Што такое Армія Краёва?

Армія Краёва была асноўнай формай антынацысцкага ўзброенага супраціву палякаў. У верасні 1939 года, пасля падпісанага паміж сталінскім СССР і гітлераўскай Нямеччынай пакта Молатава — Рыбентропа, дзве таталітарныя дзяржавы падзялілі паміж сабой Польскую Рэспубліку. Польскія ўлады былі вымушаныя пакінуць краіну і працягнуць сваю дзейнасць у эміграцыі. Восенню 1939 года ў акупаванай немцамі частцы Польшчы быў створаны Саюз узброенай барацьбы (Związek Walki Zbrojnej), які быў падпарадкаваны польскаму ўраду ў эміграцыі.

22 чэрвеня 1941 года Гітлер напаў на СССР і за месяц заняў усходнюю частку міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая перад тым была акупаваная Саветамі. На гэтую тэрыторыю была пашыраная дзейнасць польскага падполля, якое займалася разведвальнай і дыверсійнай дзейнасцю. 14 лютага 1942 года генерал Уладзіслаў Сікорскі, польскі галоўнакамандуючы, выдаў загад аб ператварэнні Саюза ўзброенай барацьбы ў Армію Краёву.

Армія Краёва ставіла за мэту аднаўленне польскай дзяржавы ў межах 1939 года. Дзеля гэтага жаўнеры АК ваявалі як супраць нацыстаў, так і супраць саветаў. Самай вядомай акцыяй Арміі Краёвай было Варшаўскае паўстанне ў жніўні-кастрычніку 1944 года, калі польскае падполле выгнала з Варшавы немцаў, але без знешняй падтрымкі не здолела ўтрымаць сталіцу.

Бой каля Мікулішак

У Заходняй Беларусі, якую польскі ўрад разглядаў як легальную частку Польскай Рэспублікі, Армія Краёва дзейнічала ў выглядзе партызанскіх атрадаў.

У першыя дні студзеня 1944 года 6-я Віленская партызанская брыгада АК дыслацыравалася ў раёне цяперашняга беларуска-літоўскага памежжа на Ашмяншчыне. Паводле нямецкага адміністрацыйнага падзелу, Ашмяншчына была перададзеная генеральнай акрузе «Літва». Аддзелы літоўскай паліцыі і партызаны Арміі Краёвай вялі баі за рэальны кантроль над гэтай тэрыторыяй.

8 студзеня 1944 года нямецка-літоўскі карны атрад з Ашмянаў вырушыў на аперацыю супраць польскіх партызан. Каля вёскі Мікулішкі завязаўся бой.

Перамагла АК — было забіта каля дваццаці літоўскіх паліцыянтаў. Страты польскіх партызан ацэньваюць у пяць чалавек.

У гэтым баі загінуў Пётр Матылевіч (псеўданім «Крэмень»), камандзір 6-й Віленскай партызанскай брыгады АК, які пасля навучання ў Вялікабрытаніі быў скінуты ў сакавіку 1942 года з парашутам у Польшчу і два гады займаўся выведкай і антынямецкай дзейнасцю ў рамках арганізацыі «Wachlarz» на Віленшчыне, у тым ліку падарваў нямецкі вайсковы цягнік каля Падброддзя ў маі 1943 года.

Якраз магілы загінулых 8 студзеня 1944 года ў баі каля Мікулішак і далі пачатак тамтэйшым вайсковым могілкам. На працягу наступных месяцаў яны папаўняліся пахаваннямі чарговых загінулых байцоў Арміі Краёвай. Найбольш магіл — дзевяць — дадалося пасля 13 мая 1944 года, калі ў Мураванай Ашмянцы Трэцяя Віленская партызанская брыгада АК мела бой з літоўскім узброеным фармаваннем. У лютым 1945 года на могілках былі пахаваныя два мясцовыя жыхары, якіх забіла савецкае НКВД. Усе астатнія пахаваныя, чые магілы зруйнавалі ўлады, загінулі ў баях з немцамі і падкантрольнымі немцам літоўскімі фармаваннямі.

Шыльда на разбуранай магіле ў Мікулішках. Фота: flickr.com

Шыльда на разбуранай магіле ў Мікулішках. Фота: flickr.com

У студзені 1945 года Армія Краёва была афіцыйна распушчаная. Але значная частка яе жаўнераў так і засталіся ў лясах, змагаючыся супраць саветаў. Многіх штурхаў на гэты крок адчай — вяртацца дамоў было нельга з-за пагрозы арышту саветамі. Польскія падпольшчыкі забілі шмат савецкіх функцыянераў і актывістаў камуністычнай улады ў Заходняй Беларусі.

Зраўнялі з зямлёй магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках на Ашмяншчыне

Клас
17
Панылы сорам
10
Ха-ха
1
Ого
8
Сумна
26
Абуральна
57