Фота: БелТА
«Мы разумеем, што вялікія аб'ёмы трэба перавальваць. Гэта тычыцца ўсіх відаў грузаў: і мінеральныя ўгнаенні, і лясныя грузы, накатныя грузы, кантэйнерныя перавозкі, — сказаў Раман Галоўчанка. — Таму былі прадстаўленыя некалькі адпрацаваных варыянтаў далейшага развіцця ўласных магутнасцяў. Па адным з іх рашэнне прынятае, яно будзе рэалізаванае ў самы бліжэйшы час. Гэта Паўночна-заходні рэгіён Расійскай Федэрацыі».
У той жа час падрабязнасці, у якім порце, як доўга будзе рэалізоўвацца праект і ў колькі ён абыдзецца Беларусі, прэм'ер-міністр пакуль не стаў раскрываць.
«Давайце мы закрыем здзелку і пасля гэтага ўжо раскрыем усе карты, дзе будзе гэтая кропка, — растлумачыў ён. — Але праект запрацуе ўжо ў самы бліжэйшы час. Да канца гэтага года дакладна».
Што тычыцца дадатковых лакацый, гэтыя варыянты будуць прапрацаваныя дадаткова з пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці і неабходных укладанняў. «Там неабходны большы памер укладанняў у інфраструктуру, таму трэба паглядзець, як ва ўмовах цяперашніх рэалій гэта будзе адбівацца на эканоміцы», — сказаў Раман Галоўчанка.
Ён расказаў, што Беларусь цяпер супрацоўнічае з дзевяццю расійскімі партамі на розных морах. Прычым, па яго словах, для краіны дзейнічаюць асаблівыя тарыфы, узаемавыгадныя для абодвух бакоў.
«Калі ў мінулым годзе мы праз парты Расіі везлі нуль цэлых і нейкую дзясятую нашых аб'ёмаў, то ўжо цяпер па выніках шасці месяцаў мы дадаткова далі ў расійскія парты парадку двух мільёнаў тон розных грузаў. Гэта добрая прыбаўка і для расійскіх грузаадправіцеляў. Таму рухаемся далей у гэтым кірунку», — дадаў кіраўнік урада.
Чытайце таксама:
Лукашэнка пра «адцісканне» долі ў Клайпедзе: Гэта не павінна прайсці беспакарана





