У выніку пракуроры прыйшлі да высновы, што ў 2021 годзе значную частку рынку занялі ўдзельнікі, якія прапаноўвалі «беларускія» ноўтбукі. Яны перамагалі на таргах за кошт атрымання прэферэнцыйнай папраўкі ў памеры 15%. Такая папраўка прадугледжаная заканадаўствам для беларускіх вытворцаў, а таксама вытворцаў з краін, якім надаецца нацыянальны рэжым. Пры гэтым кампаніі, якія прапаноўвалі камп'ютары з КНР, нярэдка проста не дапускаліся да канкурэнтных працэдур.

«Як паказаў маніторынг, асобныя ўдзельнікі, якія прапаноўвалі тавары замежнай вытворчасці (Кітай), прайгралі альбо першапачаткова не былі дапушчаныя да таргоў, паколькі па пастанове Саўміна ад 17 сакавіка 2016 года «аб допуску тавараў замежнага паходжання і пастаўшчыкоў, якія прапануюць такія тавары, да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак» пры наяўнасці дзвюх і больш прапаноў тавараў з Беларусі, а таксама Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі, іншыя ўдзельнікі да таргоў не дапускаюцца», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

У якасці прыкладу пракуроры прыводзяць неназваную кампанію, якая выйграла таргі за кошт прэферэнцыйнай папраўкі, прапанаваўшы «беларускія ноўтбукі», якія такімі лічыцца не маглі.

Паведамляецца, што кампанія пастаўшчыка забяспечвала замежныя платформы ноўтбукаў некалькімі дадатковымі платамі памяці (таксама замежнай вытворчасці) пад патрэбы заказчыка. Пры гэтым не выконваліся крытэрыі дастатковай перапрацоўкі замежнай прадукцыі для таго, каб даўкамплектаваныя ноўтбукі адносіліся да прадукцыі ўласнай вытворчасці, то-бок беларускай.

«Такія несумленныя паводзіны ўдзельніка таргоў пацягнулі залішняе расходаванне сродкаў пакупнікоў, у тым ліку бюджэтных, паколькі іншыя ўдзельнікі таргоў часта прапаноўвалі больш нізкую цану. Пры гэтым яны першапачаткова заяўлялі, што ноўтбукі, нават з улікам дадатковага камплектавання ў Рэспубліцы Беларусь, з'яўляюцца прадукцыяй замежнай вытворчасці», — адзначылі ў Генпракуратуры.

Па выніках маніторынгу кампанія-пераможца вярнула пакупнікам сумы пераплат. Грошы пералічаныя ў бюджэт. Ініцыяваныя антыманапольнае расследаванне і праверка на прадмет наяўнасці ў дзеяннях работнікаў кампаніі злачынстваў. Генпракуратура прапанавала Саўміну скарэктаваць пастановы, якія рэгулююць правядзенне дзяржзакупак, паведамляе Генпракуратура.

Клас
0
Панылы сорам
8
Ха-ха
35
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0