Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

Крысціне 24 гады, нарадзілася яна ў Маладзечне. Пасля школы дзяўчына скончыла каледж у Мінску і пачала працаваць бухгалтаркай. Паралельна вучылася на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. 

«Адтуль у 2020-м мяне адлічылі з чацвёртага курса. Прычына — не з’явілася на сесію, яна пачыналася ў канцы верасня. У той момант я ўжо з’ехала з краіны, актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, як і ўсе сумленныя беларусы. Мы з мужам «падарожнічалі» паміж Кіевам і Варшавай. 

Пасля 2020-га было яснае разуменне, што патрэбна нешта рабіць іншае. У год выбараў не зусім удалося прыкласці ўсе намаганні, якія хацелася б. Чаму полк? Гэта моц, лепшыя сыны Беларусі. Вельмі хацелася далучыцца. Тут людзі, якія будуць будаваць Беларусь», — расказвае яна. 

У пачатку вайны Крысціна запоўніла анкету ў чат-боце палка. Тады яна знаходзілася ў Варшаве. 

«Разглядалі маю кандыдатуру доўга, адказалі мне амаль праз тры месяцы, — дзеліцца яна. — З дзяўчатамі тут не так проста. Не бяруць так шмат, як хлопцаў.

У самой анкеце я апісала свае навыкі, досвед. З пачатку вайны я была валанцёрам у адным з варшаўскіх фондаў, які дапамагаў бежанцам з Украіны. І другі наш напрамак быў звязаны з дапамогай нашым хлопцам, тады яшчэ батальёну. Як толькі полк мне адказаў, я сабрала рэчы і прыехала ва Украіну. 

Наконт пазыўнога доўга не думала. Верш у Петруся Броўкі такі ёсць, яшчэ і вокліч «Жыве Беларусь» замянялі на «Пахне чабор». 

У палку таксама муж Крысціны — ён трапіў туды нашмат раней. Пара разам амаль дзесяць гадоў, яшчэ са школы.

«Мне падабаецца ў палку, страшна не было.

Тут ёсць некалькі дзяўчат. Хтосьці парамедык, хтосьці займаецца фінансавымі, арганізацыйнымі пытаннямі. Мы з імі аб’ядноўваемся, разам бавім час. Ёсць свае складанасці, але калі ты на нейкай ідэі, ведаеш, дзеля чаго гэта робіш, то ўсё не так цяжка, як здаецца збоку.

З простых складанасцяў — нейкія побытавыя рэчы, напрыклад, форма, сродкі гігіены», — дзеліцца яна. 

Крысціна перад ад'ездам з Польшчы ва Украіну. Фота: асабісты архіў

Крысціна перад ад'ездам з Польшчы ва Украіну. Фота: асабісты архіў

Пасля таго, як дзяўчыну ўзялі прэс-сакратаркай, дадатковых праверак, тэстаў для яе не было. 

Для дзяўчат у палку Каліноўскага ёсць падрыхтоўка па абыходжанні са зброяй, але яна прасцейшая, чым для ваяроў. 

«Мы тут усе байцы, павінны ўмець усё, бо знаходзімся на вайне, — кажа яна. — Трэба разумець, што можна трапіць у розныя ўмовы. Калі ты запаўняеш заяўку ў чат-боце, то павінен быць гатовым да ўсяго». 

Нядаўна пад Лісічанскам трапілі ў палон і верагодна загінулі некалькі каліноўцаў. Полк даведаўся пра гэта праз выжыўшых у тым баі ваяроў. 

«Жудасны быў дзень. Мы не ведалі дакладна, што і як на самай справе, чакалі і збіралі інфармацыю. Асцярожнічалі, каб не нашкодзіць хлопцам нават словам.

Па фотаздымках прышлі да высновы, што чацвёра нашых ваяроў, верагодна, гераічна загінулі на полі бою, але іх целаў мы не маем. Яшчэ два на дадзены момант у спісе на абмен ваеннапалоннымі. Чакаем і робім усё магчымае, каб іх вярнуць», — кажа «Чабор». 

Бацькі дзяўчыны яе рашэнне далучыцца да палка не падтрымалі. 

«Пра бацькоў мне цяжка казаць, — прызнаецца Крысціна. — Не разумеюць, што адбываецца і навошта я тут. Цяжкія адносіны, амаль не кантактуем. Я тэлефаную некалькі разоў на тыдзень, кажу, што са мной усё добра, пытаюся, як яны. Калі заходзіць размова пра вайну, то заўсёды спрэчка, кладу слухаўку. Калі сказала, што буду ў палку, то ў іх былі слёзы і неразуменне».

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

На выпады лукашэнкаўскіх СМІ ў свой бок Крысціна рэагуе з усмешкай. 

«Яны гавораць — значыць баяцца, нарастае страх», — упэўненая дзяўчына. 

«У нас у палку адзіная мэта. Гэта вельмі зараджае, дае сілы ісці наперад да вольнай Беларусі, — дадае яна. — Перамога ва Украіне — гэта адзін з пунктаў на нашым шляху. Без незалежнай Украіны вольнай Беларусі не будзе. Таму спачатку дасягнем перамогі тут, далей — шлях дадому».

Чытайце таксама: 

Хто такія «Атам», «Сябро» і «Папік». Расказваем пра траіх байцоў з палка Каліноўскага, якія, напэўна, загінулі

Расіяне ўдарылі ракетамі па цэнтры Вінніцы. Шмат людзей загінула, у тым ліку дзеці

Паварот лёсу каліноўца Сяргея Дзёгцева: зберагаў памяць пра ваеннапалонных, а цяпер сам такім стаў

Клас
138
Панылы сорам
6
Ха-ха
9
Ого
8
Сумна
10
Абуральна
18