Карлаў універсітэт у Празе. Фота: czstudents.ru

Карлаў універсітэт у Празе. Фота: czstudents.ru

Новыя метадычныя рэкамендацыі для чэшскіх універсітэтаў і даследчых устаноў з’явіліся 23 сакавіка ў сувязі з міжнароднымі санкцыямі, якія забараняюць даваць тэхнічную дапамогу Расіі і Беларусі як «краінам-агрэсарам». У трактоўцы Еўрапейскай камісіі беларусам і расіянам могуць забараніць атрымліваць вышэйшую адукацыю, праводзіць навуковыя даследаванні, і ў самой Чэхіі за выкананнем міжнародных санкцый рознымі ўстановамі сочыць Фінансава-аналітычнае ведамства (FAÚ).

Забарона на атрыманне вышэйшай адукацыі закранае ў першую чаргу спецыяльнасці з так званай «павышанай рызыкай з пункту гледжання тэхнічнай дапамогі ці нематэрыяльнага трансферу тэхналогій». Да такіх «рызыкоўных» ці «крытычных» спецыяльнасцяў аднесеныя, напрыклад, фізіка, хімія, біятэхналогіі, ядзерныя тэхналогіі, энергетыка і шэраг іншых.

Прычым гэты пералік існаваў яшчэ да вайны Расіі з Украінай і раней ужо прымяняўся да студэнтаў з краін пад санкцыямі.

«Санкцыі, пра якія вядзецца гаворка, як вы бачыце, сыходзяць не ад універсітэтаў і нават не ад Міністэрства адукацыі, таму з рэктарамі тут можна дамаўляцца толькі пра звышчулае стаўленне да беларускіх студэнцтаў, асабліва рэпрэсаваных. І пра нейкія гарантыі з нашага боку, якія б дазволілі аўтаматычна пакінуць чалавека на «крытычнай спецыяльнасці».

На сёння мы разам з Аленай Ціхановіч, з якой прадстаўляем беларускую нацменшасць, а таксама з Задзіночаннем беларускага студэнцтва Чэхіі сустрэліся з кіраўніцтвам найстарэйшага ў Еўропе і найбуйнейшага ў Чэхіі тэхнічнага ўніверсітэта (ČVUT), найбуйнейшага хімічна-тэхналагічнага ўніверсітэта (VŠCHT), тэхнічнага ўніверсітэта ў Брне (VUT), а таксама з дэканам матэматычна-фізічнага факультэта Карлава ўніверсітэта (MFF UK). ВНУ, якая пакуль не ідзе з намі на кантакт, — гэта Сельскагаспадарчы ўніверсітэт (ČZU).

З некаторымі рэктарамі атрымалася дамовіцца пра так званыя рэкамендацыйныя лісты (dobrozdání) ад нас як прадстаўніц нацменшасці.

І звярнуцца па такі ліст да нас павінен сам студэнт. Бо ўніверсітэты не маюць права даваць асабістыя даныя навучэнцаў», — расказвае Крысціна Шыянок, адна з прадстаўніц беларускай нацменшасці ў Чэхіі.

Акурат каб атрымаць такі рэкамендацыйны ліст, некаторыя студэнты крытычных спецыяльнасцяў мусяць прайсці верыфікацыю, з якой дапамагае і арганізацыя экс-сілавікоў BYPOL.

«У нас у «Байпол» ёсць спецыялісты-аналітыкі, таксама з ліку былых супрацоўнікаў беларускай міліцыі, якія маюць шматгадовы досвед працы ў сферы верыфікацыі і правядзення аналітычных даследаванняў. Плюс у нас маецца доступ да баз даных МУС Беларусі, адкуль мы можам атрымаць дадатковую інфармацыю. Акрамя таго, нашы спецыялісты валодаюць і іншымі спосабамі верыфікацыі даных з адкрытых крыніц», — расказвае кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, адразу адзначаючы, што не можа раскрываць усіх дэталяў методыкі. 

Аляксандр Азараў, адзін з кіраўнікоў «Байпола»

Аляксандр Азараў, адзін з кіраўнікоў «Байпола»

У задачу аналітыкаў уваходзіць збор усёй наяўнай інфармацыі пра студэнта і праверка на прадмет таго, ці не звязаная яго сям’я, блізкія сваякі з рэжымам.

