Малы Тамаш вельмі чакае вяртання таты

Малы Тамаш вельмі чакае вяртання таты

* * *

Чытаючы лісты, надоўга занураюся ў наша цудоўнае жыццё. Хоць яно «бывает немнога апасным», як у той песні Найка Барзова. Укус кляшча не меў ніякіх наступстваў пасля антыбіётыка? І алергійка на яго ў малога ўжо прайшла? Так шкода, што вам даводзіцца без мяне ўсяму гэтаму даваць рады — ну нічога, гэты перыяд скончыцца і мы зноў будзем разам. Пісаў, здаецца, табе добрую цытату з Талстога: «Цярпім мы час, а жывём век».

* * *

Цікава, як Тамаш любіць расказваць розныя жыццёвыя гісторыі: пра кляшча, лебедзь, другое. Гэта нейкая прага пра стварэнне ўласнай гісторыі. А яшчэ мы яму, як падрасце, будзем расказваць пра тое, што ён сам не памятае.

* * *

Паколькі ты казала, што на дзень нараджэння пойдзеш у японскі рэстаран, я таксама пастараўся скарэктаваць у гэты бок сваё меню. З японскага ў мяне была марская капуста і «гірчиця «Американська» (лагідний смак)» — гэта замест васабі. З’еў таксама з кавай святочны глазураваны пончык. Мы ўжо абмяркоўвалі, што ўсе нашы святы пасля гэтых прыгод будуць яшчэ ў разы святочней і радасней успрымацца.

* * *

Яшчэ я, здаецца, зразумеў, чаму ў канцы 1970-х было папулярнае імя Андрэй: актор Андрэй Міронаў. (Як у 1990-х было многа Уладаў — пасля Улада Лісцьева.)

* * *

У нас тут таксама ёсць кніжка Ніла Геймана — «Скандынаўскія багі». Але мяне яна не зачапіла. А вось «Караліна», пра якую ты пішаш — так, была класная. Па-гаўфаўску страшная. Наконт таго, чаму ў людзей замест вачэй вырастаюць гузікі — думаю, ключавую ролю іграе страх — адзін з галоўных рухавікоў усялякага зла на свеце. Страх «выпасці з абоймы», выйсці з стэрэатыпнай «зоны камфорту», адстаць у ілюзорнай гонцы за поспехам і дабрабытам — без увагі на тое, які выбар робіш і чым давядзецца заплаціць. Памятаеш лозунг, кінуты Янам Паўлам ІІ у 80-я — «Не бойцеся!» Мне падаецца, ён таксама з гэтай тэмай звязаны.

Дарэчы і пра апавяданне Максіма Гарэцкага «Рускі»: «рускі» забіў «аўстрыяка» таксама са страху быць абсмяяным таварышамі, асуджаным начальствам: «які ж я ваяка». І ўсведамленне таго, што следаванне фальшывым, навязаным каштоўнасцяім змусіла яго зрабіць непапраўную жыццёвую памылку, так яго зламала. Разуменне прыйшло, калі «аўстрыяк» сказаў пра дзяцей. «Рускі» яшчэ нават спрабаваў працягнуць «свецкую размову»: «А колькі ж іх у цябе?» — нібы яму хацелася, каб усё гэта было «панарошку», не насамрэч. Цікава яшчэ: «аўстрыяк» называе «рускага» ўвесь час адным словам, а пасля стрэлу іншым. І з першым словам нібыта сам быў гатовы асацыявацца: «Вядзі мяне да Русіі». Ці Гарэцкі ўжывае тут слова «рускі» ў значэнні нашых 16—18 стагоддзяў?

Калі адкінуць усе дэкарацыі, выходзіць, што апавяданне пра тое, як брат забіў брата са страху ўпасці ў вачах зусім старонніх людзей.

* * *

Ты так цікава напісала пра «якія праблемы былі ў нас да 2020-га?». Сапраўды, было адчуванне, што ў жыцці ўжо нічога такога цалкам непрадказальнага здарыцца не можа. А тут — новыя абставіны, новыя выклікі і выпрабаванні, новыя знаёмствы. Новы досвед. І ў новым — сапраўдным святле — усе, хто вакол.

Не кожнаму пакаленню так шанцуе. Шмат дзе людзі пражываюць або пражывалі жыццё з усведамленнем адноснасці дабра і зла і думкай, што «ў кожнага свая праўда». Мы намнога мудрэйшыя з усяго гэтага выйдзем. І так, падаецца, што зусім нямнога часу прайшло, яўна не 300 дзён. І многія ранейшыя турботы ўспрымаюцца з усмешкай. Толькі б хапіла здароўя нашым родным і нам.

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
4