Спыталі ў палітолагаў, у чым сёння ўвогуле праяўляецца беларуская незалежнасць і наколькі паменшыўся яе працэнт у сувязі з пост-крызісам 2020 года і вайной ва Украіне.

Паддобрыванне пад фантомныя імперскія болі

Згадваючы самыя самастойныя для Беларусі часы, палітолаг, дактарантка Virginia Tech Кацярына Шмаціна называе «паўзу» паміж распадам СССР і прыходам да кіравання Лукашэнкі з яго жаданнем кансалідаваць уладу ў сваіх інтарэсах.

«Калі Лукашэнка пачаў паддобрывацца да Ельцына і Расіі з іх фантомнымі імперскімі болямі, то тады мы ўжо пачалі прывязваць сваю знешнюю палітыку і карэктаваць унутраную з аглядкай на Крэмль. Гэта ўплывала нават на такія рэчы, як беларуская навука: калі некаторыя даследаванні ў той жа Акадэміі навук не дазваляліся, бо яны крытыкавалі Расію, а гэта было нявыгадна, ці абароны дысертацый — яны таксама падпадалі пад такую цэнзуру».

Кацярына Шмаціна. Фота: асабісты архіў

Кацярына Шмаціна. Фота: асабісты архіў

Палітолаг падкрэслівае, што, у адрозненні ад краін Балтыі, якія скарысталіся момантам (у тым ліку слабасцю Расіі) і пайшлі дэмакратычным шляхам, у беларускай сітуацыі амаль не было магчымасці папрактыкавацца ў дэмакратычных працэдурах. 

«Хутка пачалі знішчацца ўсе дэмакратычныя інстытуты, якія і не паспелі паўнавартасна паўстаць, зачышчалася свабода слова ў медыя, зачыняліся беларускамоўныя школы, скарачалася роля беларускай мовы. Ці быў у народу запыт на тое, каб не адрывацца ад Расіі, з улікам часткі тых, хто настальгаваў па СССР? Насамрэч, мы не можам гэтага ведаць, бо ўся палітыка, якая праводзілася з прыходам да ўлады Лукашэнкі, была пабудаваная не на запыце народу, а з мэтай абслугоўвання выключна яго інтарэсаў», — робіць экскурс Кацярына Шмаціна. 

Лукашэнка стараўся будаваць імідж абаронцы суверэнітэту, але, па сутнасці, з самага пачатку паддобрываўся да таго боку, які і ўяўляў найвялікшую пагрозу для беларускай незалежнасці — да Расіі, падкрэслівае палітолаг.

«2014 — 2020 гады — перыяд кульмінацыі беларускай незалежнасці і суверэннай палітыкі»

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што ніводную краіну немагчыма назваць цалкам незалежнай — можна казаць толькі пра ступень залежнасці:

«Тут існуе заканамернасць: чым больш вялікая краіна, чым больш моцная, тым больш у яе незалежнасці і наадварот. Але тыя ж ЗША ці Кітай залежныя ад існуючай міжнароднай сістэмы.

Калі ж казаць пра Беларусь, то максімальна самастойнымі для краіны часамі быў перыяд з 2014 па 2020 гады, да апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Тады Беларусь праводзіла шматвектарную замежную палітыку, спрабавала развіваць адносіны з Захадам і іншымі рэгіёнамі. Лукашэнка тады яшчэ ўсяляк супраціўляўся з’яўленню расійскай вайсковай базы. Праводзілася палітыка так званай «мяккай беларусізацыі». Былі нават спробы гуляцца з апанентамі, якіх запрашалі на беларускія тэлеканалы: у тым ліку мяне, напрыклад, на перадачу да Гігіна.

Гэты сапраўды быў перыяд кульмінацыі беларускай незалежнасці і суверэннай палітыкі, на мой погляд. Бо ўсё ж у 90-я ўсе дзяржаўныя інстытуты, дыпламатычныя адносіны толькі-толькі ўсталёўваліся, і зараджалася беларуская дзяржаўнасць як такая».

Валер Карбалевіч. Фота: «Новы час»

Валер Карбалевіч. Фота: «Новы час»

2020 год як каталізатар дадатковага зліцця з Расіяй

У 2020 годзе Лукашэнка выжыў на палітычнай арэне і застаўся ва ўладзе толькі дзякуючы падтрымцы Крамля. І калі спачатку ўвесь кошт такой паслугі не быў зразумелы, то пасля пачатку вайны ва Украіне стаў відавочным.

«Беларусь выкарыстоўваецца ў расійскай ваеннай агрэсіі — гэта адно з наступстваў расплаты за падтрымку Крамлём. Пры гэтым яшчэ ў 2015 годзе, калі Расія хацела размяшчаць авіябазу ў Беларусі, Лукашэнка рабіў усё, што мог, каб адцягнуць гэты момант. Калі ў 2018-2019 гадах аднаўляліся размовы пра Саюзную дзяржаву і перагляд дамоўленасцяў, і Макей, і Лукашэнка маглі сабе дазволіць даволі вострую рыторыку — пра тое, што беларусы не здадуць суверэнітэт, маючы на ўвазе Расію. Яны маглі дазволіць сабе супрацьстаяць Крамлю хаця б рытарычна і зацягваць саюзныя перамовы.

