«На сёння [11 ліпеня] гэта апошні па часе атрыманы ад Мікалая ліст. Хвалююся вельмі», — напісала Марына Адамовіч

«Я дагэтуль знаходжуся ў каранціннай камеры. Адчуваю сябе добра.

Узнавіў заняткі фізкультурай. Тут дагэтуль яшчэ не прынятае рашэнне па маёй заяве «аб пагрозе… ад супрацоўнікаў». Спрабуюць мяне адгаварыць ад яе [Мікола Статкевіч напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне — НН].

Учора даваў на гэты конт тлумачэнні начальніку калоніі. Патлумачыў, што маіх сукамернікаў сістэматычна прымушаюць напісаць заявы пра маё нібыта прызнанне ім у «злачынстве». Як я зразумеў, першая «справа» па арт. 342 была заведзеная па заяве майго сакамерніка ў ЦІПе.

Другая «справа» па ч. 2 арт. 293 была заведзеная па заяве майго сакамерніка на «Валадарцы». Цяпер такія заявы могуць быць выкарыстаныя для ўзбуджэння «спраў» ужо супраць маіх знаёмых. Арышты ж не спыняюцца.

І ты памятаеш, як восенню 2011 года ў Шклове адзін арыштант прызнаўся мне, што яго прымусілі напісаць заяву пра маё «прызнанне» аб «злачынстве», нібыта ўчыненым табой. Не ведаю, ці гэты чалавек сумленна прызнаўся, ці то яго выкарысталі для ціхага шантажу. Але я тады перадаў табе інфармацыю пра грубы шантаж, а публічнасць зрабіла гэтую правакацыю немагчымай. Таму цяпер, хоць я і не маю ніякіх арыштанцкіх «праблем», мушу сядзець адзін. Хоць мне тут ужо і пагражалі пакараннем. Ледзь не забыў — пастаўлены на ўлік, як «экстрэміст»

…Дзякуй за навіны з Украіны. Ну, я табе ўжо казаў, што неўзабаве лінія фронту там стабілізуецца. Прынамсі восенню — з вялікай верагоднасцю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0