Фота: АР

Фота: АР

Па меркаванні Струнеўскага, прычына просьбы нямецкага клуба — «сяброўства» сучаснага Мінска і Масквы: «За тое, што мы сябруем з РФ, яны дазваляюць рабіць такія заявы. Яны караюць нас за сяброўства: вось з гэтымі сябруйце, а з гэтымі — не».

І яшчэ: «Тут завуалявана прасочваецца, што яны баяцца сустрэцца з футбольнымі клубамі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне».

Тэзісы Струнеўскага тым больш спрэчныя, што толькі ўчора тры беларускія футбольныя клубы прайгралі ў кваліфікацыйных гульнях еўракубкавай Лігі Канферэнцый, два з іх — разгромна. У гульні паміж грэчаскім «Арысам» і «Гомелем» мацнейшым аказаўся першы клуб (5:1), а некалі знакаміты БАТЭ прайграў турэцкаму «Каньяспору» з лікам 0:3. Мінскі «Дынама» аказаўся слабейшым за ізраільскі «Хапаэль Беэр-Шава» — 2:1 на карысць ізраільцян, і здаецца, што толькі «Дынама» яшчэ мае нейкія шансы на працяг турнірнай барацьбы. Каго тут баяцца?

Нагадаем, што не адзіны «Кёльн» не хоча бачыць беларусаў у сусветным спорце. Пасля пачатку вайны ва Украіне, дзе Беларусь выступіла як суагрэсар, шмат у якіх відах спорту беларусы ўвогуле не дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў ці маюць права на іх выступаць толькі ў нейтральным статусе.

«Наша Ніва» сабрала іншыя прыклады таго, як беларускія чыноўнікі і іншыя прарэжымныя спікеры спрабуюць апраўдацца ва ўмовах спартовых санкцый.

Баскетбол: «трыумфальныя скокі» і вірус нянавісці

18 мая ФІБА (Міжнародная федэрацыя баскетбола) вырашыла не дапускаць беларускія зборныя да ўдзелу ў спаборніцтвах у бліжэйшыя месяцы. Беларуская федэрацыя баскетбола адрэагавала на гэты крок эмацыйнай заявай на ўласным сайце. Чыноўнікі патлумачылі бан белзборных так:

«Мы ведаем, што менавіта палітычная істэрыя і непрыкрытая антыбеларуская і антырасійская агрэсія з боку шэрагу нацыянальных федэрацый наблізіла прыняцце гэтага ганебнага для ФІБА рашэння.

Ведаючы ўсіх ініцыятараў у твар, мы не можам разглядаць дадзенае рашэнне інакш, як брудны метад прыбірання супернікаў. Дня не прайшло, але мы ўжо бачым у Інстаграме радасныя трыумфальныя скокі асобных федэрацый і нацыянальных каманд некаторых еўрапейскіх краін у сувязі з такой «перамогай» над Беларуссю і Расіяй».

Рашэнне ФІБА аўтары зварота называюць плямай на міжнароднай рэпутацыі федэрацыі, а таксама прадказваюць, што «ініцыятараў дыскрымінацыйнага рашэння ў адносінах да простых працавікоў ад спорту яшчэ доўга будзе мучаць іх унутранае сумленне».

Асобныя словы — у бок беларускіх баскетбалістаў і баскетбалістак, якія не засталіся абыякавымі да гвалту і пратэстаў 2020 года. БФБ лічыць, што такія спартсмены Захаду «больш не патрэбныя і ваша жыццё і кар'ера нікога на захад ад Буга не цікавіць», пры гэтым шмат хто з неабыякавых баскетбалістаў зараз працягвае кар'еру ў замежных клубах.

Выратаванне ад санкцый і бану БФБ бачыць у супрацоўніцтве з Масквой: «Без сумневаў, уся гэтая сітуацыя толькі ўзмацніць наша беларуска-расійскае спартыўнае брацтва і прывядзе да кратнага павелічэння міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы баскетбола з нашымі праверанымі часам сябрамі ў многіх краінах свету».

Домрачава: «Такія меры толькі спрыяюць распальванню варожасці»

У мінулыя два гады самая вядомая беларуская біятланістка праявіла сябе з новага боку. Што б ні адбывалася ў краіне і свеце, Дар'я Домрачава (Герой Беларусі, між іншым) старанна ўхілялася ад каментарыяў пра сваё стаўленне да сітуацыі. Ні гвалт на беларускіх вуліцах, ні скрадзеныя выбары, ні арышт роднага брата — нішто не прымусіла Дар'ю быць шчырай з беларусамі.

У канцы сакавіка былая біятланістка (а зараз адна з трэнерак кітайскай біятлоннай нацыяналкі) прадставіла ў інстаграме шматслоўны пост, дзе выказалася як пра напад Расіі на Украіну («веру, што вайна хутка скончыцца і прыйдзе мір»), так і пра спартовыя санкцыі. Але ж у сваім выказванні Домрачава ніяк не адзначыла тое, што беларускі рэжым-агрэсар часта выкарыстоўвае спорт на сваю карысць і што беларускія спартсмены не надта супраць гэтага пратэстуюць.

