Меркаванае месца ўдару ў Кабуле, балкон пасля гэтага прыкрылі

Меркаванае месца ўдару ў Кабуле, балкон пасля гэтага прыкрылі

У 06:18 па мясцовым часе (01:38 паводле Грынвіча) дзве ракеты ўрэзаліся ў балкон, забіўшы 71-гадовага Завахіры. Яго жонка і дачка, якія знаходзіліся ў памяшканні, не пацярпелі. Падобна, пашкоджаны быў толькі балкон.

Як можна было нанесці такі дакладны ўдар? У мінулым ЗША не раз падвяргаліся крытыцы за памылкі навядзення, калі ў выніку ўдараў беспілотнікаў або ракет гінулі мірныя жыхары.

Менавіта ў гэтым выпадку дапамаглі стараннае вывучэнне звычак Завахіры і адмысловы тып ракеты, ужыты пры ўдары. І гэты ўдар можа аказацца не апошнім, піша BBC.

Хірургічная дакладнасць

Ключ да такога дакладнага ўдару — ракета Hellfire, запушчаная з дрона. Гэтая ракета класа «паветра-зямля» стала неад'емнай часткай антытэрарыстычных аперацый ЗША за мяжой пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года.

Ракету можна запускаць з розных платформаў — з верталётаў, самалётаў, наземных установак і караблёў — ці, як у выпадку Завахіры, з беспілотнага лятальнага апарата.

Лічыцца, што ЗША выкарыстоўвалі Hellfire для ліквідацыі іранскага генерала Касема Сулеймані ў Багдадзе на пачатку 2020 года і брытанскага баевіка «Ісламскай дзяржавы» па мянушцы «Джыхадыст Джон» у Сірыі ў 2015 годзе.

Адна з галоўных прычын, па якой амерыканскія вайскоўцы гэтак шырока прымяняюць Hellfire, гэта дакладнасць ракеты.

Калі яна запускаецца з беспілотніка, аператар, які часам сядзіць у пакоі кіравання з кандыцыянерам дзесьці ў кантынентальнай частцы ЗША, бачыць цэль ў рэжыме рэальнага часу: датчыкі камеры беспілотніка перадаюць праз спадарожнік відэастрым.

Выкарыстоўваючы прыцэл на экране, аператар камеры можа «зафіксаваць» цэль і накіраваць на яе лазер. Пасля запуску ракета ідзе за лазерным променем, пакуль не трапіць у цэль.

Каб звесці да мінімуму рызыку ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, для аператараў дронаў распрацаваныя дакладныя працэдуры, якіх яны абавязаныя прытрымлівацца. Амерыканскія вайскоўцы і супрацоўнікі ЦРУ звярталіся да вайсковых юрыстаў для кансультацый перад тым, як аддаць загад адкрыць агонь.

Прафесар Уільям Бэнкс, эксперт па кропкавых ударах і заснавальнік Інстытута палітыкі і права бяспекі Сіракузскага ўніверсітэта, кажа, што чыноўнікам даводзіцца супастаўляць рызыку гібелі цывільных асоб з каштоўнасцю цэлі.

Паводле яго слоў, удар, які ўвянчаўся гібеллю Завахіры, выглядае «як узорнае прымяненне» гэтага працэсу.

«Падобна, што ў гэтым выпадку яны былі вельмі асцярожныя і абачлівыя, каб знайсці яго ў такім месцы і ў такі час, калі можна было нанесці ўдар па ім і не прычыніць шкоды нікому іншаму», — лічыць прафесар Бэнкс.

Акрамя таго, мяркуецца, хоць гэта не пацверджана, што для ўдару па Завахіры ЗША выкарыстоўвалі малавядомую версію Hellfire — R9X, якая не нясе выбухоўкі, а замест гэтага раскрывае шэсць лёзаў, якія паражаюць цэль за кошт кінетычнай энергіі самога снарада.