«У выніку праверкі адной з першых партый высветлілася, што ў аднаго студэнта бацька служыць у КДБ, у іншага бацькі — дзейныя чыноўнікі.

Асабіста мы не лічым, што дзеці мусяць адказваць за бацькоў і што калі маці ці тата чыноўнікі, то і нашчадак падзяляе іх погляды. Мы наадварот хочам, каб беларускія студэнты вучыліся за мяжой, атрымлівалі еўрапейскую адукацыю — каб пасля з атрыманымі ведамі яны працавалі на карысць новай Беларусі. Але мы не прымаем рашэнняў наконт лёсу студэнтаў, мы проста перадаём звесткі пра іх. Рашэнне ўжо будзе прымацца чэшскім бокам непасрэдна», — удакладняе Аляксандр Азараў.

Крысціна Шыянок дадае, што нацменшасці важна зрабіць усё, каб маладыя беларусы і беларускі не неслі кавалак калектыўнай віны за агрэсію рэжымаў: «выраз «сваяк здрадніка радзімы» павінен сысці ў нябыт».

«Кожны канкрэтны выпадак павінен разглядацца ў індывідуальным парадку. Ні статыстычныя даныя, ні канкрэтныя сітуацыі, што тычыцца студэнтаў, у якіх сваякі аказаліся звязаныя з рэжымам, я б не хацела агучваць і каментаваць. Гэта ўсё прыватная інфармацыя. Скажу толькі, што нестаноўчыя верыфікацыі часам здараюцца, як мы бачым. Звычайна якраз праз працу маці ці бацькі.

У выпадку нестаноўчай верыфікацыі мы абавязкова сустракаемся са студэнтам асабіста, гутарым і прымаем рашэнне па выніках размовы. Калі ўсё ж рэкамендацыйны ліст і пасля размовы выдаць немагчыма, мы тлумачым прычыну, але гэта нікуды не ідзе далей. Студэнт проста не атрымлівае ад нас дадатковай падтрымкі ў выглядзе гарантыі. Бо ўсё ж мы цяпер у стане вайны, і пытанне бяспекі не менш важнае, чым этычны бок», — каментуе Крысціна Шыянок.

Беларусы на сустрэчы з кіраўніцтвам VŠCHT (хімічна-тэхналагічнага ўніверсітэта). Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Беларусы на сустрэчы з кіраўніцтвам VŠCHT (хімічна-тэхналагічнага ўніверсітэта). Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Суразмоўца звяртае ўвагу, што пакуль выпадкаў адлічэнняў беларусаў па палітычных матывах зафіксавана не было. Большасць чэшскіх універсітэтаў зацікаўленыя ў сваіх студэнтах, а да студэнцтва з Беларусі ўвогуле ставяцца з цеплынёй і робяць усё магчымае, каб тыя змаглі давучыцца: 

«Мы стараемся трымаць руку на пульсе па гэтай сітуацыі. У горшым выпадку сярод альтэрнатыўных варыянтаў, якія прапануюцца, ёсць самыя розныя: ад часовага прыпынення навучання ці пераходу на сумежную некрытычную спецыяльнасць да індывідуальнага вучэбнага плана альбо напісання ўласнага матывацыйнага ліста, які б дазволіў пакінуць студэнта на «крытычнай» спецыяльнасці».

На сустрэчы з рэктаратам Чэшскага тэхнічнага ўніверсітэта. Фота з архіва Крысціны Шыянок.

На сустрэчы з рэктаратам Чэшскага тэхнічнага ўніверсітэта. Фота з архіва Крысціны Шыянок.

Чытайце таксама:

«Гэта мы так пра вас клапоцімся». У міліцыянераў і кадэбэшнікаў адбіраюць пашпарты

«Браць на мяжы — нязручна, таму людзям даюць уехаць у Беларусь». Як затрымліваюць тых, хто пасля доўгай адсутнасці вяртаецца з-за мяжы

Клас
62
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
10
Сумна
4
Абуральна
9