пішам у розныя спартовыя федэрацыі і спрабуем атрымаць дазвол на выступы, але ж з намі не выходзяць на кантакт, няма адказу. Жонка трэніруецца, яна ў добрай форме, але бачу па яе вачах, што матывацыя ў яе падае. Калі ў найбліжэйшыя месяцы бан з Яны не здымуць, думаю, трэба будзе развівацца ў іншым кірунку, бо няма сэнсу проста так траціць сілы на трэніроўкі.

«НН»: Ці разглядаеце варыянт перайсці ў іншую сферу?

АК: Так. Трохі ўжо стомлены ад спорту, бо больш за 20 гадоў знаходжуся ў ім. Зараз трэнірую дзяцей і адчуваю, што прывык да іх, атрымліваю вялікае задавальненне. Але калі б навучыўся зараз чамусьці іншаму, перайшоў бы ў іншую сферу хаця б для таго, каб пераключыцца са спорту.

Не ведаю, што б гэта магло быць. Але ў Германіі, калі ты жадаеш працаваць, дзяржава цябе падтрымае, нават можа дапамагчы з крэдытамі. У мяне была ідэя адкрыць тут сваю спартовую школу для дзяцей, і гэта магчыма. Але, напэўна, гэтым займуся пазней.

«НН»: Вам крыўдна, што так атрымалася ў вас з выступамі?

АК: Зусім не. Стаўлю сябе на месца ўкраінцаў — таксама выступаў бы за санкцыі. Разумею, што яны і ненавідзяць беларускіх спартсменаў, бо шмат хто з іх падтрымаў вайну. А наша задача цяпер — даказаць, што ёсць беларусы, якія супраць гэтага ўсяго, якія рабілі і робяць шмат карыснага.

«НН»: Што маеце на ўвазе пад падтрымкай вайны? Не так шмат беларускіх спартсменаў выказваліся за яе.

АК: Некаторыя беларускія лёгкаатлеты не выказваюцца супраць вайны, а выкладваюць пасты з радасцю, што ва Украіне разбамбілі чарговы горад. Ды я лічу, што нават маўчанне — гэта падтрымка вайны. Калі ты маўчыш, то для цябе ўсё нармальна, ты ўхваляеш агрэсію.

Я такі чалавек, што не магу проста так глядзець на ўсё, што зараз адбываецца, для мяне гэта ненармальна. Калі ў цябе ёсць сумленне і нейкія маральныя прынцыпы, немагчыма зараз маўчаць. Мая сям’я пазбавілася ўсяго, мы з’ехалі з краіны і пачалі жыццё з нуля, але я не шкадую, што выказаўся. Калі б ўсё паўтарылася, зрабіў бы тое ж самае. Таму для мяне тыя людзі, хто ўхваляе вайну — гэта нелюдзі.

«НН»: Падтрымліваеце зараз сувязь з тымі спартсменамі, хто застаўся ў Беларусі?

АК: Не, ды і жадання такога няма. Трохі адчуваю расчараванне. Памятаю 2020 год, калі ўсе крычалі пра супраціў і салідарнасць, казалі, што калі цябе пасадзяць, мы ўсе выйдзем. Але нічога не здарылася і ніхто не праявіў салідарнасць, усе маўчалі і ціхенька з усім пагаджаліся.

Ведаю, як усе не любілі Ігара Сівадзедава, які некалі быў галоўным трэнерам у зборнай [па лёгкай атлетыцы]. Цяпер ён ізноў галоўны трэнер і ўсе да яго падлізваюцца, у людзей няма характару. Тыя, хто казаў мне, што пойдуць да канца, зараз зламаліся і спакойна сядзяць.

Трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб страціць усё, застацца пры сваім меркаванні і пачаць жыццё з нуля. Такіх людзей вельмі мала, але ім вялікі рэспект. А астатнія прыдумляюць апраўданні, маўляў, у нас забяруць стыпендыю, але заўсёды ёсць выхад з сітуацыі. Мы ўзялі дзве валізкі і з’ехалі, але я ведаю, што ў мяне чыстае сумленне, я не здрадзіў Радзіме і да канца буду змагацца за праўду.