Сёння мы не можам нават уявіць, што вышэйшае беларускае камандаванне сказала б «не» Расіі (хоць, вядома, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны не адпавядае беларускім інтарэсам). Мы можам уявіць, што Лукашэнка папрасіў бы: «Валодзя, выводзь войскі, мне гэта не падабаецца»? Не. Па-першае, такія аўтарытарныя хлопцы, як Пуцін, адмовы не даравалі б. Па-другое, шлях для непаслухмянасці пасля 2020 года закрыты, бо гэта, паўтаруся, кошт утрымання ва ўладзе (як і прызнанне «ЛНР» ці «ДНР», якія заставаліся заўсёды апошнімі козырамі). А калі беларускі рэжым сёння няздольны казаць «не» Расіі, як можна казаць пра паўнату яго ўлады на сваёй жа тэрыторыі?» — задаецца пытаннем Кацярына Шмаціна.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Згодны з калегай і Валер Карбалевіч:

«Пасля 2020 года наш суверэнітэт моцна абмежаваўся на карысць Расіі. Найперш гэта тычыцца сферы абароны, але таксама і замежнай палітыкі, якая амаль паўтарае расійскую, і інфармацыйнай: калі беларускія тэлеканалы фактычна дублююць тое, што перадаюць расійскія.

Але калі вынесці за дужкі вайсковы суверэнітэт, знешнепалітычны і інфармацыйны, то ва ўсім астатнім у Беларусі самастойнасць захоўваецца. Улады маюць аўтаномію ў эканамічнай палітыцы, ва ўнутранай (самі вырашаюць, каго арыштоўваць і колькі год даваць апанентам, палітзняволеным, якія законы выдаваць), у культурнай, у спорце (хаця ад апошняга мала што засталося)» 

Беларусь пад акупацыяй ці не?

У дыскусіях з украінцамі на абвінавачванні «чаму вы нічога не робіце, каб спыніць вайну?», некаторыя беларусы выкарыстоўваюць аргумент: «Мы акупаваныя. Гэта тое ж, што прасіць супраціву ад «ДНР» ці «ЛНР». Але ці так гэта на самой справе? 

«Як ні круці, рэжым Лукашэнкі застаецца ва ўладзе і мае дастаткова механізмаў, каб трымаць сітуацыю пад кантролем унутры краіны. Мы працягваем ахоўваць свае межы, друкаваць свае грошы — гэта рысы самастойнасці краіны. Сённяшняе панаванне Расіі можна патлумачыць забеспячэннем інтарэсаў Саюзнай дзяржавы.

Агулам, калі абапірацца на тэрміны і іх значэнне, то гаворка пра акупацыю на дадзены момант — перабольшанне. Гэта больш такі рытарычны прыём з заклікам да эмоцый, да міжнароднай супольнасці, каб беларускі парадак дня не быў забыты ў свеце сённяшняй агрэсіі», — каментуе Кацярына Шмаціна.

«Калі глядзець на сітуацыю з гледзішча міжнароднага права, то мы не акупаваныя — працягвае Валер Карбалевіч. — Калі краіна пад акупацыяй, то акупанты бяруць усю ўладу ў свае рукі, як гэта адбылося з Херсонскай вобласці, напрыклад. У Беларусі ўсе дзяржаўныя органы працуюць, як і працавалі, рускія іх не падмяняюць. І першапачаткова расійскія войскі з’явіліся на тэрыторыі для вучэнняў са згоды Лукашэнкі: чалавека, які трымае тут уладу і фармальна выконвае функцыі прэзідэнта.

Ва ўсякім разе Лукашэнка ні разу не казаў публічна: «Ой, мяне не пытаюцца, акупавалі». Наадварот — падчас апошняй сустрэчы з Лаўровым ён абвяргаў, што нібыта не кантралюе нічога.

Толькі калі разважаць з палітычнага пункту гледжання, можна казаць пра частковую акупацыю на тэрыторыі Беларусі».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Апгрэйд Саюзнай дзяржавы з рандомнымі кавалкамі тэрыторый, якія Расія зможа захапіць»

Даваць нейкія прагнозы наконт будучыні Беларусі і яе незалежнасці зараз ніхто не бярэцца.

«Вайна ва Украіне задала зусім новую дынаміку гістарычнага працэсу, усё вельмі паскорылася. І цяпер вельмі шмат залежыць ад вонкавых абставінаў — ад таго, як будзе ісці вайна ва Украіне, чым яна скончыцца і наколькі хутка. А гэтыя рэчы непрадказальныя», — каментуе Валер Карбалевіч.

«Рацыянальныя довады ў Крамля скончыліся 24 лютага, застаўся голы імперскі запал, так што ад Расіі можна чакаць любыя дзікія рашэнні, будзь то спроба захапіць Сувалкскі калідор ці стварэнне новаўтварэння — апгрэйд Саюзнай дзяржавы з рандомнымі кавалкамі тэрыторый, якія Расія зможа захапіць.

Тут можна толькі здагадвацца, на які крок яны пойдуць. Але і ўнутры самой Беларусі праблем хапае: нявырашаны беларускі палітычны крызіс — 2020, які падзяляе беларускае грамадства, запыт на перамены — гэта ўсё нікуды не знікла», — разважае Кацярына Шмаціна.

Чытайце таксама:

Лукашэнка выказаўся пра Сувалкаўскі калідор

У Беларусі мужчын і жанчын масава выклікаюць у ваенкаматы — на вучэнні

Як за два гады змяніліся прадстаўнікі апазіцыі і рэжыму? ФОТЫ

Клас
13
Панылы сорам
7
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
23
Абуральна
8