Па паведамленнях, менавіта R9X Hellfire у 2017 годзе ў Сірыі стала прычынай гібелі іншага лідара «Аль-Каіды» і аднаго з намеснікаў Завахіры Абу Хайра аль-Масры. 

Фатаграфіі яго аўтамабіля, зробленыя пасля ўдару, паказалі, што ракета зрабіла дзірку ў даху і разарвала пасажыраў. Ніякіх прыкметаў выбуху ці якіх-небудзь іншых пашкоджанняў аўтамабіля на здымках не было.

Шкодная звычка

Якія менавіта разведвальныя даныя амерыканцы сабралі перад нанясеннем удару па Кабуле, пакуль дакладна не вядома.

Аднак пасля нападу афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што ў іх было дастаткова звестак, каб адсачыць лад жыцця Завахіры ў яго доме, у прыватнасці, яго звычку выходзіць на балкон.

Па ўсёй бачнасці, амерыканскія шпіёны сачылі за домам тыднямі, а то і месяцамі.

Марк Палімеропулас, былы высокапастаўлены супрацоўнік ЦРУ, распавёў «Бі-бі-сі», што, верагодна,

перад ударам выкарыстоўваліся розныя метады разведкі, у тым ліку вонкавае назіранне і перахоп электронных камунікацый. Можна таксама меркаваць, што назіранне за домам Завахіры вялося і з паветра — з беспілотнікаў ці самалётаў, — так што яго насельнікі нічога не бачылі і не чулі на працягу многіх месяцаў.

«Патрабуецца амаль стопрацэнтная ўпэўненасць, што гэта менавіта той чалавек, і ўдар не павінен прывесці да спадарожных ахвяр або пашкоджанняў, — кажа Палімеропулас. — Для гэтага патрэбнае цярпенне».

Палімеропулас дадаў, што для ўдару па Завахіры разведвальнай супольнасці ЗША спатрэбіўся вопыт у адсочванні членаў «Аль-Каіды» і іншых тэрарыстычных мішэняў.

«Нам у гэтым няма роўных. Гэта тое, у чым урад ЗША больш як за 20 гадоў атрымаў значны поспех, — сказаў ён. — І таму амерыканцы могуць адчуваць сябе значна больш бяспечна».

Аднак аперацыі ЗША падобнага кшталту не заўсёды ідуць па плане. 29 жніўня 2021 года ў выніку ўдару беспілотніка па аўтамабілі мясцовых членаў «Ісламскай дзяржавы» ля кабульскага аэрапорта загінулі 10 мірных грамадзян. Пасля Пентагон прызнаў, што была дапушчаная «трагічная памылка».

Біл Роджа, старшы навуковы супрацоўнік Фонду абароны дэмакратый, які шмат гадоў адсочвае ўдары амерыканскіх беспілотнікаў, лічыць, што ўдар па Завахіры, верагодна, быў нашмат складанейшы, чым папярэднія падобныя дыстанцыйныя аперацыі, з улікам таго, што ў амерыканцаў у горадзе практычна не засталося ні дыпламатаў, ні разведчыкаў.

Напрыклад, у мінулым удары беспілотнікаў па найбліжэйшым Пакістане наносіліся з Афганістана, а ўдары па Сірыі — з сяброўскай тэрыторыі ў Ірака.

«[У тых месцах] ЗША было нашмат прасцей дабрацца да гэтых раёнаў. У іх былі агенты на зямлі. Гэты ўдар значна складанейшы, — кажа ён. — Гэта першы ўдар па «Аль-Каідзе» ці «Ісламскай дзяржаве» ў Афганістане пасля сыходу ЗША. Гэта нетрывіяльная з'ява».

Як працуюць снарады SMArt, якія даюць Украіне вялікую перавагу ВІДЭА

ЗША паставяць Украіне ракетныя сістэмы HIMARS. Чым яны адметныя

Клас
64
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
11
Сумна
2
Абуральна
6