«Расчараваўся нават у некаторых лепшых сябрах»

«НН»: Вы некалі расказвалі, што пасля пачатку вайны беларускія спартсмены прасілі ў вас дапамогі з выездам з краіны. Чым скончылася тая гісторыя?

АК: Вырашыў нікому не дапамагаць, нават калі і прыйдзецца пасля гэтага парваць зносіны з людзьмі. Прайшло два гады пасля выбараў і ніхто нічым не цікавіўся, а зараз раптам захваляваліся. Калі нас саджалі і звальнялі з працы, усім было пляваць, а тут людзі пажадалі нешта змяніць у жыцці, дык няхай спрабуюць самі.

Для мяне гэта балючая тэма. У мяне ёсць сябры-спартсмены, з якімі пазнаёміўся ў 2020 годзе, мы з імі аднолькава глядзім на рэчы і аднолькава думаем, гэтым людзям я давяраю, а ўсё астатняе для мяне — бутафорыя.

Ёсць тыя, хто падпісаў наш ліст вольных спартсменаў, але потым скарыліся і зараз спакойна выступаюць на спаборніцтвах, у іх нібыта ўсё добра. Але для мяне гэта пустыя людзі. Нехта кажа, маўляў, гэта спартсмены, ім жа трэба спаборнічаць, але ва Украіне жывыя людзі, якія пакутуюць. Вось з гэтага трэба пачынаць, а не са свайго камфорту, стыпендый ды турніраў.

«НН»: Расчараваліся ў кімсьці з пачаткам вайны?

АК: Так, у тым ліку нават у некаторых найлепшых сябрах, з кім усё жыццё быў блізкі. Старыя знаёмствы сыходзяць, але з’яўляюцца новыя, усё непатрэбнае знікае.

«НН»: Рэч у розных поглядах?

АК: Так. Некаторыя мне проста кажуць, маўляў, што табе не падабаецца ў Беларусі, усё ж добра. Спытаўся ў аднаго з такіх людзей, найлепшага сябра: а чаму ты тады ў Маскве працуеш, калі ў Беларусі ўсё добра? Адказаў, што не можа ў Беларусі знайсці сабе працу.

З кікбаксерам Іванам Ганіным і баскетбалістам Мікітам Мешчараковым

Памятаю, што бачыў на мітынгах у 2020 годзе, колькі было светлых, класных людзей. Гэта дарагога вартае. Быў уражаны, што мы так падняліся.

«НН»: А што здарылася з намі потым?

АК: Думаю, не хапіла рашучасці. Мы, хутчэй, мірныя людзі, і гэтым скарысталася ўлада, усіх задушыла. У дзень, калі затрымалі мяне, арыштавалі таксама больш за дзве тысячы чалавек. Памятаю, як яны вялі нас у турму, як абзывалі немцамі, фашыстамі, прымушалі поўзаць на карачках. Тады я зразумеў, што наша ўлада — гэта страшна, гэта д’ябал. Тое, як наша ўлада ставіцца да мірных жыхароў, ніколі нельга прабачыць, і я лічу, што гэтыя людзі заслугоўваюць самага строгага пакарання.

«НН»: Вы ж у 2020 годзе сышлі з КДБ, дзе мелі званне маёра. Як гэта было?

АК: Я тады самы першы падпісаў ліст вольных спартсменаў. Мне пазваніў кіраўнік, спытаў, ці буду я прыбіраць свой подпіс. Адказаў, што не буду, і спытаў, ці значыць гэта, што мне трэба пісаць рапарт аб звальненні. Адказалі — так. Прыехаў і напісаў.

Я там проста лічыўся, як і шматлікія іншыя спартсмены. Ты атрымліваеш ад іх заробак, залежыш ад іх, расцеш у званні, але жывеш як спартсмен. Трэніруешся, выступаеш на спаборніцтвах, прадстаўляеш органы. Адзінае, што калі ты атрымоўваеш медаль на вялікім турніры, цябе могуць запрасіць выступіць перад супрацоўнікамі і адказаць на іх пытанні.