«Кажучы пра спартовую сферу, я адчуваю абсалютную несправядлівасць у дачыненні да тых спартсменаў, якія не развязвалі войн, выступаюць супраць ваенных спосабаў вырашэння канфліктаў, якія ўсёй душой любяць спорт і прысвячаюць яму ўсё жыццё. Шмат чалавечых лёсаў разбурана падчас вайны, але чаму мы імкнемся разбурыць яшчэ больш лёсаў тых, хто не вінаваты ў сённяшняй сітуацыі? Я лічу абсалютна наіўным меркаваць, што адхіленне беларускіх і расійскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў дапаможа рашэнню вайсковага канфлікту. На мой погляд, падобныя меры толькі спрыяюць распальванню варожасці сярод людзей».

«Санкцыі супярэчаць здароваму сэнсу і ўсім дэмакратычным каштоўнасцям»

Беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей выказваўся наконт санкцый у інтэрв'ю Цэнтральнаму тэлебачанню Кітая. Палітык адзначыў, што санкцыі, якія закранулі ў тым ліку і спорт, нібыта супярэчаць «здароваму сэнсу і ўсім дэмакратычным каштоўнасцям, якія заходнія краіны спрабавалі навязаць нам, да і ўсёй планеце, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, а можа нават і стагоддзяў».

Макей лічыць, што дзеянні тых, хто прымае санкцыі, — прыклад таго, як прынцып вяршынства права «груба парушаецца»: «І мамянтальна змяняюцца законы толькі для таго, каб пакараць тую ці іншую краіну, у дадзеным выпадку Беларусь і Расію». 

Чыноўнік таксама чамусьці згадаў пра свабоды, якія нібыта парушаюцца ў заходнім грамадстве: «Пра якую свабоду слова і свабоду выказвання меркаванняў можна казаць, калі ў заходніх краінах зачыняюцца сродкі масавай інфармацыі, якія спрабуюць данесці хоць нейкую аб'ектыўную карціну свету?» Нагадаем — гэта кажа чыноўнік краіны, у якой зняволеныя 29 супрацоўнікаў медыя.

Хакей: шкадаванне пра беларускіх атлетаў і ні слова пра ўкраінцаў

Пасля пачатку вайны беларускі хакей адхілілі ад міжнародных турніраў, і чыноўнікі ад гэтага віда спорту не пашкадавалі крытычных заяваў. Трэнд распачаў Дзмітрый Баскаў — былы кіраўнік нацыянальнай хакейнай федэрацыі (ФХБ), дыскваліфікаваны на міжнародным узроўні на 5 гадоў.

Баскаў не пабачыў сувязі паміж беларускім спортам і беларускім жа рэжымам. Увядзенне санкцый чыноўнік пракаментаваў так: «Самае сумнае ў цяперашняй сітуацыі — тое, што праз гэтыя рашэнні пацярпелі трэнеры і спартсмены. 16-17-гадовыя хлопцы з нашай юніёрскай зборнай па хакеі адхіленыя ад удзелу ў чэмпіянаце свету толькі таму, што нарадзіліся ў Беларусі».

Выпадкова ці не, але Баскаў не заўважыў, што праз ваенныя дзеянні ва Украіне, у якіх саўдзельнічае Беларусь, ад чэмпіянатаў і ўвогуле ад спорту «адхіленыя» шмат украінскіх атлетаў.

Цяперашні кіраўнік ФХБ і былы вясляр Аляксандр Багдановіч таксама выказаўся наконт санкцый, але больш лаканічна. Ён паведаміў, нібыта міжнародныя арганізацыі прапануюць айчынным спартсменам не прыязджаць на турніры, бо турбуюцца за іх бяспеку, і пракаментаваў такі стыль камунікацыі наступным чынам: «Выстаўляюць сябе такімі дабрадзеямі. Вышэйшая крывадушнасць».

«Заўзятары толькі выйграюць, калі ў Мінск прыедзе піцерскі «Зеніт»

Напрыканцы падборкі згадаем міністра спорта Сяргея Кавальчука — ён таксама не прамаўчаў наконт таго, як яго сфера збіраецца выжываць пры санкцыях. Ужо ў пачатку сакавіка чыноўнік быў актыўна настроены на тое, каб ва ўмовах абмежаванняў нарошчваць супрацоўніцтва з Расіяй. Ён расказваў, нібыта беларускіх спартсменаў чакаюць сумесныя зборы і спаборніцтвы, і фінансаванне для гэтага існуе.

Свой аптымізм Кавальчук увасобіў у наступным прыкладзе: «Думаю, заўзятары толькі выйграюць, калі ў Мінск прыедуць піцерскі «Зеніт», ЦСКА, маскоўскі «Спартак». Проста дададзім да гэтага, што ў свой час тыя самыя беларускія заўзятары, якіх бачыў Кавальчук, маглі на свае вочы бачыць у Мінску гульні з найвялікшымі сусветнымі клубамі накшталт «Рэала» ці «Ювентуса», і беларусы трымаліся на фоне гэтых клубаў годна. Цяпер жа замест гэтага людзям прапануюць расійскія клубы, што праз вайну таксама ператварыліся ў ізгояў сусветнага спорту. Справядлівая замена?

«З-за беларускіх сілавікоў і пачалася вайна». Алімпіец-дзюдаіст раней служыў у Пагранкамітэце, а стаў бежанцам у Германіі

За амерыканскую футбалістку гатова было прагаласаваць больш людзей, чым за Трампа. Пяць прычын сур’ёзна ставіцца да жаночага футбола

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
17
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5