Якія патрэбны дакументы для продажу кватэры?

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, пасведчанне аб праве ўласнасці, тэхпашпарт. Уласнік, калі ён не можа прыехаць у краіну, мусіць зрабіць даверанасць на чалавека ў Беларусі. 

Дзе аформіць даверанасць?

Яна робіцца ў пасольстве або непасрэдна ў краіне, дзе знаходзіцца ўласнік, у натарыуса.

«Калі чалавек знаходзіцца пад міжнароднай абаронай, то, канешне, пайсці ў пасольства ён не можа. І тут афармляць даверанасць можна проста ў краіне, дзе вы зараз знаходзіцеся. Скарыстацца дапамогай беларускага юрыста, які склаў бы дакумент, а потым паслугамі натарыуса», — кажа Альвіна Мінгазава. 

Прысутнасць чалавека, на якога вы афармляеце давернасць у Беларусі, неабавязкова. Патрэбны будуць толькі яго пашпартныя даныя. 

«Мяркую, што ў пасольстве будзе вялікая чарга, могуць запісваць на 6 месяцаў наперад. Хутчэй будзе зрабіць даверанасць у натарыуса ў той краіне, дзе грамадзянін знаходзіцца. Галоўнае — паставіць на яе апастыль. Потым пераслаць у Беларусь і зрабіць там на месцы пераклад», — тлумачыць Альвіна. 

Як выпісацца з кватэры?

Існуе два варыянты — перарэгістрацыя альбо выпіска праз суд. 

У першым выпадку вам трэба пазначыць у давернасці, што вы даяце згоду на перарэгістрацыю і пазначыць, у якім месцы, напісаць адрас. 

Вельмі часта, маючы на руках генеральную даверанасць, рэгістрацыйныя органы (асабліва, калі ў кватэры зарэгістраваны непаўналетнія) просяць іншую даверанасць, дзе б гэта было прапісана. Таксама загадзя трэба ўдакладніць, ці хапае метражу ў кватэры, у якую вы плануеце перарэгістраваць людзей.

Што рабіць, калі няма магчымасці зрабіць новую прапіску?

Можна прадаць кватэру з зарэгістраванымі асобамі, а потым вырашаць гэта пытанне праз суд. 

«Пакупніку можна зрабіць зніжку, рыэлтары такога роду ўгоды робяць. Выпісаць людзей ўнікуды нельга. І ў такім выпадку гэта ўсё адбываецца праз суд.

Напрыклад, прадавец і пакупнік дамаўляюцца, што людзі выпішуцца з кватэры пасля ўгоды на працягу месяца, гэтага не адбываецца, адпаведна, падаецца пазоў, пачынаецца судовы працэс. У сваю чаргу прадавец падае тлумачэнні ў суд, што ён выехаў і зараз жыве ў іншай краіне, просіць яго выпісаць і такім чынам прызнае пазоў. Гэтай працэдурай павінен займацца адвакат», — тлумачыць юрыстка. 

Людзі, якія проста зарэгістраваны ў кватэры, але не з’яўляюцца ўласнікамі, павінны даць згоду на продаж і іх выпіску. 

«Гэта асобны дакумент. Яго таксама трэба рабіць у натарыуса. 

Наступная сітуацыя, калі ў кватэры ёсць няпаўналетні. Напрыклад, яго трэба перарэгістраваць, а бацькі ў разводзе і няма пастановы суда аб тым, дзе пастаяннае месца жыхарства дзіця, то папросяць згоду аднаго з бацькоў на прапіску ў іншым месцы. Магчыма, нават спатрэбіцца даверанасць. У астатнім усё як і з дарослымі, можна выпісаць праз суд», — кажа Альвіна. 

Па словах юрысткі, выпіска з кватэры праз суд, пачынаючы з 2020-га, стала частай з’явай.

А калі ў кватэры некалькі ўласнікаў?

Кожны з іх павінен зрабіць давернасць на чалавека, які знаходзіцца ў Беларусі. 

«Канешне, можна, каб адзін уласнік даў давернасць на другога, а потым ён на чалавека ў Беларусі, але тут складаная схема. Можна нарабіць у дакументах памылак», — кажа юрыстка. 

Калі на чалавеку «вісіць» крымінальны артыкул, ці варта яму баяцца звяртацца ў суд па грамадзянскай справе?

Калі ў адносінах да чалавека заведзена крымінальная справа, ён доўгі час знаходзіцца ў статусе падазраванага і арышт на яго маёмасць не накладзены, то ён можа здзяйсняць здзелкі.

«Калі на маёмасці арышт, то ў такім выпадку ўжо позна. Усё залежыць ад таго, ці ёсць абцяжаранне на нерухомасці.

Наяўнасць крымінальнага артыкула паўплываць на грамадзянскі суд ніяк не можа.

Я б сказала, што тут галоўнае паспець гэта ўсё своечасова зрабіць. Кожны павінен ацаніць свае рызыкі. Калі яны ёсць, то лепш крыху страціць на ўгодзе, але захаваць большую частку, чым потым гэта будзе канфіскавана ў якасці кампенсацыі па нейкай крымінальнай справе», — кажа яна. 

Што з грашыма?

Юрыстка раіць рабіць перавод грошай праз банк. На вываз наяўных ёсць абмежаванні па суме — калі ў вас больш за 10 тысяч даляраў на чалавека, іх прыйдзецца дэклараваць. 

«Сустракаюцца сітуацыі, калі на мяжы грошы адбіраюць з мэтай, напрыклад, праверкі сапраўднасці. І гэта можа адбыцца нават калі сума задэкларавана. Працэс вельмі зацягнецца. 

Ёсць банкі, якія праз SWIFT робяць такія пераводы. У Беларусі зараз праблемы з часткай банкаў, якія звязаны з Расійскай Федэрацыяй. Яны ўжо такія паслугі не аказваюць, але можна знайсці тыя, якія яшчэ робяць плацяжы. У любым выпадку рыэлтар падкажа, праз які банк тут дзейнічаць», — кажа Альвіна. 

Да беларусаў ёсць пільная ўвага за мяжой.

Калі вы захочаце за гэтыя грошы купіць у іншай краіне нерухомасць, то, магчыма, у вас запатрабуюць дамову аб куплі і продажы, каб пацвердзіць, адкуль у вас патрэбная сума. 

«Рэкамендую, каб гэтая дамова была, — кажа Мінгазава. —

Увогуле прадаваць кватэру ў Беларусі праз рыэлтара неабавязкова. Калі чалавек, на якога вы аформілі даверанасць, гатовы займацца продажам, то ён можа гэта рабіць. Але тады важна праверыць яго, папрасіць дакументы аб тым, што пакупнік не стаіць на ўліку ў псіха-неўралагічным або наркалагічным дыспансерах. Можна, дарэчы, звярнуцца ў рыэлтарскае агенцтва толькі па гэтым пытанні, каб яны гэта праверылі.

Калі выбіраеце рыэлтара, важна, каб чалавек разумеў кантэкст таго, што адбываецца. Напрыклад, што вы з'ехалі з палітычных матываў і што вам трэба будзе дапамагаць з усімі крокамі ў продажы». 

Як зрабіць так, каб з угодай не падманулі?

«Самае галоўнае — быць упэўненым у чалавеку, на якога даецца даверанасць. Менавіта ён будзе распараджацца і кватэрай, і фінансамі.

У маёй практыцы не было сітуацый, калі чалавек забіраў грошы і з'язджаў. Але былі выпадкі, калі даходзіла да сварак. Не хацелі пераводзіць грошы ад продажу. Мабыць, гэта адзіная рызыка, якая можа быць», — падсумоўвае юрыстка. 

Чытайце таксама: 

Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе ўзаконіць самавольныя пабудовы

«Паркет, ламінат людзі забіраюць з сабой на наступную кватэру». Як беларусы арандуюць кватэры ў розных гарадах свету

Клас
19
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
8