Мяне першага звольнілі з нацкаманды, з КДБ, пазбавілі магчымасці трэніравацца. Пагарджаю гэтымі людзьмі, яны звальнялі мяне, нават нічога не кажучы, проста баязліўцы. Да маёй сям’і за горад прыязджалі з пагрозамі. Як мы маглі да гэтага давесці краіну?

«НН»: У вас ёсць адказ на гэтае пытанне?

АК: Няма. Ды я і сам да 2020 года быў сляпы, не разумеў гэта ўсё. А ў 2020 пабачыў на свае вочы, як у людзей кідалі гранаты. Быў проста шакаваны. А потым нас пачалі прэсаваць і звальняць проста праз тое, што мы з усім гэтым нязгодныя, хаця ўлада — гэта наёмныя працаўнікі, якія павінны працаваць дзеля народу, а не сябе.

У нас на працягу 28 гадоў усё будавалася вакол аднаго чалавека. Падбіралі вакол яго людзей, згодных дзеля яго ісці да канца, забіваць, збіваць і гвалціць. Так усё і здарылася. 28 гадоў ва ўладзе — гэта недапушчальна, праз 5—10 гадоў павінен прыходзіць іншы чалавек з новымі поглядамі. Калі ж чалавек ва ўладзе 28 гадоў, ён жыве ў іншым свеце, і яго цікавіць толькі ўлада.

«НН»: Спрабавалі тым, хто знаходзіцца пад уплывам прапаганды, расказаць, што насамрэч адбываецца ва Украіне?

АК: Не, бо гэта не мае сэнсу. Калі белае называюць чорным, а чорнае — белым, чалавек хіба ў адным выпадку з тысячы нешта зразумее. Хочаш верыць, што ўкраінцы самі сябе бамбяць? Тваё права.

«НН»: Вас самога шмат звязвае з Украінай, так?

АК: Мая мама з Харкава, і калі быў маленькім, мы часта туды прыязджалі. Мой дзядуля, мамін тата, быў адным з тых, хто распрацаваў танк Т-34. Здаецца, мама расказвала, што падчас вайны дзядуля трапіў у нямецкі палон. Яшчэ ў мяне з Харкава хросная мама, з якой мы не можам звязацца з 24 лютага. Магчыма, нешта з ёй здарылася падчас першых абстрэлаў горада.

Прыязджаў у Харкаў гадоў да дзесяці. Памятаю, як дзядуля паказваў, дзе ён працуе, мне падабаўся і горад, і сама Украіна. Заўсёды ездзілі туды з задавальненнем і ніколі не чулі знявагі да рускай мовы. Тым больш маем шмат сяброў-спартсменаў з Украіны.

Беларускія спартсмены нашмат часцей ездзілі спаборнічаць ва Украіну, чым у Расію. Дык чаму ж нашы спартсмены зараз маўчаць? Лічу ўкраінцаў нашымі братамі, тым больш што маю продкаў — запарожскіх казакоў.

А цяпер адчуваю расчараванне і боль. Як такое магчыма ў наш час і ў цывілізаваным свеце? Не ўяўляю, навошта гэта ўсё, тым больш што нашы краіны заўсёды былі разам. Калі ў 2014 годзе Расія ўварвалася ва Украіну, стаўленне да яе і пачало змяняцца, таму не варта казаць, што Расію зараз проста так ненавідзяць. Усё мае свае наступствы.

Часам расійскія спартсмены кажуць, маўляў, калі б мы не атакавалі Украіну, яна напала б на нас. Але ж яна не напала, напалі вы! Ніхто не хоча губляць свой камфорт, вось і прыходзіцца апраўдвацца.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

«У нас быў змяіны калектыў». Найлепшая лучніца краіны — пра ад’езд у Польшчу і беларускі спорт

Пра 2000 рублёў на БТ, былых калег і ютуб — гутарка з Яраславам Пісарэнкам, які цяпер вядзе «ЧестнОК»

Клас
78
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
10
Абуральна
19

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Коцік / Адказаць
03.07.2022
Наша ніва, трус - гэта кролік па-расейску, а трус па-расейску - гэта баязьлівец па-беларуску...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру