«Мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета» — адзін з лозунгаў пратэстаў, якія пракаціліся па ўсёй Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.
Спазнаванне адно аднаго, адчуванне прыналежнасці да супольнасці па-за межамі сям'і або прафесійнага кола — новае яркае пачуццё, якое да гэтага не ахоплівала шырокія масы. Часта людзі, якія жывуць у гарадах, адасобленыя адно ад аднаго. Ці ведаеце вы імёны сваіх суседзяў? Мабыць, у Беларусі да нядаўняй пары адказ быў бы: «Не».
Дваровы рух стаў значнай з'явай 2020 года ў Беларусі. Сотні тысяч людзей, якія выходзілі як адно цэлае на гарадскія маршы і мітынгі, вярталіся ў свае «спальнікі» і працягвалі актыўнасць там праз знаёмствы са сваімі суседзямі.
Плошча перамен, або, як называюць яе самі жыхары, ПП — толькі адзін з прыкладаў дваровага актывізму. Аднак з гісторыі супраціву жыхароў і іх мужнай барацьбы за свой мурал, за сваіх сяброў і сваю супольнасць вымалёўваецца карціна больш маштабнага канфлікту — каштоўнасцей, поглядаў і сацыяльных груп», — пішуць стваральнікі сайта на ягонай першай старонцы.
Адносна мэты гэтага праекта яны адзначаюць:
«Усё часцей афіцыйныя асобы і дзяржаўныя СМІ спрабуюць сказіць нядаўняе мінулае, у тым ліку гісторыю «паўсталага мінскага дворыка». Мы стварылі гэты праект, каб захаваць храналогію падзей, імёны смелых герояў і гераінь Плошчы перамен. Наша каманда імкнецца прадухіліць перапісванне гісторыі людзьмі, якія незаконна захапілі ўладу летам 2020 года».
На сайце можна знайсці відэа і фатаграфіі жыцця дваровай супольнасці, успаміны жыхароў ПП, асобныя раздзелы прысвечаныя Раману Бандарэнку і Сцяпану Латыпаву.
Ініцыятар праекта — фатограф Яўген Атцецкі, які сам з’яўляецца жыхаром Плошчы Перамен. Яўген здымаў гісторыю двара, будучы ўнутры пратэснага руху, на працягу многіх месяцаў. Толькі ў 2021 годзе ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
За тэксты, размешчаныя на сайце, адказвала Алеся Песенка, візуальная рэдактура — Маня Хмель, дызайн — Zorka. Сайт даступны на чатырох мовах: рускай, беларускай, ангельскай і польскай, і ажыццявіцца гэтаму дапамаглі Валерыя Хоціна, Крысціна Бандурына, Вольга Бубіч, Наталля Русецкая.
Стварэнне сайту стала магчымым і праз удзел Free Belarus Center, IMS (International Media Support), Instytut Pileckiego.
Каманда адзначае, што ўсё ж цалкам праект пра Плошчу Перамен складаецца з трох частак: сайта, фотакнігі і выстаў.
«Сайт — гэта ў першую чэргу аўтарскі голас, спроба сістэматызаваць і апісаць падзеі. Фотакніга — гэта асабістыя ўспаміны і храналогія. Праект пабудаваны такім чынам, каб сайт і фотакніга дапаўнялі адно аднаго», — тлумачыць адметнасці кожнай часткі Яўген Атцецкі.
На старонцы ёсць магчымасць замовіць кнігу «Плошча Перамен» — яна даступная на платформе Кікстартэр да 16 жніўня.





