«Вялікай папулярнасцю карысталася ідэя сілавога зрынання кіроўнага рэжыму ў Беларусі.

Адказам на гэты запыт палітызаванай грамадскасці стала з'яўленне ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, створаным Святланай Ціханоўскай, двух сілавікоў (з чатырох чальцоў). Асабліва вялікі рэзананс выклікала прызначэнне адказным за абарону былога вайскоўца, падпалкоўніка Валерыя Сахашчыка, які набраў у апошні час папулярнасць.

Відавочна, што стаўка на сілу стала сёння дамінантным трэндам у апазіцыйным асяроддзі. І прычына гэтай з'явы зразумелая.

Мірныя спосабы ўплыву на змены ў краіне не працуюць і іх проста немагчыма прымяніць. Усе легальныя механізмы палітычнай барацьбы ліквідавалі. Улады проста не пакідаюць грамадству іншых варыянтаў.

Таксама гэта рэакцыя на масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія не спыняюцца, а набываюць новыя рысы. Адчай, несправядлівасць, бяссілле перад беззаконнем зусім натуральна спараджаюць прагу помсты. І гэтая жорсткасць нарастае з абодвух палітычных флангаў. Такое прадчуванне грамадзянскай вайны.

Прычым культ сілавога сцэнарыя арыентаваны не толькі ў будучыню, але і ў мінуўшчыну, у 2020 год. У сацыяльных сетках стала папулярнай выснова, што, маўляў, тактыка мірнага пратэсту была памылкай.

Яшчэ адна прычына такіх настрояў палягае ў тым, што ў 2020 годзе ў палітычнае жыццё ўступіла значная частка людзей, якія раней палітыкай не цікавіліся. Яны дрэнна разумеюць прыроду палітычных працэсаў і лёгка паддаюцца на сцэнарыя простых рашэнняў складаных праблем. Такім простым рашэннем ім здаецца сілавое зрынанне рэжыму Лукашэнкі.

Нарэшце, вайна ва Украіне павысіла попыт на сілавыя спосабы барацьбы. А з'яўленне ва ўкраінскіх узброеных сілах падраздзяленняў беларускіх добраахвотнікаў увогуле выклікала эйфарыю ў палітызаванай часткі апазіцыйнага электарату.

Энтузіязм прыхільнікаў сілавога сцэнарыя трохі здзіўляе. Маўляў, вось, нарэшце знайшлі чароўную палачку, панацэю — і рэжым будзе зрынуты.

Паколькі будучыня нікому не вядомая, то нельга выключаць ніводнага варыянту. Усё магчыма. Аднак у гэтым відавочным акцэнце на сілавыя спосабы барацьбы ёсць і негатыўны бок.

Па-першае, гэта ўтапічнасць самой ідэі сілавога зрынання ўлады Лукашэнкі ў сучасных беларускіх умовах. У палітыцы няма нічога больш небяспечнага, чым ілюзіі. Размовы аб стварэнні нейкага беларускага войска за межамі краіны — гэта несур’ёзна.

Па-другое, мілітарысцкая рыторыка адпудзіць ад апазіцыі значную частку публікі, якая раней ёй спачувала. Народ баіцца грамадзянскай вайны, гэта натуральны інстынкт самазахавання. І, выбіраючы паміж грамадзянскай вайной і рэжымам Лукашэнкі, большасць беларусаў, пэўна, выбера лукашэнкаўскую дыктатуру.

Па-трэцяе, такія размовы дапамагаюць уладзе развянчаць ідэю мірнага пратэсту. Галоўны канструкт дзяржаўнай прапаганды цягам двух гадоў палягае ў тым, што ў 2020 годзе была спроба гвалтоўнага мяцяжу. Па БТ увесь час паказваюць карцінкі нейкіх эпізодаў сілавога сутыкнення дэманстрантаў з АМАПам, падрабязна асвятляюць судовыя працэсы, у якіх людзей абвінавачваюць у гвалце («тэрарыстычная група Аўтуховіча», «змова» Зянковіча, Фядуты і інш.). А тут і выдумляць нічога не трэба: бяры і паказвай фрагменты Віленскай канферэнцыі з развагамі пра грамадзянскую вайну, гвалтоўнае зрынанне рэжыму. Гэта ўзмоцніць жорсткасць рэпрэсій, суды пачнуць выносіць смяротныя прысуды.

Па-чацвёртае, стаўка на сілу ставіць у няёмкае становішча заходніх партнёраў. Адна справа — дапамагаць імкненню беларускага народу да свабоды ў рамках дэмакратычных механізмаў, і зусім іншая — падтрымліваць сілавы варыянт прыходу апазіцыі да ўлады. Гэта дрэнна спалучаецца з еўрапейскімі каштоўнасцямі і ўяўленнямі аб дэмакратыі.

Клас
33
Панылы сорам
50
Ха-ха
8
Ого
8
Сумна
6
Абуральна
15