Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Перамен.

18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Наталля Бугук пакарала дзяўчат 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У зняволенні Кацярыну і Дар’ю паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструкцыйных дзеянняў» — такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі іх абавязалі насіць жоўтыя біркі.

Свой тэрмін Кацярына Андрэева адбывала ў папраўчай калоніі №4 у Гомелі, ён мусіў завяршыцца 5 верасня 2022 года. Але 10 лютага Кацярыну раптам этапавалі ў гомельскі СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у якім статусе яе трымаюць і ў межах якой справы.

7 красавіка сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Паводле гэтага артыкулу ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Што канкрэтна інкрымінуецца журналістцы і на аснове якіх падзей узнікла абвінавачванне — невядома. На справу быў накладзены грыф сакрэтнасці. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгай падпіскай аб неразгалошванні і ніякіх акалічнасцяў не можа распавесці нават сваякам.

Звязаныя са спецслужбамі прапагандысцкія тэлеграм-каналы, каментуючы новую справу супраць Кацярыны Андрэевай, акцэнтавалі ўвагу на тым, што палітзняволеная напісала кнігу «Беларускі Данбас», якую ў 2021 годзе ўлады прызналі «экстрэмісцкай».

Некаторыя калегі журналісткі выказвалі меркаванне, што спецслужбы хочуць адпомсціць Кацярыне акурат за гэтую працу. Але наўрад ці новае абвінавачванне наўпрост звязанае з кнігай: калі б гэта было так, то следства мела б прэтэнзіі да суаўтара «Беларускага Данбасу» Ігара Ільяша, аднак ён не фігуруе ў новай справе нават у якасці сведкі.

Таксама застаецца загадкай, чаму следства праводзіла УКДБ па Гомельскай вобласці. Звычайна ў такіх выпадках працуе прынцып тэрытарыяльнай адпаведнасці: следствам займаецца той орган, на тэрыторыі адказнасці якога адбываліся падзеі крымінальнай справы. Але Кацярына Андрэева ніколі не жыла на Гомельшчыне (яна там толькі адбывала пакаранне) і вельмі мала яе журналісцкіх матэрыялаў былі так ці інакш звязаныя з падзеямі ў гэтым рэгіёне.

Варта адзначыць, што сам артыкул 356 Крымінальнага кодэкса сфармуляваны даволі расплывіста. «Здрадай дзяржаве» ў Беларусі лічыцца не толькі выдача дзяржаўных сакрэтаў, шпіянаж і пераход на бок ворага падчас вайны, але і «іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». З улікам таго, як рэжым Лукашэнкі маніпулюе паняццем «нацыянальная бяспека», такая фармулёўка пакідае спецслужбам вялікую прастору для злоўжыванняў.

Як будзе праходзіць суд

Матэрыялы справы былі перададзеныя ў Гомельскі абласны суд яшчэ 18 красавіка і першапачаткова сваякі Кацярыны прагназавалі, што ўжо ў траўні пачнецца судовы працэс. Але разгляд справы прызначылі толькі на 4 ліпеня. Атрымліваецца, што справа ляжала ў судзе амаль 2,5 месяца — нават даўжэй, чым вялося следства. З чым звязаная гэтая затрымка — невядома.

Справа Кацярыны Андрэевай будзе разглядацца ў закрытым рэжыме, на суд не пусцяць нават сваякоў. Аднак агалошванне рэзалюцыйнай часткі прыгавору мусіць быць адкрытым. Колькі часу зойме судовы працэс, цяпер спрагназаваць немагчыма.

Варта таксама адзначыць, што паралельна ў Гомельскім абласным судзе разглядаецца справа журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай — працэс пачаўся 23 чэрвеня, але ў той жа дзень быў абвешчаны перапынак да 6 ліпеня.

Што піша Кацярына і што кажуць яе сваякі

Муж Кацярыны Ігар Ільяш неаднаразова казаў, што новае абвінавачванне выглядае абсурдным і «сталінскім паводле свайго духу».

«Каця абсалютна невінаватая. Яна ніколі не здзяйсняла нічога супрацьзаконнага. Гэтая крымінальная справа — жахлівая ў сваёй цынічнасці і жорсткасці помста за журналісцкую дзейнасць», — заявіў ён у дзень, калі стала вядома пра выстаўленне абвінавачвання.

Ігар Ільяш мяркуе, што механізм з’яўлення справы паводле артыкулу «здрада дзяржаве» быў той жа самы, што і ў першай справе: імаверна, законную прафесійную дзейнасць проста бяздоказна прызналі «злачыннай». Але якая журналісцкая праца Кацярыны цяпер магла стаць нагодай для крымінальнага пераследу, сваякі не ведаюць.

Сама Кацярына не мае магчымасці пракаментаваць новае абвінавачванне. З яе турэмных лістоў вынікае, што духам яна не падае і не губляе надзеі.

«Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні. Толькі гэта не гульня. І мы не маем права на ўсякія «няма сілаў», «больш не магу» і г. д. Таму нічога не застаецца, акрамя таго, што і так умеем: сабраць усю волю, цярпенне, вытрымку, стрыманасць і са спакойнай годнасцю глядзець наперад», — напісала палітзняволеная ў адным з лістоў сёлета ў сакавіку.

У турме Кацярына піша вершы. Верш журналісткі «Над белым полем» нядаўна быў перакладзены на іспанскую і англійскую мовы ў межах праекта Еўрапейскай пісьменніцкай рады #FreeAllWords.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
27